
У многіх краінах Вялікі пост пачынаецца тады, калі на зямлі яшчэ ляжыць снег і паветра даволі халоднае. Часам зіма нам здаецца доўгай-доўгай, і мы адчуваем сябе стомленымі. На самай справе мы стамляемся не толькі ад зімы, а ўвогуле ад жыцця, бо ў нас так шмат справаў, так шмат трэба зрабіць, так шмат перашкодаў, якія трэба пераадолець на шляху... І нам хацелася б, каб у нас было больш энергіі і энтузіазму...
Паціху дзень становіцца даўжэйшым, прырода прачынаецца ад сну, нават новае жыццё зараждаецца недзе глыбока ў змерзлай зямлі. Пачынае троху больш прыграваць сонейка, і праграваецца зямля.
Але гэтыя змены датычаць не толькі прыроды, яны датычаць таксама і нас. Хутка і нашы сэрцы прагрэюцца.
Падчас Вялікага посту паспрабуем зрабіць нашы душы менш зацвярдзелымі, менш жорсткімі, каб Святы Дух мог дзейнічаць у іх з большаю лёгкасцю і свабодаю.
У бліжэйшыя дні пастарайцеся знайсці час, каб пабыць у адзіноце. Знайдзіце для сябе 15 хвілінаў (часам гэта самае большае, што мы можам сабе дазволіць).
Першыя моманты дыхайце глыбока і засяродзьцеся на тым факце, што вы існуеце як жывая чалавечая істота, як Божае стварэнне. Заплюшчыце вочы і запрасіце Бога ў сваю душу, у сваё цела, у сваё ўяўленне, у сваю памяць, у свае думкі, эмоцыі, і менавіта ў гэты момант, менавіта цяпер, у гэтым месцы, скажыце Богу: «Пане, прашу Цябе, узмацні маю душу, я хачу мець добрае жыццё». Падзякуйце Богу за тое, што Ён даў нам яшчэ адзін дзень на планеце Зямля.
Мы думаем, што Вялікі пост — гэта час для пакаяння і смутку. Так і ёсць. Але кожны акт духоўнага росту павінен мець у сваім пачатку адкрытасць на Божую прысутнасць і любоў.
Калі мы запрашаем Бога, хочам Яго прысутнасці і гаворым Яму «так», гэта значыць, што пакаянне і наша аздараўленне ўжо пачаліся.
Няхай супакой Божы будзе з вамі сёння і назаўсёды.
Пераклад з англ. мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: Вініта Хэмптан Райт,
loyolapress.com