«Калі б вы мелі веру»

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год С (2.10.2016)

І сказалі Апосталы Пану: «Дадай нам веры!» А Пан сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, — і яна б паслухалася вас.

Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?” Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?” Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”.

(Лк 17, 5–10)

«Калі б вы мелі веру»

Вера, якая перамяшчае горы, вера, якая натхняе служыць у любові, вера, якая ў надзеі чакае ўзнагароды Нябеснага Валадарства. Пра такую веру, цесна звязаную з любоўю і надзеяй, гаворыцца ў сённяшнім евангельскім урыўку. Нашая сустрэча з Богам адбываецца толькі праз тры гэтыя боскія цноты. Таму, калі мы нешта робім у імя Езуса, гэтыя ўчынкі, што Ён падрыхтаваў для нас, насамрэч належаць Яму. Каб маё ўсведамленне супрацоўніцтва з Богам і Яго дзеянне, што адбываецца праз мяне, не выклікалі ўва мне сумневаў, трэба часта, 77 разоў на дзень, адкрываць для сябе тую праўду, што я цалкам залежу ад Бога, бо Ён стварыў мяне і няспынна працягвае ствараць маю душу і цела. Я ўсё маю дзякуючы Яму. Таму ў мяне ёсць падстава ганарыцца, але толькі сваімі слабасцямі. Слабасці і грахі — мае. А ўся прыгажосць маіх добрых учынкаў, якія я раблю ў пакоры і з чыстай інтэнцыяй спадабацца Богу, гэта значыць — у Яго імя, Бог мае права лічыць сваімі. Мы — нікчэмныя слугі.

Святая Бакхіта з афрыканскага Судана, выказала дзве каштоўныя думкі. У гэтых словах можна ўбачыць глыбіню яе веры. Калі незнаёмы біскуп запытаў яе: «Чым Вы, сястра, займаецеся?», яна адказала: «Тым самым, што і Вы, ксёндз біскуп, выкананнем волі Божай». А калі яе запыталі пра Божы суд, яна адказала, што калі ў хвіліну смерці стане перад Богам, то з сабою будзе мець дзве валізы. У першай будуць яе грахі, прыкрытыя заслугамі Марыі, а ў другой, большай, будуць заслугі Пана Езуса: «І калі я адчыню гэтую другую, тады скажу: я застаюся тут». Няхай Бог узмацняе нашую веру, каб яна, прасякнутая надзеяй, заўжды дзейнічала праз любоў.

Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней