
Першая нядзеля Вялікага посту, год А (5.03.2017)
Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А Ён сказаў у адказ: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад і паставіў на крыле святыні, і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”». Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». Тады сказаў яму Езус: «Адыдзі, сатана, бо напісана: “Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы”». Тады д’ябал пакінуў Яго, — і вось анёлы падышлі і служылі Яму.
(Мц 4, 1–11)
Вялікі пост! Навошта?
У хрысціянстве адной з найважнейшых праўдаў з’яўляецца тое, што Езус Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек. Езус, які жыў каля 2 тысяч гадоў таму, з’яўляецца Асобаю, якой варта паверыць, таму што Яго словы адпавядалі Яго жыццю. Акрамя гэтага, прароцтвы абвяшчалі прыйсце Хрыста за 600 гадоў да Яго нараджэння. Ён памёр і ўваскрос, а гэта значыць — Ён жыве! Ці ж гэта не цудоўна? Асаблівым чынам трэба падкрэсліць, што толькі ў гэтым кантэксце можна зразумець перажыванне посту і святкаванне Пасхі. Калі Езус Хрыстус не з’яўляецца гістарычнаю асобаю, калі Ён не ўваскрос, калі не жыве, гэта азначае, што хрысціяне — несур’ёзныя людзі, ашуканыя злым духам, і заслугоўваюць спачування.
На жаль, ёсць людзі, якія менавіта так і думаюць. Аднойчы я сустрэў маладога мужчыну на трамвайным прыпынку. Я падышоў да яго, каб запытаць (такое заданне даў нам, студэнтам, адзін святар): «Хто для цябе Езус Хрыстус?» Ён адказаў, што Езус і Яго вучні — гэта проста псіхапаты. Я быў агаломшаны такім адказам. Але гэта факт. Ёсць асобы з крайнімі поглядамі. Гледзячы на беларускую рэчаіснасць, трэба сцвердзіць, што, апроч людзей, якія вераць і пацвярджаюць сваю веру ўчынкамі, мы, на жаль, сустракаемся з вялікай людской неадукаванасцю (напрыклад, з няведаннем Святога Пісання), і перш за ўсё — з вялікаю абыякавасцю ў справах веры. Шмат людзей жыве так, нібыта Бог не існуе. Шмат людзей будуюць сабе на зямлі «рай», але гэта рай без любові да Бога і бліжняга.
Як перажывае пост і Пасху чалавек, які верыць? Вернік — гэта той, хто перакананы, што Езус сёння прамаўляе да нас праз Духа Святога словамі Святога Пісання, а таму гэты чалавек часта бярэ ў рукі гэтую непаўторную кнігу.
Той, хто не чытае яе (асабліва Новы Запавет), не ведае Пана Езуса. Менавіта ў Бібліі мы можам знайсці адказ на пытанне, адкуль узялася традыцыя саракадзённага посту перад Пасхай. У Евангеллі напісана, што Езус правёў 40 дзён у пустэльні, дзе Яго спакушаў д’ябал. Таму і для вернікаў час посту таксама павінен быць часам адыходу ў «пустэльню», гэта значыць — часам сустрэчы з Богам, і менавіта праз чытанне слова Божага.
Шчырая сустрэча з Богам (і з Божымі сябрамі) дае нам магчымасць пазнаць саміх сябе і ўсвядоміць, што існуюць тры сапраўдныя непрыяцелі, якія змагаюцца супраць Бога і супраць нас. Гэтыя ворагі — злы дух, секулярызванасць і наш эгаізм. Нехта сказаў, што сёння гэта асабліва заўважна ў трох спакусах: уладзе, грашах і сексуальнай разбэшчанасці. Час посту патрэбны для барацьбы з гэтымі трыма ворагамі нашай душы. Адначасова трэба падкрэсліць, што без дапамогі Бога і шчырай адданасці Езусу перамагчы іх немагчыма.
Езус у сваім навучанні называе тры віды ўчынкаў-прыладаў, дзякуючы якім можна перамагчы гэтых ворагаў — малітва, пост і міласціна. Гэта значыць, што падчас посту трэба звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя практыкі. Слова Божае вучыць таксама, што мы з’яўляемся прахам, таму католікам, якія распачынаюць перыяд саракадзённага посту ў Папяльцовую сераду, святары ў касцёлах сімвалічна пасыпаюць галаву попелам, што застаецца пасля спальвання галінак, асвечаных у мінулагоднюю Пальмовую нядзелю.
Гэтае ўсведамленне ўласнай мізэрнасці дапамагае распачаць працу для перамогі над галоўнаю заганаю — ганарлівасцю, якая змушае нас ставіць сябе на месца Пана Бога і робіць няздольнымі любіць і шанаваць іншых людзей. Святар, пасыпаючы галовы попелам, кажа наступныя словы: «Памятай, што ты прах, і ў прах вернешся», або: «Кайцеся і верце ў Евангелле». Мы «прах», з якога толькі Бог можа сфармаваць новага чалавека, падобнага да Адама і Евы ў раі да таго, як яны ўчынілі першы грэх, страшны грэх непаслухмянасці мудраму і поўнаму любові Богу. Д’ябал, які падмануў нашых продкаў, вінаваты і ў кожным нашым граху. Слова «д’ябал» перакладаецца з грэцкай мовы як «той, хто раздзяляе». Д’ябал імкнецца раздзяліць тое, што не павінна быць раздзеленым, а менавіта: чалавека і Бога. Гэта ён скажае вобраз Божы, таму што яго галоўная мэта — няпраўда. Ён майстар хлусні, геніяльны ашуканец, прафесійны і вынаходлівы хлус, які падманвае чалавецтва. Таму і той, хто ашуквае — дзіця д’ябла.
У раі, яшчэ да граху Адама і Евы, існавала цудоўная гармонія і еднасць паміж Богам і людзьмі, еднасць людзей паміж сабою, еднасць людзей са створаным светам і ўнутраная еднасць у самім чалавеку. Тады Адам і Ева мелі гармонію і прыгажосць унутры, дадзеныя Богам. Іх розумы, з’яднаныя з розумам Божым, дасканала разумелі Божую мудрасць. Яны захапляліся ёю, і воля першых людзей падштурхоўвала іх ісці за гэтым святлом мудрасці, а добрасумленнасць і чуллівасць чалавека былі падпарадкаваныя розуму і волі. Такім чынам, чалавек быў сапраўды вольным і цэласным. Наступствы першароднага граху нашых продкаў нясе ўсё чалавецтва, і мы з вамі таксама. Гэтыя наступствы перайшлі на ўсіх нашчадкаў першых людзей. З прычыны граху Адама і Евы мы таксама страцілі еднасць з Богам, еднасць у саміх сабе, еднасць з бліжнімі і еднасць са святлом праўды. Грахі, учыненыя намі сёння, паглыбляюць варожасць і непрыязнасць у гэтых чатырох вымярэннях. Мы бачым гэта штодня.
Каб дасягнуць мэты, да якой мы павінны імкнуцца, трэба вярнуць гэтыя чатыры еднасці, чаго ўласнымі сіламі мы зрабіць не можам. Таму, усведамляючы сваё няшчасце, трэба сказаць: мне патрэбны Збаўца.
Бог спачувае чалавеку, бачыць, як мы пакутуем, і таму паслаў нам свайго Сына, каб Ён, дасканалы Чалавек, у якога ёсць гэтыя чатыры вымярэнні, даў нам адпаведны лек, які загоіць нашыя раны, Ён навучыў нас, як вярнуцца да гармоніі. Каб ажыццявіць гэтую задуму, Ён заснаваў супольнасць вернікаў — Касцёл, даў нам Святое Пісанне, Святога Духа і сакрамэнты. Той, хто гэтага не прымае, супраціўляецца волі Езуса і не ведае Яго навукі. А што можа быць прыгажэйшае за яе, прыгажэйшае з тое, што Хрыстус сваёю смерцю ізноў адчыніў для нас брамы раю?
Ці падам я руку Езусу, каб Ён прывёў мяне ў рай? Калі мы не жывем паводле евангельскіх запаведзяў, мы становімся ворагамі Бога ў сваіх думках і ўчынках. Смяротны прысуд вынесены кожнаму чалавеку, але Езус прыняў смерць замест нас, каб мы маглі стаць новымі людзьмі. Таму пост, які павінен прывесці нас да Пасхі — пераходу ад старага чалавека да новага, які нагадвае нам пра пераход Езуса ад смерці да жыцця — гэта вялікі шанец для кожнага чалавека. Варта пайсці да людзей, якія сябруюць з жывым Езусам, жыццё якіх паказвае нам ідэал Евангелля і папрасіць, каб яны сталі нашымі праваднікамі на гэтым цяжкім шляху жыццёвых пераменаў.
Айцец Раман Шульц OP
Глядзі яшчэ разважанні на першую нядзелю Вялікага посту, год А:
айцец Крыштаф Коц’ян OP «Праўдзівая гісторыя».