Адзін з календароў прысвечаны перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па дыяцэзіях Беларусі. Як адзначыў ва ўступе да календара кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака, «перэгрынацыя — гэта такі духоўны „выбух“ для краіны, вялікае духоўнае ўзрушэнне». Выразным пацверджаннем словаў святара служаць яркія фотаздымкі да кожнага з месяцаў года, на якіх адлюстраваны найбольш цікавыя моманты перэгрынацыі абраза ў той ці іншай парафіі. Фотаздымкі праўдзіва сведчаць пра тое, наколькі жывую веру маюць людзі ў розных куточках нашай краіны, як старанна яны рыхтаваліся да сустрэчы з цудатворным абразом Маці Божай і як даверліва прыносілі да Яе свае надзённыя клопаты і праблемы. Многія вернікі пазнаюць на фотаздымках свае касцёлы, а магчыма — нават саміх сябе. Няхай гэты каляндар нагадвае карыстальнікам пра тое, як трыумфальна прайшла Маці Божая па нашай зямлі, нашых парафіях і сем’ях, бо не сакрэт, што з гэтай перэгрынацыяй звязаны многія аздараўленні, навяртанні і іншыя цуды.
Галоўным героем другога календара стаў кардынал Казімір Свёнтэк, якому ў 2014 годзе споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння. Акрамя сціслай біяграфіі першага ў Беларусі кардынала, каляндар змяшчае мноства фотаздымкаў з жыцця гэтага легендарнага святара. Згодна з канцэпцыяй выдання, на старонцы кожнага месяца змяшчаюцца цікавыя і павучальныя выказванні Казіміра Свёнтка, запазычаныя з яго прамоваў і казанняў на тую ці іншую касцёльную ўрачыстасць. 100-годдзе кардынала — важная падзея ў жыцці Касцёла на Беларусі, таму да карыстальнікаў календара з уступным словам і благаслаўленнем звярнуўся арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што «змест календара дапамагае лепш пазнаць веліч гэтага пастыра і заклікае браць з яго прыклад, каб у сучасным свеце бараніць веру, ёю жыць і яе абвяшчаць, як гэта чыніў кардынал Казімір Свёнтэк».
У абодвух календарах указаны ўсе каталіцкія ўрачыстасці і святы, пазначаны імяніны на кожны дзень года, а таксама найважнейшыя праваслаўныя даты.
Каляндар можна набыць у краме «Духоўная кніга» (Мінск, вул. М. Багдановіча, 25) і ў парафіяльных касцёльных кіёсках.
Ганна Шаўчэнка