Дваццаць дзявятая звычайная нядзеля, год С
«Прыйшлі амалекіцяне і ваявалі з Ізраэлем у Рэфідыме. І сказаў Майсей Езусу Навіну: Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалекіцянамі; заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.
І зрабіў Езус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з амалекіцянамі. А Майсей, і Аарон, і Хур узышлі на вяршыню пагорка. Калі Майсей падымаў рукі свае, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў рукі свае, перамагаў Амалек. Калі рукі Майсеевы ацяжэлі, тады ўзялі камень і падставілі яму, і ён сеў на ім, а Аарон і Хур падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.
І перамог Езус Амалека і народ ягоны выстрыём мяча» (Зых 17, 8–13).
Супольная малітва
С сённяшнімі літургічнымі чытаннямі звязаная адна важная праблема. Кожны мае ў жыцці досвед мноства невыслуханых шматгадзінных малітваў за сваіх дзяцей, мужа, жонку, сяброў. Чаму? Ці Нябесный Айцец нас не чуе, ці мы дрэнна молімся? Звернем увагу на малітву Майсея. Ён стаіць на вяршыні пагорка, усё бачыць здалёк і, апроч гэтага, побач з ім два памочнікі: Хур і Аарон.
Калі нешта здараецца ў нашым жыцці, мы моцна перажываем і знаходзімся ў цэнтры гэтай справы, і з цэнтра справы молімся. Можа здарыцца, што мы молімся не аб волі Божай у яе вырашэнні, а аб такім вырашэнні, якое нас задаволіць. Гэта можа быць малітва аб аздараўленні блізкіх, пазбаўленні ад алкагольнай залежнасці, але малітва не дзеля таго, каб дапамагчы, а таму, што гэтая сітуацыя прыносіць нам боль, перашкаджае, дадае цяжкасцяў у жыцці. У гэтым выпадку варта быць як Майсей: аддаліцца ад сітуацыі, каб паглядзець на яе цвяроза, убачыць, што канкрэтна патрэбна, і аб гэтым маліцца.
Другі момант: часта мы тоім уласныя праблемы, боль, перажыванні глыбока ў сэрцы, не дзелячыся з іншымі людзьмі. А калі і дзелімся, то як часта мы просім сваіх сяброў аб малітве або як часта яны сур’ёзна ставяцца да нашай просьбы і горача моляцца ў нашых інтэнцыях? Найчасцей калі мы і молімся адно за аднаго, то кожны ў сябе дома. Гэтага недастаткова. Будзем маліцца разам. Калі ты просіш некага аб малітве, прасі зрабіць гэта цяпер. Скажы: «Памаліся цяпер разам са мною, а не тады, калі прыйдзеш дамоў». І калі цябе нехта просіць аб малітве, прапануй: «Давай тут і цяпер памолімся разам».
Хур і Аарон стаяць побач з Майсеем і трымаюць яго за рукі. Яны — супольнасць, і падтрымліваюць адзін аднаго. Будзьма ў сваіх малітвах як Майсей, Аарон і Хур. Разам станьма на малітву, разам уздымем рукі да нашага Айца, і споўняцца словы Езуса, і Айцец хутка абароніць нас.
Айцец Тамаш Міка OP
(20.10.2013)