Дваццаць шостая звычайная нядзеля, год С (25.09.2016)
Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. І сабакі прыходзілі, і лізалі струпы ягоныя.
Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым”. Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”.
Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх”. А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”. Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».
(Лк 16, 19–31)
«Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты…»
Сёння праўда пра пекла, на жаль, не належыць да папулярных тэмаў у большасці прапаведнікаў, якія лічаць, што яна палохае вернікаў і адштурхоўвае іх ад хрысціянства. Маўляў, трэба прамаўляць да людзей «пазітыўна», падкрэсліваючы Божую любоў і прабачэнне. Аднак, як паказвае жыццё, у выніку такога падыходу да хрысціянскага навучання многія вернікі перакананыя ў амаль што непазбежнасці збаўлення: «Калі Бог — гэта любоў, то Ён проста “абавязаны” збавіць усіх!». Хрысціянскія маральныя прынцыпы пачынаюць інтэрпрэтаваць даволі свабодна, у духу лаіцызаванага свету, а той усталёўвае свае нормы, якія далёка не заўжды адпавядаюць Божым запаведзям. Паняцце граху размываецца і становіцца хутчэй катэгорыяй свецкага заканадаўства, чым Божых запаведзяў: «Не забіў, не ўкраў — значыць ужо амаль святы» (яшчэ асобнае пытанне — што ўкладаецца ў гэтыя паняцці!).
Тым не менш, Святое Пісанне не дае ніякіх падставаў для такога разумення Божай любові! Нельга ігнараваць навуку самога Пана Езуса, прадстаўленую хаця б на прыкладзе прыпавесці пра багатага чалавека і Лазара. Заўважым толькі, што багацей пакутуе ў пекле не за нейкія крымінальныя злачынствы, а за зямное жыццё, якое ён бавіў у раскошы, застаючыся абыякавым да бяды іншага чалавека.
Гэта прычына задумацца для многіх, хто любым коштам імкнецца задаволіць свае высокія патрабаванні да ўзроўню жыцця, прычына паразважаць, ці не перавышаюцца нашыя рэальныя патрэбы і ці не адварочваемся мы часам ад патрэбаў іншых людзей, паляпшаючы ўласны дабрабыт. Нельга апраўдаць сябе тым, што ты аддаеш бяднейшым яшчэ якасныя, але самому табе ўжо непатрэбныя рэчы, у адрозненне ад тых, хто наогул выкідае іх на сметнік. Дзяліцца лішнім — гэта не міласціна, гэта выкананне нормаў справядлівасці. Варта таксама запытаць сваё сумленне, ці не здабываюцца тыя, як кажуць, «кроўныя» грошы крывёю іншых людзей праз злоўжыванне пасадаю, завышэнне адсоткаў, спекуляванне і г.д.? Бога не падманеш, і з усяго трэба будзе рабіць справаздачу.
З іншага боку, беднасць сама па сабе не гарантуе райскага шчасця пасля смерці, асабліва калі яна — вынік гультайства, марнатраўства, нядбайнасці або залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў ці азартных гульняў. Прыгадайма, што Лазар з прыпавесці быў хворы і не мог інакш, як жабраваннем, здабыць сабе ежу. Таму асаблівая, можна сказаць, падвойная адказнасць перад Богам ляжыць на тых, хто праз ашуканства і маніпуляванне пачуццямі злоўжывае шчодрасцю або спачуваннем спагадлівых людзей. Праз гэта сеецца недавер да ўсіх, хто просіць дапамогі, адны пазбаўляюцца неабходнай падтрымкі, а іншыя — заслугі перад Богам, даходзіць нават да граху неміласэрнасці.
Але ж менавіта міласэрнасць — гэта тое, што дазваляе нам удзельнічаць у Божай любові. Уменне і жаданне ўвайсці ў сітуацыю бліжняга, не застацца абыякавым вартыя больш за дробныя грошы, кінутыя «у капялюш» для заспакаення ўласнага сумлення, бо гэта патрабуе значнага духоўнага, фізічнага і матэрыяльнага высілку. Інакш кажучы, гэтым самым мы «аддаём сваё жыццё за сяброў», што, як вучыць Пан Езус, з’яўляецца выразам найвышэйшай любові, якая адчыняе брамы неба, закрываючы шмат грахоў і аддаляючы пекла.
Аднак, каб увайсці ў гэтыя нябесныя брамы, нельга супакойвацца сваімі добрымі ўчынкамі, а трэба яшчэ руплівей працягваць чыніць іх, з дапамогаю Божай ласкі ператвараючы гэтыя ўчынкі ў цноту, гэта значыць — у жыццёвую неабходнасць, якая не пакіне месца для граху і навучыць нас зямнымі дабротамі здабываць нябесныя скарбы.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP