Справаздача д'ябла

Сцэнка «Справаздача д'ябла», напісаная ў духу «Лістоў Баламута» Клайва Стэйплза Льюіса, надрукавана ў каталіцкіх, а таксама жаночых часопісах, яна шырока выкарыстоўваецца на парафіяльных сустрэчах і ў жаночых клубах, натхняючы на разважанні над важнымі праблемамі сучаснага жыцця.


 Д’ябал-шэф, адзеты ў чорнае і ў пінжаку, сядзіць за пісьмовым сталом; спачатку ў добрым гуморы.

Асцярожна ўваходзіць малады д’ябал (з ніжэйшых чыноў), адзеты ў цёмна-шэрае і чорнае.

Шэф: Ну-у, нуль-восем-пятнаццаць, што вы можаце сказаць пра Зямлю? 

0815: Дакладаю: распад сем’яў паспяхова працягваецца. Доля разводаў высокая, сужэнстваў — нізкая. Магу з гонарам паведаміць, што колькасць  людзей, якія жывуць самотна, дасягнула новага піку.

Шэф (прыхільна): Прыемна гэта чуць. Значыць, можам і далей распрацоўваць лінію ізаляванасці, потым на гэтым можна будзе будаваць адчай…

0815 (асцярожна, нерашуча): Так, але... 

Шэф (раздражнёна, насцярожана): Што але?

0815: Справа ў тым, што людзі там заводзяць так званае сяброўства… Некаторыя нават абменьваюцца ў знак сяброўства плеценымі бранзалетамі, фенечкамі... Я ўжо таксама думаў пра тое, каб падарыць такую фенечку нумару нуль-восем-шаснаццаць... Проста мы так выдатна разумеем адно аднаго…

Шэф (не ведае ці не хоча ведаць; недаверліва): Сяброўства??

0815 (памалу, пералічваючы; падчас гэтага пераліку Шэф з кожным словам усё больш незадаволена круціць галавою, цярэбіць вушы, крывіцца): Так. Пры такім сяброўстве найчасцей двое, але часам тры-чатыры чалавекі стараюцца заўсёды быць разам, да таго ж яны ахвотна бываюць разам. Часта гэта жанчыны. Такія людзі разам нечым займаюцца, яны шмат смяюцца, шмат гавораць, яны распавядаюць адно аднаму пра свае клопаты і праблемы, пра свае прыемныя ўражанні — пра ўсё. І яны нават слухаюць пры гэтым одно аднаго! Так, яны суцяшаюць і падбадзёрваюць адно аднаго і разам радуюцца… 

Шэф (стогне): О-о… не-е… Але хіба ж нельга неяк прадухіляць магчымасць таго, што людзі ў канцы жыцця яшчэ будуць адкрытыя для прапанаванага ім сяброўства адтуль, «з вышыняў»?

0815: Ну-у… На жаль, не… Не заўсёды… І тут яшчэ існуе адна жахлівая праблема з гэтым сяброўствам… (Шэптам, але вельмі выразна, страсна). Людзі пры гэтым могуць быць самімі сабой!.. Без нейкіх масак, без крыўляння, не стараючыся адпавядаць таму, чаго чакаюць ад іх іншыя. Яны адчуваюць сябе ў такім сяброўстве цалкам прынятымі, з усёй сваёй індывідуальнасцю, з усімі дзівацтвамі.

Шэф (ударае далонню па стале): Тысяча д’яблаў, з мяне ўжо даволі!.. А што вы прадпрынялі супраць гэтага??

0815: Я… я рассяваў здзекі і крыўды…

Шэф: І?..

0815 (баязліва, апусціўшы галаву): Гэта амаль што не дзейнічае, пры добрым сяброўстве — зусім не дзейнічае. Яны трымаюцца разам…

Шэф (зноў ударае далонню па стале; потым заскоквае на яго падчас  сваёй мовы): Добрыя сяброўствы! Цьфу! Такія трэба душыць у самым зародку! У зародку! Ты гэта разумееш?

0815: Так, але ж, як…

Шэф: Ах, дылетанты! Усе — дылетанты! Няўжо ўсё тут трэба рабіць самому?.. Так, запісвай… Першы пункт: Недахоп часу… Вы гэта робіце? Вы павінны клапаціцца пра тое, каб людзі не мелі часу!

0815 (выцягвае з кішэні паперу і запісвае; бармоча сабе пад носам, паўтараючы самыя важныя словы): …недахоп часу… Так, але ж цяпер, калі так шмат розных прыладаў і машын, у людзей стала больш часу…

Шэф (крыху раздражнёна): А для чаго ж тады мы далі людзям усе гэтыя камп’ютары і тэлевізары? Вы што, нуль-восем-пятнаццаць, прапускалі заняткі ў асноўным курсе? Нядаўна я запусціў на аўстрыйскім тэлебачанні новы серыял «Форштадвайбер»… а на расійскім — «Зайцаў +1». Серыялы заўсёды маюць поспех, нават зусім пустыя... Дык вось, недахоп часу — гэта вельмі важна! Тады няма часу для Бога!.. І яшчэ адна мая геніяльная ідэя — сацыяльныя сеткі: заставацца ў самотнасці і нягледзячы на гэта мець магчымасць ствараць шмат «сяброўскіх» адносін… проста геніяльна. Уяві толькі, пачынаюцца спаборніцтвы сапраўды на сусветным узроўні: у каго будзе больш «сяброў». І сяброў ужо можна не мець, дастаткова іх проста «дадаць».

0815: (запісвае) …камп’ютар, тэлевізар, сацыяльныя сеткі…

Шэф: Так, а цяпер пункт два: Перфекцыянізм — толькі тое, што зроблена дасканала, мае вартасць. Калі вы зможаце трывала ўкараніць гэтую хлусню ў людзях, то вы ўжо выйгралі амаль усё. Паўтараю, усё!! Сяброўства таксама можна гэтым задушыць: па-першае, тады ў людзей мала часу, бо ім жа патрэбны ідэальнае цела, ідэальны дом, ідэальная праца і гэтак далей; і па-другое, тады яны пастаянна шукаюць ідэальнага сяброўства, а яго няма… Уяві, калі сяброўка ўвесь час хоча гаварыць пра сваіх су-у-упер-дзяцей, альбо што яе муж тупіца, альбо што ёй хочацца чатыры разы на тыдзень хадзіць на заняткі па валенні, альбо што ў яе заўсёды ўсё ідзе «цудоўна»… то іншы не заўсёды ідэальна будзе паводзіць сябе з такой магчымай сяброўкай. (Пацірае рукі, цешыцца). Усё запісалі?

0815: …перфекцыянізм… Так. А што трэба рабіць, калі ўжо склаліся добрыя сяброўскія адносіны?

Шэф: Ну, праявіце ж, нарэшце, крэатыўнасць! Як вы самі думаеце?

0815: Зайздрасць?

(Шэф на кожную прапанову гыркае, пагардліва адмахваючыся).

0815: Рэўнасць?

0815: Пачуццё непаўнавартасці?.. Няўпэўненасць у сабе?.. Пыха, ганарыстасць?

Шэф: Вынікі. Усё гэта вынікі, а нам патрэбна прычына!! (0815 бездапаможна патрасае галавою, запытальна ківае). Прычына — у параўнанні

0815 (старанна запісвае) …параўнанне...

Шэф: Вы павінны падвесці чалавека да таго, каб ён параўноўваў сябе з так званай сяброўкай ці так званым сябрам… (да публікі) У асобных выпадках трэба займацца таксама сяброўскімі адносінамі паміж мужчынамі. (Зноў дыктуе нумару 0815). У параўнанні караніцца больш негатыўных пачуццяў, чым (крыху пагардліва) вы ўвогуле ведаеце. Тут людзі праяўляюць сваю ўласную крэатыўнасць! Калі параўнанне скіравана «знізу ўверх», узнікаюць такія выдатныя пачуцці, як зайздрасць, рэўнасць, комплексы непаўнавартасці. І тады дастаткова толькі падлавіць момант, калі іншыя зробяць нешта дрэннае і запусціць у свет тыя ці іншыя чуткі. (Амаль у захапленні). Таксама ідэю «я занадта дрэнны, каб звяртацца да Бога» людзі распрацавалі цалкам самі! Сапраўды крэатыўна! І наадварот: калі пры параўнанні нешта бачыцца лепшым, чым у іншых, то ўзнікаюць ганарыстасць і высакамер’е… У кожным выпадку гэта забівае сяброўства. Запісалі?

0815 (запісваючы): Зайздрасць, пачуццё непаўнавартасці, рэўнасць, чуткі, ганарыстасць, пыха…

Шэф: Так, цяпер рэзюміруем… Яшчэ раз: якія тры асноўныя пункты?

0815 (чытае па паперцы): Недахоп часу… перфекцыянізм… параўнанне сябе з іншымі…

Шэф: Усё правільна. А цяпер ідзіце і навядзіце парадак у гэтай справе! Я больш не хачу чуць пра добрыя сяброўствы! Смеху варта! 

0815 паспешліва засоўвае ў кішэню сваю паперку і выходзіць.

Шэф (крычыць яму ўслед): І ў дадатак да ўсяго рассявайце няўдзячнасць! Як мага больш няўдзячнасці!!

0815 (з-за дзвярэй, здалёк):  Так, няўдзячнасць! Дзякуй, шэф! Дзякуй, вялікі дзякуй!

Шэф (ажно страсянуўся; з пагараю, да публікі): Дылетант!

 


Ірэна Эдтмайер  аўстрыйская аўтарка, маці 4 дзяцей

Пераклад з нямецкай І. Бурак

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней