Дзявятнаццатая звычайная нядзеля, год С (11.08.2013).

«Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.

Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.

Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы» (Лк 12, 32–48).

Рэйс у жыццё

Ненасытнасць… Яна не адразу прыходзіць на розум, калі мы хочам назваць рысы добрага хрысціяніна. Аднак жа Пан Езус сёння кажа нам менавіта пра ненасытнасць. Той, хто чакае, ведае, што яшчэ не мае ўсяго. У ім існуе напятасць паміж цяперашнім і пажаданым станам.

У жыццё хрысціяніна ўпісанае пачуццё, што ўсё, чым ён валодае, — яшчэ зусім не самае галоўнае, а найважнейшае яшчэ наперадзе. Калі ў аднаго старога, які вёў святое жыццё, спыталі, ці баіцца ён смерці, той адказаў, што не баіцца. Стары сказаў, што, набліжаючыся да яе, адчувае сябе так, нібы ў дажджлівую восенькую раніцу ў аэрапорце чакае свайго рэйсу ў цёплую краіну.

Напятасць паміж тым, што мы маем, і нашымі прагненнямі — балючая. Неспакой мучыць нас. Часта ў людзях узнікае спакуса знайсці супакой у тым, што яны маюць, напоўніцца — наколькі гэта магчыма — тым, што дае сённяшні дзень. Не чакаць, не спадзявацца. Прызвычаіцца…

 Сёння Пан Езус не дае нам заседжвацца на месцы: «Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя…» Будзьце гатовыя, каб не спазніцца на самалёт да свайго жыцця. Аэрапорт у дажджлівую раніцу — гэта яшчэ не ўсё, на што можна спадзявацца...


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней