
Пакутуючы і памёршы замест нас, Езус прымірыў нас з Богам. Ён знішчыў грэх, каб мы маглі жыць вечна. Але ці мог усемагутны Бог выбавіць нас нейкім іншым спосабам?
Адно можна сказаць дакладна: як чалавек, Езус з болем і страхам чакаў сваіх пакутаў і смерці. Ён нават прасіў Бога не даць гэтаму здарыцца. Молячыся ў Аліўным садзе, Ён сказаў: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх» (Лк 22, 42). Магчыма, Ён сумняваўся, што мае дастаткова моцы, каб вытрымаць гэтыя нечалавечыя пакуты? Можа і так, але Езус быў гатовы пакутаваць з паслухмянасці Айцу і з любові да нас, і таму дадаў: «Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42).
# Жудасна
Біблія гаворыць, што такім чынам Езус заслужыў прабачэнне за нашыя грахі і збавіў нас ад смерці. Узнікае пытанне, ці мог усемагутны Бог выбавіць нас нейкім іншым спосабам? Мы не ведаем адказу, але, узгадваючы малітву Езуса ў Аліўным садзе, можна меркаваць, што не мог, і не таму, што Бог нейкім чынам абмежаваны, а таму, што патрэбная была дасканалая ахвяра, каб зноў паяднаць Бога і грэшнага чалавека, і Бог прынёс гэтую дасканалаю ахвяру — сябе самога. Юдэйскія рэлігійныя лідары ўбачылі крыўду, нанесеную Богу (блюзнерства), у тым, як Езус смела прабачаў грахі іншым і называў сябе Сынам Божым (гл. урэзку), і таму патрабавалі, каб Ён быў пакараны смерцю. Праз Уваскрасенне Бог паказаў, што Езус — сапраўды Яго Сын, які насамрэч мае ўладу прабачаць грахі і дарыць вечнае жыццё. Забойства адзінага Божага Сына — найбольшы грэх, які толькі можна ўявіць. Аднак Езус прабачыў тым, хто ўчыніў гэта (гл. Лк 23, 24), даказаўшы, што няма такога граху, які Бог не мог бы прабачыць.
# Святыя Раны
Святы Пётр сказаў, што мы можам аздаравіцца ранамі Хрыста (гл. 1 П 2, 24). Сваімі пакутамі Езус паяднаў Бога і чалавека. Крыжовая ахвяра — гэта адказ Богу, які даў Езус ад імя ўсяго чалавецтва. Уваскрасенне Хрыста — гэта адказ Бога чалавецтву. Пяць Святых Ранаў на руках, нагах і ў баку Езуса з’яўляюцца сімваламі нашага адкуплення. Таму, напрыклад, калі асвячаецца новая святыня, біскуп намашчае алеем хрызмам алтар: крэсліць пяць крыжоў на паверхні алтара, якія сімвалізуюць пяць ранаў Хрыста.
# Жыццё са смерці
Найбольшыя пакуты Езуса былі выкліканыя не фізічнымі ранамі, а пачуццём адзіноты і адкінутасці, якія Ён перажыў на крыжы. Езус, хоць і з’яўляецца Богам, як чалавек адчуваў, што Бог пакінуў Яго. І ад гэтай самай пакінутасці мы пакутуем без прабачэння, якое прапануе нам Хрыстус. Стаўшы на нашае месца, Езус пытаўся: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мк 15, 34). Езус, без аніякай віны і граху, стаў «грэшнікам» замест нас (гл. Гбр 9, 28). Узяўшы крыж, Ён панёс нашыя грахі і кару за іх. Да апошняга моманту жыцця Ён заставаўся верным Богу (гл. 2 Цім 2, 13) і з апошнім уздыхам прамовіў: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46). Ахвяраваўшы Богу сваю любоў замест нас, Ён зрабіў магчымым нашае паяднанне і прымірэнне з Богам (гл. Клс 1, 20). Езус ад нашага імя ўтварыў з Айцом новы запавет, які будзе трываць ва ўсе часы (гл. Гбр 9, 15).
Ці з’яўляецца Езус Сынам Божым?
У часы да нараджэння Хрыста юдэі ўжо называлі некаторых асабліва значных асобаў «сынамі Бога». У Святым Пісанні Ізраэль названы Божым першынцам (гл. Зых 4, 22). Каралі таксама часам называліся Божымі сынамі (гл. Пс 2, 7). Аднак, называючы Хрыста Божым Сынам, мы не проста даем яму ганаровы тытул або вызначаем Яго месца ў культуры. Адносіны паміж Езусам і Айцом адрозніваюцца ад нашай сувязі з Богам, бо сам Езус таксама з’яўляецца Богам. Тамаш, адзін з вучняў Хрыста, вядомы як «малаверны Тамаш», усклікнуў да Езуса: «Пан мой і Бог мой!» (Ян 20, 28). Сам Бог назваў Езуса «Сын Мой умілаваны» (Мц 3, 17). Пётр нават сказаў Езусу: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16). І Езус гэта пацвярджаў. Многія, хто слухаў, як Езус называў сябе Божым Сынам, не паверылі Яму. Езуса нават хацелі каменаваць за блюзнерства, кажучы: «Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам» (Ян 10, 33). Яны ніколі б не захацелі каменаваць Хрыста, калі б словы «Сын Божы» былі толькі ўмоўнасцю, ганаровым тытулам. Такім чынам, Біблія пацвярджае, што Езус — сапраўдны Бог. Вера ў тое, што Езус Хрыстус — гэта Сын Божы, з’яўляецца асноўным крытэрыем хрысціянства (ККК 454). У Нікейскім Сімвале веры гаворыцца пра тое, што Езус «Бог сапраўдны ад Бога сапраўднага, народжаны, а не створаны, адзінасутны Айцу».
Чытай больш:
Езус бярэ на сябе нашыя грахі: ККК 613–617, 622–623; КККК 122; YOUCAT 101.
Крыжовая ахвяра: ККК 616–618, 623; КККК 122–123; YOUCAT 101–102.
Сын Божы: ККК 441–445, 454; КККК 83; YOUCAT 74.
Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2017
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены