Любімыя хрысціянскія фільмы моладзі

Нядаўна ў кінатэатрах выйшаў новы фільм «Маўчанне» Марціна Скарсэзэ. Стужка распавядае пра каталіцкіх святароў місіянераў, якія вырушылі ў Японію ў XVII стагоддзі. Фільм ужо атрымаў самыя розныя водгукі ў прасторы інтэрнэту, а пакуль крытыкі спрачаюцца, а сеансы працягваюцца, мы вырашылі запытацца ў каталіцкай моладзі, якія фільмы ёй найбольш падабаюцца, і склалі спіс любімых хрысціянскіх фільмаў.

1. «Пакуты Хрыстовы» і «Сын Божы»

— Гэтыя фільмы сапраўды аказалі на мяне вялікі ўплыў. Яны біяграфічныя і распавядаюць аб жыцці Езуса Хрыста. Думаю, шмат хто іх бачыў. Гэтыя фільмы даюць магчымасць убачыць тое, на што, чытаючы Біблію, не заўсёды людзі звяртаюць увагу. Мне здаецца, што гэта вельмі моцныя фільмы, якія патрэбна паглядзець кожнаму хрысціяніну (Алеся Адамовіч, Мінск).

 

2. «Караль, чалавек, які стаў Папам»

— Я вельмі люблю святога Яна Паўла II. У гэтым фільме паказваецца і яго станаўленне, і тое, як ён у самыя жудасныя часы сябе паводзіў. Прыклад Яна Паўла II паказвае, што нават у самыя страшныя часы можна быць святым і проста добрым чалавекам. Таксама ў гэтым фільме ўзнімаецца праблема выбару чалавекам свайго шляху – сямейнага або кансэкраванага. Мне асабіста было вельмі балюча за галоўную гераіню, калі яна даведалася, што яе каханы вучыцца ў семінарыі. Але і ў такой сітуацыі паказваецца, што Бог вельмі добра ўсё складае, толькі трэба даверыцца яму… (Кацярына Фільмановіч, Мінск).

 

3. «Зямля Марыі»

— Ёсць такі добры выраз: «Кожны мае патрэбу ў тым, каб яму час ад часу распавядалі добрую гісторыю». У кінастужцы «Зямля Марыі» (рэжысёр — Хуан Мануэль Кацела) такіх гісторый некалькі, і кожная з іх стала вельмі важнай для мяне. Гэты фільм — моцнае сведчанне людзей, якія адчулі ў сваім жыцці асаблівы дотык Панны Марыі. «Зямля Марыі» — гэта матывацыя падысці да Маці Божай яшчэ бліжэй. Вельмі шкада, што гэты цудоўны фільм не перакладзены ні на беларускую, ні на рускую мову. Але, напэўна, гэта пытанне часу (Аліна Вольская, Мінск).

 

4. «Джузэпэ Маскаці: Любоў, якая вылечвае»

— Галоўным героем гэтага фільма — ваенны ўрач Джузэпэ Маскаці. Мне здаецца, што менавіта гэты фільм павінен паглядзець кожны хрысціянін, таму што менавіта ён вучыць любові, міласэрнасці, шчырай веры і спачуванню. Гэты фільм дэманструе нам, як быць святым штодзённа і яскрава паказвае, што для таго, каб знайсці Бога, не трэба шукаць звілістых шляхоў і звышздольнасцяў. Дастаткова мець добрае, чулае сэрца, быць ахвярным і працалюбівым, перамагаць боль і адчай на славу Бога і дзеля дапамогі людзям. Святым можа быць кожны. Патрэбна толькі крышку любові, а таксама працягнутыя рукі для дапамогі бліжнім (Вікторыя Піскуновіч).

 

5. «Клара і Францішак»

— Фільм распавядае пра жыццё маіх найбліжэйшых святых. Гэтая стужка дапамагла мне ўвайсці ў духоўнасць і жыццё святой Клары і Францішка. Я думаю, што пра святых, імёны якіх мы атрымалі падчас хросту і бежмавання, мы павінны ведаць. Праз фільмы або праз кнігі (Яўген Вінтаў, Мінск).

 

6. «Форэст Гамп»

— Для мяне асабіста сюжэт гэтага фільма паказаў, што з верай усё магчыма. І толькі тады веруючы чалавек можа быць вельмі моцным, калі ў сваёй веры абапіраецца на Бога» (Андрэй Лугін).

 

7. «Айцец Піо»

— Усе любяць гэты фільм. Нават, мабыць, не трэба тлумачыць, чаму. Жыццё айца Піо ўражвае. Канешне, у фільме некаторыя рэчы перабольшаны, штосьці дададзена, штосьці не сказана, але ў цэлым фільм зняты вельмі добра (Валерыя Запруцкая).

 

8. «Харысты»

— Глядзела гэты фільм 7 разоў і ўпэўнена, што пагляджу яшчэ не раз. Чым ён мне так падабаецца? У ім паказваецца, як трэба любіць дзяцей, і якіх адносінаў паміж выхаванцамі і вучнямі не павінна быць. Хоць у гэтым фільме і няма хрысціянскай тэматыкі, у ім ёсць добрыя хрысціянскія справы. Гэтая стужка нечым падобная да фільма пра святога Дона Боско, а яшчэ ў ёй фантастычная музыка і спевы. Раю паглядзець усім, хто яшчэ яе не бачыў (Кацярына Фільмановіч).

 

9. «Бог забаронены»

— Фільм распавядае пра клерыкаў у Іспаніі і іх пераслед. Мне вельмі падабаецца адвага галоўных герояў, з якой яны абвяшчаюць Евангелле ў цяжкія часы. У фільме таксама паказана духоўнае змаганне, якое вядуць семінарысты падчас  падрыхтоўкі да святарства (Яўген Вінтаў).

 

10. «Бог не памёр»

— Гэты фільм мне вельмі падабаецца. Думаю, ён будзе карысным для тых людзей, якія яшчэ сумняваюцца ў тым, што Бог ёсць (Яна Цыкман, Баранавічы).

Дасылайце ўражанні пра кінастужкі, якія натхняюць менавіта вас!


Падрыхтавала Марына Валасар.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней