Пра духоўных памочнікаў і сімволіку рэлігійных знакаў: майскі нумар часопіса «Ave Maria»
08.05.2013|2013 май|-

З майскага нумара часопіса «Ave Maria» чытачы дазнаюцца пра галоўныя падзеі, да якіх рыхтуецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі, а менавіта: пра перэгрынацыю рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса па нашай краіне і святкаванне 75-й гадавіны кананізацыі беларускага святога Андрэя Баболі. У часопісе змешчана падрабязная праграма перэгрынацыі рэліквій па ўсіх дыяцэзіях Беларусі. Чытачы атрымаюць у сваю духоўную скарбонку гісторый жыцця святых яшчэ адзін раздзел з кнігі Анзэльма Груна «Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах». На гэты раз святою памочніцаю для нас стане менавіта Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, духоўнасць якой была вельмі цесна звязана з перажываннем штодзённых жыццёвых выпрабаванняў, якія лёс пасылае і кожнаму з нас.

Узгадаць пра незвычайны жыццёвы шлях і страшную мучаніцкую смерць святога Андрэя Баболі, а таксама пра моц яго заступніцтва перад Панам Богам заахвочваюць «Малітвы да святога Андрэя Баболі», змешчаныя на вокладцы часопіса. Мы, беларусы, можам ускладаць асаблівую надзею на апякунства гэтага святога, які быў закатаваны за тое, што сведчыў аб веры нашым суайчыннікам (яго цела было знойдзена нятленным у Пінску ў 1702 годзе).

Працягвае сваю рубрыку ў часопісе і кс. Андрэй Рылка, які адказвае на пытанні, што найбольш цікавяць чытачоў. У гэтым нумары святар распавядае пра тое, чаму мы хрысцімся злева направа, у той час як праваслаўныя вернікі — справа налева. Часам мы не зусім дакладна разумеем сімволіку некаторых хрысціянскіх знакаў, што прыводзіць да іх адвольнай трактоўкі, супярэчлівых меркаванняў і спрэчак. Запрашаем вас, шаноўныя чытачы, дасылаць у рэдакцыю новыя пытанні, на якія вы хацелі б атрымаць разгорнутыя і кампетэнтныя адказы.

Гэтыя і іншыя матэрыялы дапамогуць вам глыбока перажыць Марыйны месяц май, які кліча да апрацоўкі і засеву не толькі вясновай зямелькі, але і садоў нашых азяблых, прагнучых сонца душаў.

Рэд.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней