Другая нядзеля Адвэнту, год А.
«У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. Гэта пра яго сказаў прарок Ісая: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: «Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!»”. Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд. Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: “Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: «Маем Абрагама за бацьку», бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, Мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным”». (Мц 3, 1–12)
Сілы, каб нешта змяніць
Ян Хрысціцель бачыць усё зло чалавечай супольнасці, якая атачае яго. Пра гэта сведчаць не толькі яго словы пра змяінае племя, але і яго рашэнні і ўчынкі. Каб не быць звязаным чалавечымі звычаямі, сеткамі абавязкаў, каб не быць кіраваным залежнасцямі Ян сыходзіць на пустэльню. Ён жыве з таго, што дае пустэльня: харчуецца мёдам і саранчою, носіць адзенне са скуры і вярблюжай воўны. Ён не хоча мець абавязкаў у адносінах да цывілізацыі, каб тая не ўцягнула яго ў сваё зло. Аскеза Яна — гэта свабода.
Але Ян на пустэльні яшчэ не да канца прарок. Ён становіцца прарокам, калі пачынае голасна заклікаць да навяртання, бо наблізілася «Валадарства Нябеснае». Па-чалавечы Ян мог толькі ўцячы, цяпер жа з'яўляецца надзея на Божае Валадарства — супольнасць, якая ёсць дарам Ласкі. Чалавечае грамадства толькі тады можа быць сапраўды чалавечым, калі будуецца на Божай ласцы. Не повязі крыві, не паходжанне ад Абрагама з'яўляюцца прычынаю таго, што мы становімся Божымі дзецьмі, а менавіта ласа, дадзеная з вышыняў.
Ян абвяшчае Божае Валадарства, абвяшчае надзею. І менавіта тады да яго прыходзяць натоўпы людзей з Ерузалема і ваколіцаў. Яны, як і Ян, разумелі, што далей так жыць не могуць і не хочуць, аднак не мелі сілы нешта змяніць у сваім жыцці. Гэта іх і нас заклікае Бог да навяртання. Яно — гэта ласка, але ад нас залежыць, ці мы прымем яе, ці згодзімся на тое, каб Бог перамяніў нашае жыццё.
Айцец Крыштаф Коц'ян OP
(08.12.2013)