«Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць...»

Дваццаць першая звычайная нядзеля, год С.

«Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: “Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?”. А Ён сказаў ім: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: «Пане, адчыні нам». А Ён адкажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы». І пачнеце казаць: «Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты». Але Ён скажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць». Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось, апошнія будуць першымі, і першыя будуць апошнімі» (Лк 13, 22–30).

«Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць...»

Апошняе слова гэтага выказвання Хрыста, перакладзенае тут як «несправядлівасць», мае таксама шэраг іншых значэнняў, якія дапамагаюць нам лепш разумець, што менавіта не падабаецца Богу і зачыняе перад чалавекам брамы Нябеснага Валадарства.

«Няроўнасць». Дарога, паверхня якой па сваёй сутнасці павінна быць роўнай, але такой не з’яўляецца ў выніку парушэння тэхналогіі будавання або па прычыне механічных пашкоджанняў, можа быць небяспечнаю для падарожнікаў. Ды і не толькі дарога: кожны выраб, зроблены неадпаведна — з «няправільнасцю» — будзе шкодным калі не для тых, хто ім карыстаецца, то для тых, хто прадукуе так званы «брак», бо за нізкаякасную працу яны не могуць разлічвавць на ўзнагароду ў вечнасці, асабліва калі ў зямным жыцці карыстаюцца незаслужанаю ўзнагародаю. Не прывядзе да нябеснага шчасця і «неспрыянне», перашкоды добрым пачынанням, асабліва выкліканыя эгаізмам, зайздрасцю, бояззю страціць уласныя моцныя пазіцыі ці ўплывы, або жаданнем пазбыцца канкурэнтаў, бо ў выніку гэтага неспрыяння шмат дабра можа не здзейсніцца.

Паколькі справядлівасць азначае аддаваць кожнаму тое, чаго ён заслугоўвае, несправядлівасць — «беззаконне» чыніцца тады, калі церпіць невінаваты, а злачынца пазбягае заслужанай кары, або кара не адпавядае ступені злачынства; калі адзін не атрымлівае належнага прызнання і ацэнкі сваёй сумленнай працы, а іншы прыпісвае сабе чужыя заслугі, карыстаючыся іх плёнам. Несправядлівасцю будзе і адсутнасць належнай павагі, і элементарная няўдзячнасць за атрыманае.

Самая ж вялікая несправядлівасць — гэта няўдзячнасць Богу, што праяўляецца ў «граху» — парушэнні правілаў жыцця, устаноўленых Ім дзеля нашага дабра. Не толькі ўзгаданая вышэй кепская дарога, але і парушэнне правілаў руху нават на якаснай трасе пагражае трагедыяй. Таксама і парушэнне Божых запаведзяў. Нездарма большасць з іх сфармулявана адмоўна: «Не рабі гэтага, каб пазбегнуць зла»... Мы самі прыцягваем гэтае зло да сябе, калі парушаем Дэкалог. Таму несправядліва абвінавачваць Бога ў няшчасцях, выкліканых нашаю непаслухмянасцю. Хто вінаваты ў цярпеннях дзіцяці, якое насуперак забароне дарослых лезе рукою ў кіпень?

А калі невядома за што спаткала нас тая ці іншая бяда? Напэўна, найбольш првільным будзе ўспрымаць яе як міласэрна дадзены Богам шанец выправіць нашы неўсвядомленыя памылкі, кампенсаваць зло, якое праз нас увайшло ў свет. Бо па справядлівасці адказваць за яго давядзецца або ў гэтым жыцці, або ў будучым. Лепш аднак тут, чым там. Тым больш, што сам Бог дае нам сваю дапамогу ў выглядзе святых сакрамэнтаў і бярэ на сябе нашыя грахі. Ён сам разумее нашую слабасць і вучыць нас у сваю чаргу не праяўляць вялікай «суровасці» да бліжніх, якіх мы лічым больш грэшнымі за сябе.

На ролю суддзі права мае толькі Ён, бо толькі Ён не падуладны фармалізму і бяздушнасці, якія нават пры знешняй правільнасці не ўлічваюць многіх фактараў, што істотна змяняюць маральную кваліфікацыю паставаў і ўчынкаў і прыводзяць да несправядлівых суджэнняў. Найлепшае здзяйсненне справядлівасці — не помста, а дапамога стаць на шлях праведнасці і перамагаць зло дабрынёю і міласэрнасцю.

(25.08.2013)
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней