Шостая звычайная нядзеля, год А (12.02.2017)
Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам: калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім. Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул. І няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога. (Мц 5, 20–22а. 27–28. 33–34а. 37 )
Растлумач мне
Дзіўная рэч — мова чалавека. Здараецца, што значэнне словаў, якія мы прамаўляем, супярэчыць іх літаральнаму значэнню. Напрыклад, возьмем выраз «Ну дык растлумач мне». Калі разумець яго літаральна, ён значыць гатоўнасць запоўніць прабелы ў сваіх ведах і адкрытасць на новыя веды. На жаль, дыскутуючы, мы найчасцей ужываем яго, калі зусім не жадаем, каб нам нешта тлумачылі, і наш суразмоўца можа хоць на галаве стаяць, але мы ні за што не зменім свайго меркавання.
Хрыстус тлумачыць Дэкалог. Ніхто не прасіў Яго, Яму дастаткова было паглядзець на натоўп навокал: на сыноў і дачок выбранага народа, якія адвеку ганарыліся тым, што маюць закон, дадзены ім Творцам. Аднак выбранасць — хоць і ганаровы, але цяжар. Як выконваць Божыя запаведзі, каб мець упэўненасць, што мы «ў парадку», што выкананне ўсіх дзесяці нам «залічанае»? Калі я нікому не перарэзаў горла, значыць, я выканаў пятую запаведзь? А калі не сплю з жонкаю сябра, хоць яна і вельмі прывабная, значыць, мне залічваецца шостая? А як ацаніць прысягі, якія я даю? Як быць упэўненым?
Хрыстус адказвае. Ён гаворыць: «Кажуць: не забівай, а Я кажу: пазбаўся пагардлівага духу і першы працягні руку, каб прыйсці да згоды. Кажуць: не чужалож, а Я кажу: не глядзі на іншага чалавека як на спосаб дасягнуць уласнага задавальнення. Кажуць: не прысягай фальшыва, а Я кажу: будзь такі сумленны, каб табе не трэба было даваць прысягаў». Дэкалог — гэта не тэст, які мы выконваем за колькі хвілінаў і аддаем на праверку Найвышэйшаму, каб пасля жыць спакойна, атрымліваючы бонусы за добрую адзнаку, якую атрымалі. Божы закон — гэта лад жыцця, усяго жыцця, да самага канца. Гэта подых Духа моцы, які вядзе нас над літарамі і адкрывае перад намі новыя далягляды.
Калі мы просім тлумачэння, давайце звернем увагу на тое, як мы просім і ці сапраўды хочам пачуць адказ. А пачуўшы яго, услухаемся ў яго, паспрабуем зразумець і ажыццявіць. Асабліва тады, калі Той, хто дае нам тлумачэнні, — гэта сам Бог.
Айцец Павел Крупа OP
Паводле матэрыялаў часопіса W drodze
Глядзі яшчэ разважанні на шостую звычайную нядзелю, год А:
Айцец Тамаш Міка OP «Дзеля чаго тлуміць галаву Езусу дробязямі?»