Занадта высокая цана

 

Ці ведаеце вы сябе настолькі, каб, не задумваючыся, адказаць, за што вы сябе паважаеце, што для вас азначаюць словы «мая чалавечая годнасць»? Калі не можаце зараз жа даць адказ, то ёсць нядрэнны спосаб пазнаць сябе лепш.


Складзіце два спісы: першы — «на што я не магу згадзіцца»; другі — «ад чаго ў сваім жыцці я не гатовы адмовіцца». Зразумела, вы можаце сказаць: «Ніколі не кажы “ніколі“». Але якімі б разумнымі і правільнымі думкамі ні былі напоўнены нашыя галовы — нашыя сэрцы і сумленне кожнага з нас ужо шмат гадоў ведаюць адказы на гэтыя пытанні.

Менавіта таму некаторыя кампрамісы ў нашым жыцці даюцца нам так цяжка. Дык што ж, магчыма, настаў час сфармуляваць тое, што ставіць пад сумненне тваю чалавечую годнасць?

Хутчэй за ўсё, у першы спіс трапіць наступнае: здрадзіць мужу ці жонцы, маўкліва назіраць за прыніжэннем слабейшага, стаць жонкаю алкаголіка, ударыць жанчыну, паспрабаваць наркотыкі, здрадзіць свайму дзіцяці, дазволіць старым бацькам паміраць ад голаду, калі ёсць мажлівасць ім дапамагчы, і шмат чаго іншага... Важна, каб гэта былі не проста лозунгі, а сама сутнасць твайго жыцця, тваёй чалавечнасці. Тады ў другім спісе могуць з’явіцца: не адмоўлюся ад бацькоў і дзяцей, ад сужэнскай прысягі, ад творчасці, ад адносінаў з Богам, ад самога жыцця. А ўсё гэта разам раскрые для цябе прыгажосць тваёй чалавечнасці, таго, што ёсць вобразам і падабенствам Бога ў табе.

Але тут мы сутыкаемся з асноўнаю праблемаю.

Гаворачы «я не згаджуся» і «я не адмоўлюся», на практыцы мы часта адмаўляемся адстойваць сябе, а гэта заўсёды звязана з рызыкаю. У першую чаргу, гэта небяспека пагаршэння і часам нават страты адносінаў. Чаго яшчэ людзі баяцца гэтак жа моцна, як магчымасці страціць прыхільнасць блізкіх, расчараваць любага чалавека, быць пакінутымі або проста адзінокімі?

Гэта і ёсць страх разбурэння адносінаў.

Сапраўды, «прыбытак» ад адносінаў, або тое, дзеля чаго мы іх распачынаем, — любоў. І гэта датычыць як павярхоўных знаёмстваў, так і самых глыбокіх і працяглых адносінаў, такіх як сяброўства, сужэнства і сваяцкія сувязі. Нават Любоў Бога мы заўважаем і прымаем як любоў толькі тады, калі ўступаем у адносіны з Ім. У любым выпадку толькі гэтыя адносіны з’яўляюцца хоць і не крыніцаю, але тым месцам, адкуль усе мы чэрпаем любоў, дабрыню, клопат і ўвагу іншых. І нашая чалавечнасць патрабуе гэтага.

Але, несумненна, кожны з нас сутыкаецца яшчэ з адной асаблівасцю адносінаў.

Для таго, каб іншыя людзі любілі нас без ніякіх умоваў, цягнуліся да нас, заўсёды былі рады нашай прысутнасці, мы павінны цалкам супадаць з іх вобразам «дасканалага чалавека» і заўсёды адпавядаць іх патрабаванням.

Напрыклад, як можа сапраўдны сябар або сяброўка адпрэчваць цябе і хацець спаць, калі ты тэлефануеш у тры гадзіны ночы са сваімі праблемамі? І насамрэч, хіба гэта нармальна, хацець спаць у тры гадзіны ночы пасля працоўнага дня? І хіба ты зусім не расчаруешся ў гэтым чалавеку?

Гэтак і нашае атачэнне, або тыя людзі, якімі мы сябе атачылі, заўсёды чагосьці чакаюць ад нас. І гэтыя чаканні з’яўляюцца нявыказанымі ўслых умовамі іх любові. А гэта значыць, што кожны раз, калі наша «я не згаджуся» або «я не адмоўлюся» сутыкаецца з чаканнямі і надзеямі блізкіх, адносіны абвастраюцца і хтосьці павінен саступіць. Аднак часцей за ўсё гэта не вырашае праблемы і пакідае шнары ў душы. Ці можаце вы ўспомніць апошні выпадак, калі давялося пайсці супраць сэрца і сумлення, а магчыма, і ўчыніць цяжкі грэх, саступаючы націску блізкіх? Тады вы разумееце, што я маю на ўвазе.

Вось і атрымліваецца, што на працягу ўсяго жыцця кожны з нас пастаянна сутыкаецца з выбарам: застацца сабою, ахвяраваўшы пры гэтым глыбінёю адносінаў, або застацца прыемным і «патрэбным» чалавекам, але пры гэтым мець адчуванне нерэалізаванасці, сорам і незадаволенасць сабою.

«Ці быць самім сабою?» — вось пытанне, якое пранізвае ўсе чалавечыя адносіны, і ў розных сітуацыях мы даём на яго розныя адказы. Аднак і тут у нас ёсць свае звычкі.

Так, некаторыя з нас вельмі часта, калі не сказаць амаль заўсёды, робяць выбар на карысць захавання адносінаў. Але для таго, каб абараніцца ад душэўнага болю, ад пагарды да сябе і перажывання несправядлівасці, нам даводзіцца выпрацоўваць пэўную звычку — звычку не ведаць, чаго я хачу, што я адчуваю, якое ў мяне меркаванне. І тады становіцца лягчэй захоўваць адносіны, заўсёды згаджаючыся з іншымі людзьмі і выконваючы іх жаданні. Менавіта тады нас лічаць вельмі мілымі, вернымі сябрамі, добрымі мужамі і жонкамі. Але ці паважаюць па-сапраўднаму, ці лічацца з намі?

Падпарадкавацца чужой волі — не тое ж самае, што згадзіцца з ёю. Гэта датычыцца і адносінаў з Богам. Не трэба памыляцца: Ён не чакае ад нас адмаўлення ад нашай волі, гэта значыць адмаўлення ад свайго выбару. Ён чакае, што наш выбар будзе такім, як і Яго выбар, што нашая воля будзе супадаць з Яго воляю, што нам калісьці стане падабацца тое ж, што і Яму, што нашыя з Ім меркаванні, урэшце, стануць аднолькавымі.

Ён чакае, каб мы, застаючыся сабою, наблізіліся да Яго.

І Ён умее цаніць нашу індывідуальнасць і унікальнасць, таму што Ён жа іх і стварыў. А мы так часта пагарджаем імі, губляем чалавечую годнасць, здраджваем сабе і часам — Яму, і ўсё гэта з-за страху сапсаваць адносіны з людзьмі.

Іншы варыянт — ніколі не адступаць ад сваіх прынцыпаў, ахвяруючы пры гэтым усімі адносінамі. Некаторыя з нас жывуць і так. Сапраўды, калі ў вас няма сяброў, то вам не давядзецца плакаць ад болю, страчваючы іх прыхільнасць. Але не давядзецца і задыхацца ад радасці, адчуваючы іх любоў і разуменне. Калі мы нікога не падпускаем занадта блізка, нішто не пагражае нашай індывідуальнасці, ніхто не спрабуе распараджацца нашым часам, не навязвае сваіх зацікаўленняў, не адрывае ад прыемных і важных справаў, не патрабуе падтрымкі і згоды. Тады проста няма адносінаў. Часта мы гэтак жа паводзім сябе і з Богам.

Калі мы не падпускаем Яго блізка (толькі «тэлефануем» раз у месяц, а то і ў паўгода), то і абмяжоўваць сябе дзеля адносінаў з Ім не даводзіцца. Але тады ў нас няма і адчування, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі, тады нам проста холадна і сіратліва.

Аднак часам мы ніяк не можам адважыцца ні на тое, каб быць цалкам сабою, ні на паўнату адносінаў. І тады пастаянна вагаемся: як толькі ў нас з’яўляюцца трывалыя блізкія сувязі, нам пачынае здавацца, што мы губляем сябе, што з намі не лічацца, што мы становімся «анучамі» і «падабцаснікамі».

І тады мы разрываем адносіны і пачынаем аддаляцца. Але, атрымаўшы свабоду і самастойнасць, раптам заўважаем, што не можам жыць без увагі і любові іншых і што наогул не церпім адзіноты. Тады мы вырашаем зноў будаваць адносіны, нават заплаціўшы за гэта ўласнымі прынцыпамі і свабодаю, пачынаем збліжацца, але ў гэты момант з’яўляецца знаёмы страх страціць сябе, і ўсё паўтараецца спачатку. У некаторых людзей гэта можа цягнуцца ўсё жыццё: пасварыліся, разышліся, памірыліся — зноў разам, але толькі да наступнага разладу.

І тады атрымліваецца, што ніводзін чалавек не можа пазбегнуць гэтага складанага выбару: быць заўсёды самім сабою ці быць заўсёды ўхваленым і любімым. Больш за тое, ніхто не можа дапамагчы нам у выбары і ўсеагульнага «рэцэпту» не існуе. Але заўсёды трэба памятаць пра галоўнае. Па-першае, не варта пастаянна ахвяраваць сваёй індывідуальнасцю, трэба самастойна пражыць сваё жыццё. Па-другое, нельга наогул адмаўляцца ад адносінаў як магчымасці атрымліваць любоў, таму што без любові людзі часта страчваюць чалавечае аблічча.

А па-трэцяе — і гэта самае галоўнае — не прымушайце тых, хто для вас дарагі, ахвяраваць сваёй чалавечай годнасцю, каб атрымаць вашу любоў. Любоў зусім не такая.

 


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» №3(168), 2009


Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней