
Праблема штучнага перарывання цяжарнасці і яго легалізацыі ці забароны на прававым узроўні, асабліва апошнім часам, стала тэмаю гарачых дыскусій у розных колах грамадства, як мы бачым, напрыклад, у суседняй Польшчы.
Гэтыя дыскусіі, верагодна, былі б менш сур’ёзнымі, калі б не ішла гаворка пра чалавечае жыццё — фундаментальную каштоўнасць, якую людзі павінны абараняць і развіваць. Усе гэта разумеюць, многія нават імкнуцца служыць гэтай мэце, але ў сваіх аргументах на карысць жыцця і здароўя жынчыны часам ідуць супраць здаровага сэнсу, у тым ліку, праз абарону абортаў, даводзячы права жанчыны на свабодны выбар, і, такім чынам, права на пазбаўленне жыцця іншага чалавека. У беларускай медыйнай прасторы акурат «аргумент» аб праве жанчыны на распараджэнне ўласным целам стаў найбольш папулярным. З іншага боку, радуе, што ў СМІ прысутнічае пазітыўны погляд на бацькоўства.
У цыкле артыкулаў «Маральна-псіхалагічныя аспекты аборту», падрыхтаваных выпускніцаю Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля Ганнаю Качалкаю, будзе звернута ўвага на вызначэнне паняцця аборту, пазіцыю Каталіцкага Касцёла адносна штучнага перарывання цяжарнасці, а таксама будзе прааналізавана з’ява постабортнага сіндрому і яго сімптомы.
ДА ПЫТАННЯ АБ ПРЫРОДЗЕ МАРАЛЬНАСЦІ ЎЧЫНКУ
Перш чым разважаць пра маральнасць ці амаральнасць аборту, хацелася б сказаць некалькі словаў пра прыроду маральнасці, іншымі словамі, адказаць на пытанне: што робіць пэўнае дзеянне маральным ці немаральным?
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла дае такі адказ на гэтае пытанне:
«Чалавечыя дзеянні, гэта значыць дзеянні, свабодна выбраныя ў выніку суджэння сумлення, падлягаюць маральнай ацэнцы. Яны альбо добрыя, альбо дрэнныя»1.
Пры гэтым, паводле Катэхізісу, маральная ацэнка ўчынкаў залежыць ад трох элементаў:
- прадмета дзеяння (ці тое, што сабой уяўляе сам учынак),
- мэтавага прызначэння дзеяння (ці намеру, інтэнцыі),
- акалічнасцяў (ці абставінаў)2.
Такім чынам, чалавечы ўчынак з'яўляецца маральна добрым, калі прадугледжвае адначасова дабро прадмета, мэты і абставінаў. «Учынак маральна добры, калі добрымі адначасова з'яўляюцца яго прадмет, мэта і акалічнасці. Выбраны прадмет можа адзін сапсаваць усё дзеянне, нават калі намер добры. Недапушчальна здзяйсняць зло, каб з яго выйшла дабро. Дрэнная мэта можа сапсаваць дзеянне, нават калі яго прадмет сам па сабе добры. Наадварот, добрая мэта не робіць добрым дзеянне, прадмет якога дрэнны, паколькі мэта не апраўдвае сродкі. Акалічнасці могуць зменшыць ці павялічыць адказнасць таго, хто дзейнічае, але не могуць змяніць маральную якасць саміх дзеянняў, яны ніколі не могуць зрабіць добрай справу, якая сама па сабе ёсць злом»3.
У сувязі з вышэйсказаным, натуральна, узнікае пытанне: а што ёсць маральным злом і маральным дабром?
Паводле Яна Паўла ІІ, учынкі з'яўляюцца маральна добрымі тады, калі свабодна зроблены выбар знаходзіцца ў адпаведнасці з сапраўдным дабром чалавека і такім чынам выражае добраахвотнае падпарадкаванне асобы яе канчатковай мэце, гэта значыць Богу4. Як ужо вышэй было сказана, маральная ацэнка ўчынка адбываецца найперш у сумленні чалавека. Аднак не заўсёды сумленне з'яўляецца дастаткова спрактыкаваным і сфармаваным на праўдах Божага права, каб быць універсальнай і аб'ектыўнай нормай маральнасці. Таму існуе аб'ектыўнае маральнае права, якое людзі атрымалі ад Бога — Таго, хто ведае дасканальна, што ёсць для чалавека дабро, а што — зло.
«Маральны закон — гэта справа Божай мудрасці. Ён указвае чалавеку шляхі і нормы паводзінаў, якія вядуць да абяцанага шчасця, і забараняе дарогі, якія аддаляюць ад Бога»5.
Крыніцы гэтага права, а адпаведна і маральнай тэалогіі, знаходзяцца ў Святым Пісанні, Святой Традыцыі і Настаўніцкім Інстытуце Касцёла. Да чаго мы і звернемся, каб зразумець маральную ацэнку аборту з пункту гледжання маральнай тэалогіі.
ПАНЯЦЦЕ АБОРТУ
Большасць згодзіцца, што прамое забойства бязвіннага чалавечага жыцця — гэта зло і павінна быць забаронена. Аднак шмат хто пры гэтым лічыць, што аборт не з'яўляецца прамым забойствам нявіннага жыцця. Таму пытанне, чым насамрэч з'яўляецца аборт, вельмі важнае ў гэтым кантэксце. Усе адзнакі гэтай з'явы, як і іншых таксама, становяцца магчымымі толькі тады, калі мы маем зразумела акрэслены прадмет для ацэнкі.
Паняцце аборту паводле азначэнняў у слоўніках тлумачыцца наступным чынам: «Аборт — ад лац. abortio(n-), ад aboriri‘выкідыш’, ад ab- ‘ад, вон’ + oriri‘нарадзіцца’ — наўмыснае спыненне чалавечай цяжарнасці, найчасцей выконваецца на працягу першых 28 тыдняў цяжарнасці»6. Дэфініцыя аборту яшчэ не вырашае нашай праблемы. Існуе некалькі спосабаў выканання аборту ў залежнасці ад тэрміну цяжарнасці:
1) медыкаментозная правакацыя самаадвольнага аборту (2–8 тыдняў): тэрмін «фармацэўтычны», ці «медыкаментозны» аборт азначае перарыванне цяжарнасці, выкліканае лекавымі сродкамі замест хірургічнага ўмяшальніцтва;
2) вакуумная аспірацыя — выманне плода шляхам вакуумнага адсмоктвання;
3) хірургічнае выдаленне плода пры дапамозе кюрэткі (абразія, у прастамоўі называецца «выскрабанне»; 6–12 тыдняў);
4) выдаленне плода простагландзінамі (таблеткамі ці гелем), што выклікае родавую дзейнасць (да 15–16 тыдняў) ці ўнутрывенным увядзеннем простагландзінаў на яшчэ больш позніх тэрмінах (да 27 тыдняў);
5) інтэраамніальнае ўвядзенне вадкасцяў — салявога раствору і глюкозы — для правакавання выкідыша, які звычайна адбываецца на працягу сутак (18–21 тыдні цяжарнасці);
4) кесарава сячэнне — калі іншыя метады неэфектыўныя.
Так выглядае тэхнічны бок аборту. Гэтыя метады аборту афіцыйна прапануюцца дзяржаўнай лякарняй на адным з медычных парталаў Беларусі7. Такім чынам, аборт у Беларусі дазволены на любым тэрміне цяжарнасці ў залежнасці ад паказанняў для аборту. У выніку абортаў на позніх тэрмінах дзіцё можа нарадзіцца жывым, але на працягу некалькіх гадзін памірае, пакінутае без усялякай медыцынскай дапамогі, ці яго забіваюць дактары.
Як у такой сітуацыі, ведаючы тэхнічны бок аборту, абысціся з этычнымі аспектамі гэтага нялёгкага пытання? З якога моманту мы маем дачыненне да новага, паўнапраўнага і паўнавартаснага з маральнага пункту гледжання чалавека? Таму што пра аборт як пра забойства можна казаць, калі лічыць эмбрыён за чалавека.
Маральнае стаўленне да аборту залежыць ад таго, ці варта яго лічыць знішчэннем проста матэрыі, ці адным са спосабаў забойства.
Калі б гаворка ішла пра якуюсьці жывёліну ці расліну, хутчэй за ўсё, без ваганняў усе былі б згодныя прызнаць, што момантам, з якога пачынаецца жыццё новай істоты пэўнага віду, з'яўляецца момант злучэння гаметаў (пры ўмове, што такі від размнажаецца палавым шляхам). На жаль, чалавек не з'яўляецца «звычайнай жывёлай».
На працягу гісторыі чалавецтва цэлыя грамадствы і асобныя людзі па-рознаму адказвалі на пытанне пра пачатак чалавечага жыцця. Старажытныя філосафы (напрыклад, Платон, Пратагор) за чалавека прымалі дзіця з моманту нараджэння. Плод мог набыць нейкія правы толькі з хвіліны прыходу на свет у якасці жывога дзіцяці. Крытэрый нараджэння быў, такім чынам, даволі дакладным вызначэннем мяжы паміж «яшчэ плодам» і «ўжо чалавекам». Прадстаўнікі стаіцызму лічылі плод не больш як часткай цела жанчыны на працягу ўсёй цяжарнасці. Такім чынам, адухаўленне дзіцяці адбывалася толькі пасля нараджэння, калі навароджанага астуджае паветра, і камок плоці трансфармуецца у жывое і разумнае стварэнне8.
Піфагарэйцы, у сваю чаргу, падкрэслівалі, што чалавечая душа ствараецца ў момант зачацця, і менавіта гэтая навука адлюстравалася ў забароне аборту ў клятве Гіпакрата.
Арыстоцель увёў дэтальнае азначэнне «анімацыі» плоду, што надае яму індывідуальнасць, жыццё і рысы, за якія адказвае «душа». Пры гэтым ён лічыў, што анімацыя, якая праяўляецца ў рухах плоду, адбываецца на саракавы дзень з моманту зачацця, калі плод мужчынскага полу, і на васьмідзясяты, калі гаворка вядзецца пра плод жаночага полу. Жанчыны, паводле Арыстоцеля, фізічна і інтэлектуальна горшыя за мужчын, і таму іх адушаўленне займае больш часу.
Паводле юдэйскай навукі, чалавечае жыццё пачынаецца з родаў, таму, як толькі з'явілася галава, дзіцё набывае той самы статус, што і яго маці. Такім чынам, плод часткова ўспрымаецца як чалавек, але ён не роўны сваёй маці, і яго жыццём можна ахвяраваць, каб выратаваць яе жыццё.
Існуюць таксама і больш навуковыя погляды на пачатак чалавечага жыцця, якія адносяцца да сучаснасці:
- метабалічны падыход гаворыць пра тое, што не існуе канкрэтнага пункту ў часе, калі пачынаецца чалавечае жыццё. Развіццё дзіцяці — гэта пастаянны і непарыўны працэс ад існавання сперматазоіда і яйкаклеткі як асобных адзінак жыцця да эмбрыянальнага развіцця, дзе часовыя маркеры — гэта ўмоўнасці.
- генетычны падыход заснаваны на той пазіцыі, што чалавечае жыццё пачынаецца з таго моманту, калі фарміруецца ўнікальны генетычны код. Найчасцей гэтую падзею адносяць да часу апладнення — таму і жыццё пачынаецца з апладнення. Іншымі словамі, кожны, хто зачаты бацькамі-людзьмі з той самай хвіліны таксама становіцца чалавекам.
- эмбрыяналагічны падыход, згодна з якім чалавечае жыццё пачынаецца з гаструляцыі, калі зігота, стаўшы эмбрыёнам і імплантаваўшыся ў матку, становіцца анталагічным індывідам і больш не можа стаць двума індывідамі. Гэта адбываеццца прыкладна на трэцім тыдні цяжарнасці.
- неўралагічны падыход: за пачатак чалавечага жыцця бярэцца з'яўленне дакладных дадзеных электраэнцэфалаграмы галаўнога мозга ў плода. Прыкладна 24–27 тыдні цяжарнасці.
- экалагічны/тэхналагічны падыход сцвярджае, што чалавечае жыццё пачынаецца з таго моманту, калі індывід можа жыць асобна ад навакольнага асяроддзя, ад якога ён цалкам залежыць (гэта значыць ад маткі).
Існуюць таксама філосафы, якія ўвогуле адмаўляюцца ад мяжы паміж плодам і наванароджаным, таму што ні ў таго, ні ў другога няма свядомасці адносна сябе самога. Такім чынам, яны сцвярджаюць, што паміж абортам і інфантыцыдам (забойствам дзіцяці) няма розніцы, і калі падтрымліваць адно, то трэба падтрымліваць і другое. За пачатак чалавечага жыцця яны бяруць момант, калі дзіцё набывае свядомасць. Акт нараджэння ж не з'яўляецца такім момантам9.
З хрысціянскага пункту гледжання найбольш асэнсаваным абгрунтаваннем з'яўляецца прыняцце ў якасці падставы для ацэнкі аборту крытэрыя генетычнага10.
Аплодненая яйцаклетка, хоць у параўнанні з будучымі клеткамі яна недыферэнцыянаваная, з'яўляецца арганізмам з унікальнай камбінацыяй мацярынскіх і бацькаўскіх ДНК, якія будуць рэпрадукавацца ва ўсіх нашчадках самай першай клеткі і будуць уяўляць сабой структуру гена цалкам дарослага і складанага арганізма11.
Па гэтай прычыне не застаецца нічога іншага, як толькі прызнаць аборт на любой стадыі забіццём чалавека з маральнага пункту гледжання, а таксама парушэннем Божага наказу.
АГУЛЬНАХРЫСЦІЯНСКАЯ ПАЗІЦЫЯ АДНОСНА АБОРТУ
Агульнай для ўсіх хрысціянаў, незалежна ад канфесіі, крыніцай маральных праўдаў з'яўляецца Біблія. Таму ў разважаннях пра вытокі хрысціянскай пазіцыі ў пытаннях перарывання цяжарнасці мы сканцэнтруемся перш за ўсё на Святым Пісанні.
У тэалагічным святле жыццё чалавека з'яўляецца вялікім Божым дарам і найвышэйшай вартасцю, якая праз свайго Творцу з’яўляецца святой і непарушнай. Гэтая пазіцыя — аснова маральнага погляду для грамадства. Свой пачатак чалавечая годнасць бярэ ад Бога, таму што мы створаныя паводле Яго вобразу і падабенства (пар. Быц 1, 26–27). Чалавечае жыццё святое, бо асоба чалавека — гэта найбольш яснае адлюстраванне Бога сярод істотаў. Чалавечая годнасць не базуецца на якойсьці чалавечай якасці ці індывідуальных заслугах і дасягненнях. Чалавечая годнасць неад'емная — гэта значыць, яна з'яўляецца неад'емнай часткай кожнага чалавека і гэта рэальная якасць, якая ніколі не можа быць аддзеленая ад іншых істотных аспектаў чалавечай асобы.
Найперш варта ўзгадаць тры найважнейшыя аспекты вартасці чалавечага жыцця:
1) Справа стварэння чалавека паводле вобразу і падабенства Бога.
Стварэнне Богам свету, у тым ліку і чалавека, — гэта адна з галоўных праўдаў хрысціянскай веры. «І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 26:27) — з гэтага ўрыўка мы бачым, што чалавек не толькі Божае стварэнне, але ён яшчэ і захоўвае ў сабе вобраз Бога. Акрамя таго, Бог паставіў чалавека па-над усялякім стварэннем. Такім чынам, для хрысціяніна жыццё набывае найвялікшую вартасць, бо з'яўляецца дарам Бога. І ў сувязі з гэтым пазбаўленне чалавека жыцця ёсць найцяжэйшым парушэннем Божай волі, грахом супраць бліжняга.
2) Уцелаўленне Божага Слова: справа збаўлення і адкуплення.
Таямніца ўцелаўлення паказвае вартасць самога чалавека. Чалавек у яе святле з'яўляецца дзіцём Бога. Праз сваё ўцелаўленне Бог узносіць нашую годнасць. Як сказаў св. Аўгустын: «Для цябе, чалавек, Бог стаў чалавекам, каб ты для Яго стаў Богам».
3) Справа ўнебаўшэсця Езуса Хрыста.
Унебаўшэсце Езуса Хрыста азначае, што першы раз у гісторыі свету месца праваруч Бога заняў Сын Чалавечы — Езус Хрыстус. Такім чынам, чалавечая прырода разам з Езусам Хрыстом увайшла на неба. Праз гэта чалавечае стварэнне становіцца вышэй за ўсялякае стварэнне.
Такім чынам, ад першых хвілінаў жыцця, ад злучэння душы ў час зачацця з целам, жыве новы чалавек — сын Божы.
Цяпер хацелася б звярнуцца непасрэдна да пятай запаведзі Дэкалогу: «Не забівай». Гэты момант з'яўляецца вельмі важным з нашага пункту гледжання, бо мы імкнемся даказаць, што аборт — гэта зло, таму найперш важна паказаць, што аборт — гэта забойства, а забойства таксама ёсць злом.
Норма «Не забівай» мае доўгую гісторыю. «Не забівай» — гэта адзін з самых кароткіх наказаў Дэкалогу. Але словы з кнігі Зыходу (пар. Зых 20, 13) з'явіліся першы раз у Бібліі не падчас заключэння Богам запавету на Сінаі. Упершыню мы чуем гэта ў прысудзе Каіну: «І зрабіў Пан Каіну адзнаку, каб ніхто, спаткаўшыся з ім, яго не забіваў» (Быц 4, 15). Хоць якраз Каін і быў першай біблійнай постаццю, якая пераступіла гэты наказ. Змяшчэнне ў Святым Пісанні катэгарычнай, негатыўнай адзнакі забойства адразу пасля апісання стварэння і першага падзення чалавека мае свае глыбокія падставы. Сведчыць гэта пра тое, якім важным было жыццё і яго абарона для старажытных габрэяў, а таксама як глыбока норма «Не забівай» была ўкаранёна ў іх ментальнасці (хоць і абмежаваная да ўзроўню членаў уласнага племені ці народа).
Запаведзь «не забівай» з'яўляецца выразам надання вялікай значнасці жыццю. Божая забарона забойства мае два розныя аспекты свайго ўплыву. Па-першае, Бог як Творца пакідае за сабой выключнае права вырашаць пытанне жыцця і смерці чалавека. Па-другое, Бог абараняе чалавечае жыццё, і такім чынам узвышае яго вартасць. Тым самым, парушэнне пятай запаведзі цягне за сабой два злачынствы: беспадстаўнае, неапраўданае прысвойванне належнага толькі Богу права прыняцця рашэння пра канец жыцця Яго стварэння тут, на зямлі; пазбаўленне жыцця бліжняга. Парушаючы гэтую запаведзь, чалавек зноў робіць грэх Адама, чарговы раз пераступаючы мяжу чалавечай кампетэнцыі, каб, як Бог, мець уладу над жыццём і смерцю іншага чалавека. Наказ, які першапачаткова забараняе забіваць сваіх ворагаў (у межах народа), паступова набывае характар паўсюднай забароны забойства. Найбольш радыкальную інтэрпрэтацыю гэтага наказу пакінуў Езус Хрыстус у сваім Казанні на гары. Чытаем там наступныя словы: «Вы чулі, што было сказана продкам: „Не забівай“; а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду». (Мц 5, 21–22).
Адзіна магчымым выкананнем гэтай інтэрпрэтацыі Божага наказу з'яўляецца братэрская любоў, якую мы, як хрысціяне, павінны даваць усім людзям.
Такім чынам, у кантэксце гэтых разважанняў хрысціянская пазіцыя адносна аборту канцэнтруецца вакол наступнага маральнага суджэння: аборт уключае прамое забойства нявіннага чалавечага жыцця, і таму ён абсалютна забаронены і з'яўляецца аб'ектыўным злом12.
Ганна Качалка,
выпускніца Мінскага тэалагічнага каледжа
імя св. Яна Хрысціцеля
1 Пар. Катехизис Католической Церкви, 1749.
2 Пар. ibidem.
3 Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый, 368.
4 Ioannes Paulus PP. II. Veritatis Splendor
5 Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый, 415.
6 Oxford Dictionary.
7 Медицинский аборт.
8 Когда начинается человеческая жизнь?
9 Іbidem.
10 Ks. Tadeusz Biesaga. Antropologiczny Status Embrionu Ludzkiego.
11 Abortion Within the Catholic Moral Tradition. The Moral Aspects of Abortion.
12 Іbidem.