«Езу, Ты сам займіся гэтым!»

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год С  

«І сказалі Апосталы Пану: “Дадай нам веры!” А Пан сказаў: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», — і яна б паслухалася вас. Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?» Наадварот, ці не скажа яму: «Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць»”» (Лк 17, 5–10).


«Езу, Ты сам займіся гэтым!»

«І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”» — у сувязі з апошнім сказам з сённяшняга евангельскага чытання, я прапаную вам задаць сабе два пытанні. Першае: ці лічу я сябе ў глыбіні сэрца слугою Езуса, свайго Пана? І другое: ці сапраўды я лічу сябе нікчэмным слугою, які зрабіў усё?

Прызнаюся, што я хачу, але часта няздольны ажыццявіць гэтыя словы Пана Езуса, і адбываецца гэта па дзвюх прычынах. Па-першае, таму што напэўна не выканаў усё, што загадаў мне Пан. Па-другое, таму што ў маёй працы часта бракуе чыстай інтэнцыі і любові. Некалькі дзён таму знаёмая прыслала мне разважанне і сцісла напісала, што, калі яна чытае гэтыя словы, змяняецца яе стаўленне да жыцця. Я прапаную вам гэтае разважанне, каб падзяліцца яго глыбокім зместам. Стаўленне, якому вучыць у гэтым тэксце Пан Езус, патрэбнае нам у жыцці, каб мы з чыстым сэрцам маглі сказаць: «Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць». Гэтае разважанне дапаможа нам асэнсаваць словы Езуса з сённяшняга евангельскага чытання.

Айцец Раман Шульц OP
(06.10.2013)


«Езус кажа душы:

“Чаму вы трывожыцеся і непакоіцеся? Пакіньце Мне клопат пра вашыя справы, і ўсё супакоіцца. Сапраўды кажу вам, што кожны акт сапраўднага, глыбокага і цалкавітага даверу да Мяне нараджае пажаданы вамі вынік і вырашае цяжкія сітуацыі.  Давяраць Мне не азначае мучаць сябе, бунтавацца, прыходзіць у адчай, а пасля скіроўваць да Мяне малітву, поўную неспакою, каб Я паспеў вам дапамагчы; давер — гэта замена неспакою на малітву. Давяраць — значыць спакойна заплюшчыць вочы душы, пакінуць роспачныя думкі і аддаць сябе Мне так, каб дзейнічаў толькі Я, кажучы Мне: “Ты сам займіся гэтым”.

Супрацьлегласцю даверу з’яўляецца трывога, разгубленасць, жаданне разважаць над вынікамі падзеі. Гэта падобна да мітусні, якую ўзнялі дзеці, дамагаючыся, каб мама думала пра іх патрэбы, у той час, як яны самі спрабуюць гэтым займацца, абцяжарваючы сваімі думкамі і капрызамі яе працу. Заплюшчыце вочы і дазвольце Мне працаваць, заплюшчыце вочы і думайце пра цяперашнюю хвіліну, адвярніце думкі ад будучыні, як ад спакусы.

Абапірайцеся на Мяне, верачы ў Маю дабрыню, а Я прысягну вам сваёю любоўю, так што калі вы скажаце: “Ты сам займіся гэтым”, Я ў поўні зраблю гэта, суцешу вас, вызвалю і павяду. Аднак часам Я мушу ўводзіць вас у жыццё, якое адрозніваецца ад таго, што вы хацелі б для сябе. Тады Я вучу вас, нашу на сваіх руках, раблю так, што вы становіцеся нібы малыя дзеці, якія заснулі ў матчыных абдымках. Што вас сапраўды непакоіць і правакуе вялікія цярпенні, дык гэта вашыя развагі, імкненне мысліць па-свойму, вашыя думкі, а таксама жаданне самім вырашыць свае праблемы,  нягледзячы ні на што. Чаго Я толькі ні зраблю, калі душа ў вялікай патрэбе, духоўнай і матэрыяльнай, звяртаецца да Мяне, кажучы: “Ты сам займіся гэтым”, закрывае вочы і супакойваецца! Вы атрымліваеце няшмат ласкаў, калі мучаецеся і трывожыцеся пра тое, каб іх атрымаць; вы атрымліваеце іх шмат, калі вашая малітва — гэты поўны давер да Мяне. У цярпенні вы просіце, каб Я дзейнічаў, але так, як вы гэтага хочаце... Вы звяртаецеся да Мяне, але хочаце, каб гэта Я прыстасаваўся да вас. Не будзьце як хворыя, што просяць лекара вылечыць іх, але самі яму падказваюць, якое лячэнне выбраць. Не рабіце так, а маліцеся, як Я навучыў вас у малітве “Ойча наш”: “Свяціся Імя Тваё” — гэта значыць: будзь праслаўлёны ў гэтай маёй патрэбе. “Прыйдзі Валадарства Тваё” азначае: няхай усё будзе на хвалу Валадарства Твайго ў нас і ў свеце. “Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі” — гэта значыць: Ты прымай рашэнне ў гэтай патрэбе, зрабі тое, што Табе здаецца найлепшым для нашага цяперашняга і вечнага жыцця.

Калі вы сапраўды скажаце Мне: “Будзь воля Твая”, што таксама азначае: “Ты сам займіся гэтым”, Я ўвайду з усёю сваёю ўсемагутнасцю і знайду рашэнне ў найцяжэйшых сітуацыях. Калі ты ўбачыш, што твае клопаты павялічваюцца замест таго, каб паменшыцца, не турбуйся, заплюшчы вочы і з даверам скажы Мне: “Будзь воля Твая, Ты сам займіся гэтым!” Кажу табе, Я займуся гэтым, Я паглыблюся ў гэтую справу, як лекар, і нават, калі будзе трэба, учыню цуд.  Ты бачыш, што справа пагоршваецца? Не губляй моцы духу! Заплюшчы вочы і гавары: “Ты сам займіся гэтым!”. Кажу табе, што Я займуся гэтым, і няма лепшага леку за ўмяшальніцтва  Маёй любові. Я займуся гэтым толькі тады, калі ты заплюшчыш вочы.

Вы не можаце спаць, усё хочаце прааналізаваць, усё зразумець, пра ўсё падумаць, і такім чынам вы давяраеце людскім сілам або, ячшэ горш, давяраеце толькі ўмяшальніцтву чалавека. А гэта акурат з’яўляецца перашкодай Маім словам і Майму прыходу. О! Як жа Я прагну вашага даверу, каб Я змог даказаць вам сваю дабрыню, і як жа Я засмучаюся, калі бачу вас усхваляванымі.

Д’ябал імкнецца менавіта да гэтага. Ён хоча вас узбунтаваць, каб схаваць ад Майго дзеяння і зрабіць здабычай толькі людскіх чынаў.  Таму давярайце толькі Мне, абапірайцеся на Мяне, даручайце Мне ўсё. Я раблю цуды, адпаведныя вашаму даверу да Мяне, а не вашым клопатам. 

Kалі вы цалкам убогія, Я выліваю на вас скарбы сваіх ласкаў. Калі ў вас ёсць свае запасы, нават невялікія, або вы імкнецеся іх здабыць, вы застаецеся ў натуральным абшары, і таму ідзеце за науральным ходам падзеяў, якому часта перашкаджае д’ябал. Ніводны чалавек, які абапіраецца толькі на людскую логіку, не зрабіў цудаў.  Але боскім чынам дзейнічае той, хто давярае Богу.

Калі ты бачыш, што справы ўскладняюцца, скажы з заплюшчанымі вачыма душы:  “Езу, Ты сам займіся гэтым!” Рабі так ва ўсіх сваіх патрэбах. Усе так рабіце, і вы ўбачыце вялікія, няспынныя і ціхія цуды. Прысягаю вам гэта сваёй любоўю”.

З аўтабіяграфічнай аповесці
францішканскага тэрцыярыя,
кс. Даліндо Руатоло (1882–1970).
Пераклад з польскай мовы Наталлі Дарашкевіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней