Трыццатая звычайная нядзеля, год С

«Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: “Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю». А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага». Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны”» (Лк 18, 9–14).

Вера мытніка

Адна вядомая расійская партыйная газета некалі пісала пра тое, што адначасова з павелічэннем колькасці дзеючых святыняў у Расіі ўзрасла злачыннасць. Пры гэтым рабілася дзіўная выснова, што другое наўпрост вынікае з першага, таму трэба спыніць будаванне цэркваў...

Можна было б паспрачацца з гэтаю думкаю, узгадваючы, што, на жаль, свецкае заканадаўства не заўсёды супадае з Божым Законам і часта не лічыць злачынствам некаторыя распаўсюджаныя ў грамадстве з’явы, якія хрысціянства называе цяжкімі грахамі: пазашлюбны секс, перарыванне цяжарнасці, кантрацэпцыя і г.д. У гэтым сэнсе сапраўды трэба прызнаць, што пашырэнне рэлігійнага светапогляду расплюшчвае вочы на нябачнае атэістычнаму позірку зло. Здаецца, што яго робіцца больш, але не таму, што яно раптам узнікла, а таму, што яго пачынаюць заўважаць і называць па імені.

Аднак узгаданае меркаванне закранула іншае няпростае пытанне, якое аўтар артыкула нават не імкнуўся разглядаць: чаму многія вернікі аказваюцца нават горшымі за тых, хто не наведвае святыню, не моліцца...

Адказ дае прыпавесць пра фарысея і мытніка. У святыню мы прыходзім, каб атрымаць патрэбную для збаўлення дапамогу ў выглядзе сакрамэнтальнай ласкі. Аднак, на жаль, не ўсе вернікі маюць адпаведную ўнутраную пазіцыю, якая дазволіла б у поўні карыстацца сродкамі збаўлення: нават малітва падзякі лёгка ператворыцца ў самазадаволенасць і самаўсхваленне, калі чалавек не бачыць і не прызнае сваёй абмежаванасці і залежнасці ад Бога, ад Якога паходзяць усе даброты і харызмы; таму іх наяўнасць нікому не дае права лічыць тых, хто не можа імі пахваліцца, кімсьці горшым і годным пагарды або асуджэння.

Больш за тое, калі такі хрысціянін, дзякуючы Богу за атрыманыя ад Яго дары, не крывіць душой, у ёй павінны ўзнікнуць міласэрнасць і спачуванне да гэтых абдзеленых і просьбы аб патрэбных ласках для іх, а для сябе — аб уменні выкарыстоўваць узгаданыя дары згодна з Божай воляй. І ў кожным выпадку адоранасць не павінна закрываць ад чалавека яго ўласных слабасцяў і грахоў, а дапамагаць у іх пераадольванні, што і з’яўляецца яе асноўным прызначэннем, бо «якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?» (Лк 9, 25). Ад Бога нічога не схаваеш. Ён ведае ўсё і хоча, каб мы таксама пазналі, якое зло ёсць у нас, і хацелі ад яго вызваліцца, усведамляючы неабходнасць дапамогі Усемагутнага. Самазадаволенасць жа асляпляе і замыкае на збаўчую ласку, якая не можа дзейнічаць у душы ганарліўца і марнуецца. Вось і выходзіць такі вернік са святыні не апраўданы: не лепшы, не свяцейшы... Але Бог зноў і зноў чакае кожнага грэшніка, не толькі яўнага, але і таго, які хаваецца пад абліччам праведнасці. Бог чакае, калі апошні нарэшце перастане біць у чужыя грудзі (што нашмат лягчэй, чым біць у свае), а зазірне глыбей ва ўласную душу, паспрабуе забіць у ёй грэх, шчыра молячыся аб прабачэнні і Божай дапамозе.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

(27.10.2013)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней