Як сын, дык і спадчыннік

«Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні» (Лк 1, 46–48).

Прывычныя словы Марыі падаюцца дзіўнымі, калі ўявіць сабе, як Яна спачатку кажа пра «пакору слугі» і тут жа дадае: «благаслаўляць мяне будуць». Калі б хтосьці з католікаў у нашай супольнасці сказаў бы, што яго будуць благаслаўляць, а яшчэ і ўсе пакаленні, то мы б палічылі такога чалавека саманадзейным і дзёрзкім. Але Багародзіца кажа такія словы не з пыхі, не з амбіцый. Яна канстатуе той факт, што Езус праславіць Яе. І Ён праславіў, і не толькі Марыю, але і кожнага чалавека. Часта пакораю будзе менавіта прызнанне сваёй вартасці. Марыя ўсё пакорна прымае і адначасова радуецца таму, што Бог узглянуў на пакору сваёй слугі і ўчыніў Яе Маці свайго Сына.

У збаўленні Езус Хрыстус учыніў нас сваімі братамі, а значыць, мы з’яўляемся ўлюбёнымі сынамі і дочкамі Бога Айца. Ці ўсведамляю я вартасць дзіцяці Бога? Ці я шаную Яго, ці слухаю, ці люблю? Выходзіць, калі я сын або дачка, дык і спадчыннік, так кажа св. Павел: «А калі мы дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом» (Рым 8, 17). А спадчына ў нас адна — бясконцая любоў Бога.

Чаму нам так цяжка быць упэўненымі ў любові Бога? Чаму мы так часта ўцякаем, як Адам, нібыта спачатку баючыся пакарання за правіны, за недасканаласць, а пасля незаўважна для сябе ўяўляем Бога злым і патрабавальным? Усё гэта замест самага важнага: у любой незразумелай сітуацыі ўцякаць трэба не ад Бога, а да Яго.

Вядома, многія псіхалагічныя, а з імі і духоўныя, праблемы пачынаюцца з ранняга дзяцінства. Я магу быць няўпэўненым чалавекам, магу жыць у страху страціць павагу да мяне маіх блізкіх, у страху быць горшаю, быць абсмеянаю, «не заслужыць» любові... Гэтыя страхі нараджаюць непераадольныя межы, цэлыя сцены, праз якія Бог усё роўна імкнецца дастукацца, зламаць іх, вызваліць нас, сказаць: «Цябе сапраўдную, такую, якая ты ёсць, Я люблю, і Я хачу быць з табою». Будзь шчаслівым, як Марыя, бо: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45). Павер і ты, што сапраўды варты, сапраўды любімы.

Марыя цалкам усведамляе сваё паклікане быць Багародзіцаю, пакорна ўсведамляе сваю ролю ў свеце. Таму Яна ў праўдзе бачыць Айца, Яна ясна вызнае і захапляецца Яго міласэрнасцю, моцаю, справядлівасцю, святасцю.

Наша пакліканне — быць паўнапраўным і шчаслівым сынам або дачкою Пана. І толькі так, цвёрда стоячы на нагах, давяраючы Айцу, мы можам быць шчаслівымі. Тады не напужаюць няўдачы, недасканаласць — яны застануцца. Толькі якая наша задача: засяроджвацца і абдумваць сваю недасканаласць? Або, можа, у цяжкія моманты проста сказаць Богу: «Паглядзі, многае ў мяне не выходзіць, але Ты любіш і прымаеш мяне, давай разам штосьці прыдумаем...»


Вольга Качалка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней