Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год С.

«А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: “Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!” Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: “Калі Ты кароль Юдэйскі, уратуй сябе!”. І быў над Ім надпіс: “Гэта кароль Юдэйскі”. Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: “Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!”. Але другі папракнуў яго, кажучы: “Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў”. І сказаў: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. І сказаў яму Езус: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі”» (Лк 23, 35–43).

Годнасць пашаны

Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету Cвяты Айцец Пій ХІ устанавіў 11 снежня 1925 г. энцыклікай «Quias primas» з мэтаю нагадаць, што Хрыстус павінен валадарыць не толькі ў вечнасці, але ўжо цяпер, у нашым зямным жыцці. У гэтым пасланні Папа Рымскі называе найважнейшай прычынай няшчасцяў, якія прыгнятаюць і нішчаць людзей, выключэнне Езуса Хрыста з прыватнага, сямейнага і публічнага жыцця. Пантыфік адзначыў, што нельга спадзявацца на будаванне трывалага супакою ў супольнасцях, што забываюцца пра Бога, якому належыць увесь род чалавечы і толькі на Ім, яго аб’ектыўных праве і праўдзе засноўваюцца сапраўдная вольнасць, годнасць і правы чалавека — найважнейшыя рэчы для сучаснага грамадства. Шчасце для дзяржавы і шчасце для чалавека маюць адну крыніцу — Бога, бо дзяржава — гэта не што іншае, як згодная супольнасць людзей. Таму Святы Айцец заахвочвае кіраўнікоў дзяржаваў разам з іх народамі не адмаўляцца ад публічнага ўшанавання і паслухмянасці Валадарству Хрыста, калі яны прагнуць захаваць сваю годнасць і спрычыніцца да поспехаў сваёй Айчыны. Гэтае ўшанаванне ён называе асаблівым лекам ад заразы лаіцызму, якая ахапіла чалавечае грамадства. Яе вынікам з’яўляецца адмаўленне Касцёлу ў праве навучаць людзей і ўсталёўваць законы, дадзеным самім Хрыстом, зраўнанне хрысціянства з фальшывымі рэлігіямі або нават прызнанне бязбожнасці адзінай рэлігіяй.

«Чым больш нягодна абыходзіцца маўчаннем на міжнародных сходах наймілейшае Імя Збаўцы нашага, тым гучней трэба Яго праслаўляць і больш рашуча пацвярджаць правы каралеўскай годнасці і ўлады Хрыста», — піша Пій ХІ. Якія актуальныя гэтыя словы сёння, амаль праз 90 гадоў пасля апублікавання энцыклікі! Тым больш, што, на жаль, у самім Касцёле вельмі шмат людзей заразілася гэтым самым лаіцызмам, шчыра думаючы, што чым больш Касцёл прыпадобніцца да бязбожнага свету, тым лепш пашырыцца Валадарства Хрыста. Адсюль і многія літургічныя злоўжыванні. Кленчанне — нават перад Хрыстом Эўхарыстычным! — лічыцца прыніжэннем уласнай годнасці, сам Найсвяцейшы Сакрамэнт адсоўваецца з цэнтральнага месца ў святыні, забываецца ахвярны характар святой Імшы, якая зводзіцца да прыемнай таварыскай сустрэчы, дзе замест велічных харалаў і арганаў гучаць прымітыўныя песенькі пад гітару, а самі касцёлы ўсё часцей нагадваюць што заўгодна, толькі не святы Дом Божы!.. Якая ж гэта трагічная памылка! Ці ўсё вышэй пералічанае можна ўсур’ёз называць годным ушанаваннем Хрыста Валадара? Як мы ўгаворым няверуючых шанаваць Бога, калі самі ставімся да Яго фамільярна (а гэта нават сярод людзей лічыцца знакам адсутнасці пашаны)? Безумоўна, здараецца, што за знешняю пашанаю хаваецца адсутнасць унутранай павагі да асобы. Але яе наяўнасць — сапраўдная наяўнасць — не можа выяўляцца інакш, як праз паводзіны і ўчынкі. Нельга пляваць камусьці ў твар і казаць, што мы паважаем яго!

Крыж — знак перамогі Хрыста і Яго панавання — таксама не засёды ў належнай пашане, часам яго імкнуцца замяніць больш «пазітыўнымі» выявамі, забываючыся пра тое, што менавіта праз крыж прыйшло збаўленне і сталася магчымым Уваскрасенне, і, паводле літургічных прадпісанняў, ён павінен займаць пачэснае месца на кожным алтары...

Цярпенне і здзекі не пазбавілі Бога Сына каралеўскай годнасці і ўлады. Яны захаваюцца незалежна ад таго, як будуць ставіцца да Езуса Хрыста людзі. Але толькі для тых, хто па прыкладзе разважлівага злачынца шчыра вызнае свае грахі і з пакораю звернецца да Збаўцы, адчыняцца брамы вечнага Валадарства.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP
(24.11.2013)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней