
Працяг. Пачатак гл. тут.
Працягваючы цыкл артыкулаў «Маральна-псіхалагічныя аспекты аборту», прысвечаных праблеме штучнага перарывання цяжарнасці, у другім матэрыяле мы прааналізуем развіццё гістарычнай думкі ў пытанні аборту і яго вызначэння, у тым ліку хрысціянскай Традыцыяй, а таксама падагульнім пазіцыю Настаўніцтва Касцёла адносна аборту.
СВЯТАЯ ТРАДЫЦЫЯ І НАСТАЎНІЦКІ ІНСТЫТУТ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА ПРА АБОРТ
Каталіцкі Касцёл выступае супраць усіх формаў аборту, непасрэднай мэтай якога з'яўляецца знішчэнне эмбрыёна, зіготы ці плода. Касцёл прытрымліваецца пазіцыі, выразна акрэсленай у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла:
«Чалавечае жыццё павінна паважацца і абараняцца непасрэдна з моманту зачацця. З першага ж моманту яго існавання за чалавекам павінны быць прызнаныя ўсе правы чалавечай асобы, сярод якіх — непарушнае права кожнай нявіннай істоты на жыццё. <...>
Пачынаючы з 1 ст., Касцёл абвяшчаў маральнае зло ўсялякага штучна выкліканага аборту. Гэта навука не змянялася. Яна застаецца непарушнай. Свядомы аборт, гэта значыць, жаданы як мэта і як сродак, глыбока супярэчыць маральнаму закону. <...> Таму жыццё ад самага пачатку павінна быць абаронена с вялікім клопатам; аборт і дзетазабойства з'яўляюцца жахлівымі злачынствамі. Фармальны саўдзел у аборце з'яўляецца цяжкай віной. Касцёл прымяняе кананічнае пакаранне адлучэння ў адносінах да гэтага злачынаства супраць чалавечага жыцця. „Той, хто ўчыніў аборт, калі мэта дасягнута, належыць экскамуніцы latae sententiae ужо з-за самога факту здзяйснення злачынства“»1.
Як і сказана ў Катэхізісе, ужо пачынаючы ад свайго стварэння, Касцёл стаў акрэсліваць сваю пазіцыю адносна абортаў. У першыя стагоддзі хрысціянства Касцёл знаходзіўся ў непасрэдным узаемадзеянні з грэка-рымскім грамадствам, якое дазваляла забіваць дзяцей, пакідаць іх ці прадаваць, тым больш рабіцьаборты. У свядомасці грэка-рымскага свету толькі свабодны грамадзянін мае правы — ні раб, ні дзіцё, пакуль яны не будуць прынятыя і інтэграваныя ў сям'ю, правоў не маюць.
Заслугаю хрысціянства была абарона права на жыццё кожнай чалавечай істоты з самага пачатку. Праз хрысціянскую культуру гэта фундаментальнае права было ўведзена і прысутнічала ў еўрапейскім заканадаўстве аж да пачатку ХХ стагоддзя, калі пачала прапагандавацца культура аборту.
Адно з найстражытнейшых ў хрысціянскай Традыцыі асуджэнняў аборту знаходзіцца ў Дыдахэ:
«Не забівай дзіця ў аборце і не знішчай народжанага дзіцяці»2.
Тэртуліян, вядомы раннехрысціянскі багаслоў, выступаў супраць кантрацэпцыі і ранніх абортаў, таму што лічыў іх «забойствам загадзя» — прадухіленнем нараджэння, якому наканавана было адбыцца. У сваёй апалогіі (197 год н.э.) Тэртулян выступае супраць інфантыцыду і аборту:
«Што тычыцца дзетазабойства, то як я магу прызнаць, што забойства вашага ўласнага дзіцяці адрозніваецца ад забойства каго-небудзь яшчэ?! Усё роўна, зроблена гэта па злым намеры ці ў якасці ахвярапрынашэння. Я выкрываю вас як народ. Калі вы прыгнятаеце нас, хочаце хрысціянскай крыві, вы, вяльможы і магістраты, дазваляеце такую строгасць да нас, то як мне не заклікаць да глыбіняў вашага сумлення, выкрываючы вас як забойцаў уласных дзяцей? Сапраўды, ёсць розныя віды смерці, але што можа быць больш жорсткім, чым тапіць альбо кідаць немаўля на верную пагібель ад голаду, холаду і сабак? Нават ахвярапрынашэнні немаўлятаў, у якім вы абвінавачваеце нас, менш жорсткія, бо і дарослы чалавек аддасць первагу смерці ад мяча. Але для нас, для каго любыя забойствы забароненыя, недазваляльна перарываць нават тое, што зачатае ва ўлонні, у той час як кроў маці згушчаецца, каб зрабіць новае стварэнне. Прадухіленне нараджэння — гэта заўчаснае забойства, і яно нічым не адрозніваецца ад загубленнага жыцця пасля нараджэння ці падчас родаў. Будучы чалавек — гэта ўжо чалавек, у семені прысутнічае ўвесь плод»3.
Яшчэ адной працай Тэртуліяна, што сведчыць пра хрысціянскую пазіцыю адносна аборту, з'яўляецца «Трактат пра душу», дзе ён, узгадваючы пра інструменты, якімі карысталіся медыкі-абартысты, тлумачыць, што «яны дакладна ведаюць, што была зачатая жывая істота», і сцвярджае, што чалавечае жыццё (і надзяленне душою) адбываюцца з зачаццем4. Такім чынам, Тэртуліян лічыў і дзетазабойства, і аборт формай чалавеказабойства. Гэта кажа пра тое, што ён надзяляў плод статусам чалавека.
Погляды Тэртуліяна на аборт пасля развіў Васіль Вялікі. У 374 годзе ён абвясціў, што аборт з'яўляецца забойствам, і што з пункту гледжання хрысціянскай маралі няма розніцы паміж сфармаваным і несфармаваным плодам. Таксама і для Клімэнта Александрыйскага мацярынскае лона, якое па задуме Стварыцеля з'яўляецца калыскай жыцця, ператвараецца ў труну смерці. Ён пісаў:
«Тыя, хто, імкнучыся схаваць сваю амаральнасць, карыстаюцца абартыўнымі лекамі, каб выкінуць плод мёртвым, забіваюць у сабе чалавечыя пачуцці»5.
Хоць Касцёл заўсёды маральна асуджаў аборт, але ў пэўныя перыяды гісторыі не ўсе хрысціянскія тэолагі прытрымліваліся думкі, што аборт на ўсіх этапах развіцця плоду з'яўляецца забойствам. Такая пазіцыя абумоўлена тым, што існавалі розныя погляды на пачатак чалавечага жыцця. Напрыклад, быў час, калі лічылася, што імгненная анімацыя пры зачацці немагчымая, і адушаўленне плоду адбываецца не адразу з зачаццем, а ў пэўны перыяд развіцця плода.
Такім чынам, відавочна, што некаторыя хрысціянскія тэолагі карысталіся тэорыяй Арыстоцеля аб тым, што плод мужчынскага полу надзяляўся душой на саракавы дзень пасля зачацця, а плод жаночага полу — на васьмідзясяты дзень. Так, напрыклад, згодна з гэтай тэорыяй затрыманага адушаўлення, Аўгустын лічыў, што ранні аборт — гэта не забойства, таму што на ранняй стадыі ў плода няма душы. Тым не менш, ён рэзка асуджаў гэтую працэдуру нават на ранніх тэрмінах. Тамаш Аквінскі таксама прымаў арыстоцелеўскую тэорыю аб затрыманым адушаўленні, але пры гэтым ён разглядаў аборт нават неадушаўлёнага плода як заўсёды неэтычны чын, як сур'ёзнае злачынства, цяжкі грэх, як учынак, што супярэчыць прыродзе. Ён пісаў: «Гэты грэх, хоць цяжкі і прылічаны да правінаў супраць прыроды, <...> — нешта меншае за забойства, <...> калі толькі хто не ўчыняе аборт ужо сфармаванага плода»6.
Такім чынам, нават калі Касцёл прымаў тэорыю затрыманага адушаўлення і прадугледжваў розную віну для ранняга і позняга аборту, штучнае перарыванне цяжарнасціна любой стадыі разглядалася як цяжкае зло.
У 1588 годзе папа СікстV пастанавіў, што пакараннем за аборт павінна быць адлучэнне ад Касцёла. Тым не менш, яго пераемнік, папа ГрыгорыйXIV, вярнуў у Касцёл ідэю аб тым, што аборт несфармаванага эмбрыёна не з'яўляецца забойствам. Такая пазіцыя з'яўлялася шырока прынятай да 1869 года, калі папа Пій ІХ зноў прызначыў адлучэнне ад Касцёла пакараннем за аборт. Падставай для яго рашэння была ідэя аб тым, што мы не ведаем, калі менавіта пачынаецца чалавечае жыццё, так што лепш пачаць абараняць яго як мага раней, з самага зачацця. Адкрыццё ў канцы ХІХ стагоддзя працэсу апладнення яшчэ больш паспрыяла ўмацаванню гэтай пазіцыі.
Такім чынам, сучасная каталіцкая дактрына падтрымлівае ідэю імгненнай анімацыі: як толькі фармуецца зігота, пачынаецца жыццё, што атрымлівае душу ад Бога, і гэта адбываецца адначасова з апладненнем. Эмбрыён разглядаецца як унітарная істота: эмбрыён не ёсць напачатку толькі матэрыяй біялагічнай, якая пасля атрымлівае душу,ён з’яўляеццачалавечай істотай у прагрэсіўным развіцці7.
Плод лічыцца цалкам асобнай істотай, а таму ён атрымлівае паўнавартасны чалавечы статус ўжо з зачацця.
У наш час Настаўніцкі Інстытут Касцёла неаднаразова пастанавіў абсалютнае асуджэнне аборту, наўмысна пазбягаючы ўсялякіх адрозненняў паміж рознымі фазамі эмбрыянальнага жыцця. «Аборт і забойства дзяцей — гэта жудасныя злачынствы», — паўтарае ІІ Ватыканскі Сабор (GS, 51).
Канон 1398 Кодэкса Кананічнага Права прадугледжвае аўтаматычную экскамуніку католікам, якія прымаюць удзел ва ўчыненні аборту, калі яны трапляюць пад умовы для прымянення такой санкцыі: «Хто спрычыняецца да аборту, пасля атрымання выніку падлягае экскамуніцы моцаю самога права»8. Фармулёўка «моцаю самога права» азначае, што экскамуніка, адлучэнне ад Касцёла, наступае па факце здзяйснення злачынства9. Тлумачэнне прычыны такога суровага пакарання за забойства ненароджанага дзіцяці дае Ян Павел ІІ на старонках сваёй энцыклікі «Evangeliumvitae». Пантыфік падкрэсліў, што «ў Касцёле пакаранне экскамунікай неабходна для таго, каб зрабіць цалкам свядомымі цяжкасці пэўнага граху і, такім чынам, спрыяць адпаведнаму навяртанню і пакаянню»10.
У Дэкларацыі Кангрэгацыі Веравучэння аб перарыванні цяжарнасці «Quaestio de abortu» чытаем:
«Касцёл не можа абмінаць маўчаннем гэтую праблему, таму што выдатна разумее, што да яго абавязкаў належыць абарона чалавека перад тым усім, што магло б яго знішчыць ці пазбавіць годнасці, <...> пры гэтым ні пры якіх абставінах нельга паддавацца меркаванням, калі парушаюцца правы іншых, асабліва права на жыццё, <...> хоць перарыванне цяжарнасці ніколі не можа быць дазволена, найперш трэба выдаліць яго прычыны»11.
Дэкларацыя прыводзіць аргументы ў святле веры і Святога Пісання, але таксама і аргументы разумовыя: жыццё чалавечае не з'яўляецца правам, якое ўдзяляе асяродак і грамадства, але непарушным і неаддзельным правам кожнай асобы.
Мы ўжо ўзгадвалі «Evangelium vitae» — гэтая энцыкліка Яна Паўла ІІ прысвечаная пытанням каштоўнасці і непарушнасці чалавечага жыцця. Вельмі катэгарычна ў энцыкліцы выказаная пазіцыя адносна аборту: «З усіх злачынстваў супраць жыцця, якія можа ўчыніць чалавек, для аборту характэрныя рысы, што робяць з яго злачынства асабліва цяжкое і вартае асуджэння. <...> Аборт (незалежна ад таго, якім чынам будзе зроблены) — гэта свядомае і непасрэднае забойства людской істоты на пачатковай стадыі яе жыцця, што ахоплівае перыяд паміж зачаццем і нараджэннем»12.
Для таго, каб людзі зразумелі цяжкасць злачынства аборту, у першым раздзеле энцыклікі нагадваецца, што паводле Святога Пісання існуюць грахі, якія наклікаюць Божую помсту, і сярод іх на першым месцы — дабравольнае забойства, чым і з'яўляецца аборт — забойствам бязвіннай, безабароннай істоты. Апрача таго, што аборт — гэта цяжкі індывідуальны грэх, ён таксама з'яўляецца і цяжкім грахом супольным. Адказнасць за яго ляжыць на шматлікіх асобах: самой жанчыне, мужу, сваяках, сябрах, медыках — усіх, хто нейкім чынам спрычыніўся да перарывання цяжарнасці.
Ян Павел ІІ не абмяжоўвае кола адказных за аборт: адказнасць ускладаецца і на заканадаўцаў, якія спрычыніліся да ўзаконьвання аборту, арганізацыі, якія змагаюцца за дазвол абортаў, і г.д.: «Аборт — гэта надзвычай цяжкая рана, нанесеная грамадству і яго культуры тымі, хто павінен быць іх будаўнікамі і абаронцамі»13.
Яшчэ адным дакументам Каталіцкага Касцёла, які хацелася б працытаваць, з'яўляецца «Карта правоў сям'і»14. Артыкул 4 гэтага дакумента сцвярджае: «Жыццё чалавечае з самага пачатку мусіць быць цалкам аточана клопатам і павагай.
а) Аборт з'яўляецца непасрэдным гвалтоўным парушэннем права кожнай чалавечай істоты — права на жыццё. <....>
b) Як перад, так і пасля нараджэння дзеці маюць права на абарону і спецыяльную апеку; тое самае датычыць маці ў перыяд цяжарнасці і — у дапушчальны тэрмін — пасля родаў»15.
Усе гэтыя тэксты нагадваюць пра пазіцыю Касцёла адносна аборту, якая ніколі не змянялася. Каталіцкі Касцёл заўсёды лічыў, что дзіцё ва ўлонні маці — гэта больш, чым проста Божае стварэнне; гэта Божы вобраз, які рыхтуецца, каб з'явіцца на свет. Такім чынам, аборт у маральным плане кваліфікуецца як цяжкі грэх; гэта парушэнне парадку, якое крыўдзіць Бога, Аўтара жыцця; чалавека, якому належыць права існаваць, чалавечую і касцёльную супольнасць, да якой чалавечая істота паклікана далучыцца.
Аборт прадугледжвае прамое забойства бязвіннага чалавечага жыцця, і таму з’яўляецца аб’ектыўным маральным злом, і яго ўчыненне абсалютна недапушчальнае.
Каталіцкі Касцёл прытрымліваецца адназначнай пазіцыі і прызнае існаванне індывідуальнага, асобнага чалавечага жыцця з моманту апладнення. Нават калі захоўваюцца некаторыя сумненні ці ваганні, у нас ёсць маральны абавязак прытрымлівацца больш бяспечнага курсу. Прамы аборт разглядаецца ў каталіцкай традыцыі як атака адносна права чалавека на роўнасць. Права на жыццё з’яўляецца асноўным для чалавечай асобы, гэта першая ўмова роўнасці, і відавочна, што гэтае права з’яўляецца асновай для ўсіх іншых правоў чалавека. Аборт — гэта прамое і гвалтоўнае парушэнне права чалавека на жыццё.
Працяг будзе.
Ганна Качалка,
выпускніца Мінскага тэалагічнага каледжа
імя св. Яна Хрысціцеля.
1 Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый, 2270–2272.
2 Вучэнне дванаццаці апосталаў. Дыдахэ.
3 Пар. Когда начинается человеческая жизнь?
4 Пар. La Iglesia y el aborto en la historia: 2.000 años diciendo que es homicidio.
5 Пар. Los padres de la Iglesia y la defensa de la vida humana.
6Пар. William Petersen. From Persons to People: Further Studies in the Politics of Population. – New Jersey: Transaction Publishers, 2003. – C. 114.
7Пар. Aborto, Teologia moral.
8 Пар. Кодекс канонического права.
9 Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Evangelium vitae», 62.
10 Ibidem.
11 Пар. Sacred Congregation for the Doctrine of the Faith. Declaration on Procured Abortion.
12 Ян Павел ІІ.Энцыкліка «Evangelium vitae», c. 58.
13 Ibidem, с. 59.
14 Karta praw rodziny.
15 Ibidem.