
Успамінаючы ў літургіі св. Яна Хрызастома (Залатавуснага), які жыў у IV - V стст., хрысціяне дзякуюць Богу за гэтага чалавека, бліскучага прапаведніка, Айца Касцёла, вялікага праведніка. Папануем вашай увазе казанне св. Яна Хрызастома.
Малітва і размова з Богам — гэта найвялікшае дабро, бо гэта супольнасць і еднасць з Богам. Як цялесныя вочы, гледзячы на святло, асвятляюцца, так і дух, заглыблены ў Богу, зведвае асвятленне Ягоным невыказным святлом.
Тут гаворыцца пра малітву, якая не з’яўляецца звычкай, але выходзіць з душы; пра малітву, якая не прадпісваецца на акрэсленыя гадзіны, але няспынна працягваецца ўдзень і ўначы.
Наш дух павінен быць звернуты да Бога не толькі падчас малітоўнага засяроджання, але і тады, калі мы занятыя якімі-небудзь абавязкамі, апекай над беднымі, іншымі клопатамі ці карыснымі дабрачыннымі справамі. Тады нашыя думкі і жаданні таксама павінны спалучацца з Богам, каб тое, што робім, было прыпраўлена соллю Божай любові, дзякуючы якой магло б стаць прыемным спажыткам для Пана сусвету. Калі мы ўдзелім такой малітве шмат часу, то ўсё жыццё будзем чэрпаць узнагароду, якая вынікае з яе.
Малітва — гэта святло душы, сапраўднае пазнанне Бога. Яна пасрэдніца паміж Богам і людзьмі. Чалавечы дух, узнесены малітвай, дасягае нябеснай вышыні і ахоплівае Бога ў невыказных абдымках, прагнучы боскага малака, як дзіця, што кліча плачам сваю маці; ён выказвае свае жаданні і атрымлівае дары непараўнальна лепшыя за ўсякую бачную рэчаіснасць.
Малітва, як годная пашаны пасрэдніца перад Богам, радуе чалавечы дух і заспакойвае яго ўзрушэнні. Аднак не думай, што малітва, пра якую кажу, заключаецца ў словах.
Малітва — гэта жаданне, скіраванае да Бога; гэта невымоўная любоў, што паходзіць не ад чалавека, але выклікана Божай ласкай, пра якую кажа Апостал: «Мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (пар. Рым 8, 26).
Калі Бог адорвае некага такой малітвай, той мае неад’емнае багацце і нябесны спажытак, які насычае душу. Хто яго пакаштуе, таго Пан запаліць вечным жаданнем, як самым гарачым агнём, які будзе паліць яго дух.
Здзяйсняючы малітву са шчырасцю, упрыгожвай свой дом умеркаванасцю і пакорай, рабі, каб ён заззяў святлом справядлівасці. Як золатам, упрыгожвай яго добрымі ўчынкамі, а замест муроў і камянёў аздабляй верай і велікадушнасцю. Акрамя ўсяго гэтага, няхай малітва ўзносіцца як вянец будоўлі дому, які ты рыхтуеш для Пана. У гэтым цудоўным каралеўскім доме ты прымеш Пана, вобраз якога ты ўжо маеш у святыні сваёй душы дзякуючы Яго ласцы.
Ян Хрызастом (Залатавусны)
Друкуецца паводле: «Літургія гадзінаў. Паводле рымскага абраду. ІІІ том. Звычайны перыяд. І-XVII тыдзень / Пер. на бел. мову Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ. - Мінск, 2015»