Любоў да бліжняга — шлях да Бога

Пятая звычайная нядзеля, год А (05.02.2017)

Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень. (Іс 58, 7–10)
 

Калі я прыйшоў да вас, браты, я не прыйшоў абвяшчаць вам сведчанне Божае ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.

І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў выяўленні духа і сілы, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай. (1 Кар 2, 1–5)

Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям. Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах. (Мц 5, 13–16)

Любоў да бліжняга — шлях да Бога

Мы добра разумеем, што існуе сувязь паміж любоўю да Бога і любоўю да чалавека. Нельга любіць Бога, якога мы не бачым, калі мы не любім чалавека, якога бачым. Існуюць прынамсі тры варыянты таго, як суадносяцца між сабою гэтыя віды любові. 

Па-першае, любоў Божая заахвочвае нас любіць бліжняга. Гэта цудоўна бачна на прыкладзе святога Паўла, урывак з паслання якога мы чытаем сёння. Той, хто пераследаваў Касцёл, той, хто апраўдваў арышты і нават смерць хрысціянаў, раптам пасля сустрэчы з Хрыстом прысвяціў усё сваё жыццё служэнню гэтым людзям. Ён стаў перад імі «ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні». Любоў Божая з'яўляецца рухавіком нашага служэння іншым людзям. 

Па-другое, хрысціянская любоў можа стаць прыладаю евангелізацыі. Ва ўрыўку Евангелля паводле Мацвея Езус ставіць цяжкую задачу перад хрысціянскаю супольнасцю. Мы павінны стаць соллю зямлі і святлом для свету. Хрысціяне павінны свяціць не для таго, каб іх хвалілі, а каб «бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах». Жыццё хрысціянаў у нейкім сэнсе павінна быць «доказам» існавання Бога. 

І, нарэшце, па-трэцяе, любоў да бліжняга адкрывае маім вачам Бога. Папа Бэнэдыкт XVI так пісаў пра гэта ў сваёй першай энцыкліцы: «Любоў да бліжняга — гэта таксама шлях да сустрэчы з Богам, а заплюшчванне вачэй на бліжняга робіць чалавека сляпым у адносінах да Бога». Пра гэта мы часта забываемся. Калісьці гэтую праўду адкрыла для сябе святая Тэрэза з Ліз'ё. Перажываючы цёмную ноч веры, яна адкрыла Біблію і выпадкова трапіла на ўрывак з кнігі прарока Ісаі, які мы чытаем сёння ў літургіі: «Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся. Тады заззяе, як золак, святло тваё». Калі гасне лямпа веры, можна запаліць лямпу любові да бліжняга і такім чынам знайсці шлях да Бога. 

Айцец Войцех Сурувка OP
Паводле матэрыялаў часопіса «W drodze» 


Глядзі яшчэ разважанні на пятую звычайную нядзелю, год А:

Айцец Крыштаф Коц’ян OP «Як стаць соллю?»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней