
Другая нядзеля Вялікага посту, год А (12.03.2017)
Пан сказаў Абраму: Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу. Я ўчыню з цябе вялікі народ і буду благаслаўляць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і станеш благаслаўленнем. Буду благаслаўляць тых, хто цябе благаслаўляе, а тых, хто зневажае цябе, Я пракляну. І будуць благаслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі.
І выйшаў Абрам, як загадаў яму Пан.
(Быц 12, 1–4а)
І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».
(Мц 17, 1–9)
«Выйдзі са сваёй роднай зямлі»
Мне здаецца, што ключом да разумення сённяшніх літургічных чытанняў з’яўляецца заклік да выйсця. Гаворка ідзе не толькі пра першае чытанне, дзе гэты заклік гучыць наўпрост. Заклікам да выйсця з’яўляецца таксама і апісанне перамянення Пана.
Калі Пётр, Якуб і Ян бачаць Езуса, які прамяніцца Боскаю хвалою, яны жадаюць падоўжыць гэтую хвіліну, назаўжды застацца ў ёй. Адсюль гэтыя словы пра тое, каб паставіць шатры. Вучні хочуць сказаць: «Збудуйма тут жыллё і застанемся назаўжды». Але Пан Езус ігнаруе гэтую прапанову, а калі відзеж заканчваецца, проста сыходзіць з вучнамі ўніз з гары. Яшчэ не надышоў час для выканання абяцання — яно выканаецца тады, калі адбудзецца Уваскрасенне.
Вялікі пост — гэта час, калі мы асаблівым чынам павінны ўзгадаць, што знаходзімся ў дарозе. Так, на гэтай дарозе мы атрымліваем шмат Божай ласкі, шмат дабра, але яно даецца нам не для таго, каб мы яго збіралі і назапашвалі, а каб умелі яго аддаваць. Мы перажываем хвіліны, калі хвала Божая становіцца амаль датыкальнаю, так ясна мы адчуваем яе, але гэта толькі знак, які павінен умацаваць нас на шляху, а не выкананне абяцання. Пан побач з намі для таго, каб мы не баяліся пакінуць месца, дзе нам утульна і бяспечна. Ён — дарога, і толькі яна давядзе нас да сапраўднага жыцця і выканання абяцання.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
Глядзі яшчэ разважанні на другую нядзелю Вялікага посту, год А:
айцец Тамаш Міка OP «Колер Божых вачэй».