Па старонках снежаньскага нумара часопіса «Ave Maria»...

Снежань — час доўгіх вечароў і гарачай гарбаты, мандарынак і духмянага печыва, час цёплых сямейных святаў... Таму і чарговы нумар часопіса «Ave Maria» амаль цалкам прысвечаны тэме сям’і.

«Дзе ў Бібліі сказана, што Бог устанавіў сакрамэнт сужэнства?» — на гэтае пытанне ў аднайменным артыкуле адказвае кс. Андрэй Рылка. Узнятая тэма вельмі актуальная ў наш час, калі многія маладыя пары вырашаюць жыць у так званым свабодным саюзе — маўляў, пячатка ў пашпарце (і на пасведчанні пра сакрамэнт шлюбу) не самае галоўнае. У артыкуле вядзецца гаворка пра каштоўнасць хрысціянскага сужэнства, яго пакліканне і мэты. Несумненна, пра гэта многія з нас задумваліся ўжо шмат разоў, дык няхай біблійныя факты і крыніцы, прыведзеныя кс. Андрэем Рылкам, дапамогуць расставіць прыярытэты ў духоўным жыцці нашых сужэнстваў.

Пра сексуальнае жыццё мужа і жонкі таксама распавядаецца на старонках часопіса ў артыкуле «Секс у сужэнстве. Парады а. Ксавэрыя Кнотца», падрыхтаваным Людмілай Бурлевіч. «Што цікавага і новага пра секс можа сказаць святар?» — такое пытанне задае сабе аўтарка на пачатку публікацыі. Аднак у працэсе знаёмства з матэрыялам сужэнскія пары знойдуць разважанні над праблемамі, якія нярэдка ўзнікаюць у сексуальнай сферы, і, хоць часта разглядаюцца ў свецкіх выданнях, амаль ніколі не асвятляюцца з пазіцый хрысціянства.

Яшчэ адна важная сфера сямейнага жыцця — нараджэнне і выхаванне дзяцей. На гэтую тэму ў часопісе змешчаны агляд хрысціянскіх кніг, якія варта прачытаць усім бацькам, аднак найперш хочацца згадаць артыкул, дзе распавядаецца пра выхаванне і ранняе дзяцінства Караля Вайтылы, а таксама пра драматычны лёс маці Вялікага Папы. Страшна даведвацца, што яшчэ ў час цяжарнасці Эміліі дактары не бачылі для яе шанцаў нарадзіць жывое і здаровае дзіця, таму ўгаворвалі зрабіць аборт. Як жанчына перажыла гэтае выпрабаванне? І як гадаваўся маленькі Караль Вайтыла? Пра гэта чытайце ў артыкуле польскай журналісткі Мілены Кіндзюк «Якой была Эмілія Вайтыла?».

Запрашаем таксама да чытання іншых цікавых публікацый, якія прысвечаны святу Божага Нараджэння, тэме малітоўнага жыцця, сведчанням веры і парадам па яе ўмацаванні.

Рэд.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней