Малітва Росіцы

Яна тут заўсёды асаблівая. У любую пару года. Але малітва ў настылым росіцкім касцёле зімою нібы нясе ў сабе адбітак далёкай ужо цяпер трагедыі, якая разыгралася на гэтай зямлі ў 1943 годзе. Карная акцыя гітлераўцаў над мірным насельніцтвам пад умоўнаю назваю «Зімовае чараўніцтва» адбылася ў Росіцы 16-18 лютага.

У агромністы гмах росіцкай святыні былі сагнаныя жыхары не толькі самой вёскі, але і многіх навакольных вёсак, тых, якія таксама былі асуджаныя гітлераўцамі на знішчэнне. Многія вёскі ўжо ляжалі ў попеле, шмат ні ў чым не павінных людзей ужо стала ахвярамі жудаснай расправы, а маладзейшых жыхароў карнікі сагналі ў росіцкую святыню, каб потым адправіць ці ў канцэнтрацыйныя лагеры Германіі, ці ў жудасны агонь Росіцы.

Іх утрымлівалі без ежы і вады ў росіцкім касцёле трое сутак. І ўвесь гэты час айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра спавядалі, хрысцілі, цэлебравалі святую Імшу і звярталіся да гаротных людзей, сярод якіх было вельмі шмат іх парафіянаў, са святарскім словам падтрымкі. Якія ж патрэбныя былі гэтыя словы тым, хто трапіў у жудасныя жорны вайны! Але не менш патрэбнаю была і святарская паслуга. І яны да апошняга служылі. Нягледзячы на тое, што карнікі прапанавалі ім жыццё, яны засталіся з тымі, хто ішоў на смерць. Не змаглі зрабіць іншага выбару.

Прыклад святарскай мужнасці і вернасці. Прыклад добраахвотнае ахвяры Богу. Прыклад бязмежнай любові да Бога і да тых, каго Ён даручыў ім…

Пра ўсё гэта думаецца ў росіцкім касцёле, калі ўкленчыш на той самай падлозе, палітай слязьмі і крывёю ахвяраў трагедыі. Калі глядзіш на абраз росіцкіх мучанікаў пэндзля беларускага мастака, нашага сучасніка Валяр’яна Янушкевіча. Калі спавядаешся ў гэтай святыні, у якой слухалі споведзі благаслаўлёныя мучанікі Юры і Антоні тады, у 43-м… Калі проста ў асабістай малітве даручаеш Богу тое, што перажываеш, чым напоўнена тваё жыццё альбо жыцці тваіх блізкіх і сяброў.

…За гэтыя гады ў Росіцы з’явілася шмат сяброў. Тых, якія прыязджаюць альбо прыходзяць пілігрымамі сюды ў жніўні, калі Росіца ажывае шматлікімі маладымі галасамі. Тых, хто ў часе школьных канікулаў прывозіць сюды дзяцей, каб распавесці ім пра балючае і горкае, але і такое прыгожае мужнай любоўю мучанікаў мінулае нашай Бацькаўшчыны. Тых, хто прыязджае сюды папрацаваць і дапамагчы айцу Чаславу даглядаць вялізныя «дываны» кветак, якія ён штогод высаджвае ў гэтым святым месцы. Калісьці закінуты, занядбаны пляц мучаніцтва, дзе знайшлі апошні прыстанак ахвяры росіцкай трагедыі, цяпер кожнае лета гарыць трывожнай чырванню кветак.

…Сюды, у Росіцу, часта прыязджаюць святары. І не толькі тады, калі тут адбываецца агульная малітва, але і прыватна, калі надыходзіць такі час, што вельмі важна пабыць на адзіноце, памаліцца, паразважаць, адбыць свае прыватныя рэкалекцыі. Здаецца, Росіца для гэтага — найбольш прыдатнае месца. Прыклад святарскай мужнасці, вернасці і бясконцай любові. Дзе яшчэ ён можа быць такім выразным і жывым?..

18 лютага гэтага года ў Росіцы зноў была малітва пілігрымаў. Святары, законнікі і законніцы Віцебшчыны прыехалі сюды, каб удзельнічаць у агульнай малітве за кансэкраваных асобаў. Разам са шматлікімі пілігрымамі з Полацка і Наваполацка, Віцебска, Мінска, Жодзіна, Барысава, Оршы, Мёраў, Верхнядзвінска, Друі, Глыбокага яны маліліся ў сцюдзёным росіцкім касцёле. А калі на малітве святога Ружанца, якую падрыхтавалі сёстры эўхарысткі, зачытваліся ўспаміны сведкаў трагедыі, здавалася, што перад вачыма ажывалі тыя далёкія падзеі. Таямніцы Ружанца маліліся хлопчыкі з Друі і Друйска. І гэта таксама прачытвалася як знак, як памяць пра тых іх равеснікаў, якія загінулі ў полымі росіцкага агню…

Святая Імша, святая Камунія… На тварах пілігрымаў — асаблівая, глыбокая засяроджанасць. А потым — незабыўная працэсія са знічамі ў руках на пляц мучаніцтва. Па той самай дарозе, па якой ішлі апошнія ахвяры трагедыі. Разам з айцом Юрыем Кашырам яны прайшлі гэты шлях з малітваю Літаніі да ўсіх святых. Таму і мы кожную працэсію на пляцы мучаніцтва праходзім менавіта з гэтаю малітваю. І немагчыма перадаць тыя пачуцці, якія агортваюць на гэтым пляцы перад высокім крыжам. Зямное і нябеснае зліваецца ў гэтыя хвіліны тут у адно…

— Благаслаўлёныя мучанікі Юры і Антоні, маліцеся за нас!..
— Усе святыя Божыя, маліцеся за нас!..


Ірына Жарнасек
Фота Віталя Царыка

 {gallery}2017-02-2{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней