Апякун Божай сям’і

Чацвёртая нядзеля Адвэнту, год А.

«Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: “Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных”. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: “Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог»”. Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю» (Мц 1, 18–24).

Апякун Божай сям’і

Няшмат інфармацыі пра святога Юзафа мы знаходзім у Святым Пісанні. Але і яе дастаткова, каб мець уяўленне аб тым, каго Бог абраў апекуном Святой Сям’і. Урывак з Евангелля паводле святога Мацвея, які Касцёл прапануе ў Літургіі напярэдадні свята Хрыстовага Нараджэння, сведчыць пра дасканалы давер да Бога чалавека, якому Бог першы даверыў лёс свайго Адзінароднага Сына і Яго Найсвяцейшай Маці, а значыць — лёс справы людскога Збаўлення. І гэта пры тым, што святы Юзаф не быў беззаганна зачаты, як яго Абранніца, і, тым больш, не меў Боскай святасці Дзіцяці, натуральным бацькам якога не з’яўляўся.

Аднак, нягледзячы на незразумеласць сітуацыі, у якой апынуўся, святы Юзаф давярае Богу больш, чым сваім меркаванням і сумневам. Гэта дае яму сілы ўзяць на сябе адказнасць за даручаных яго апецы асобаў. Адказнасць, якой часта так не хапае многім з сучасных людзей. Не хапае менавіта таму, што мы прызвычаіліся будаваць сваё жыццё не на Богу і Яго запаведзях, а на пачуццёвых жаданнях і ўласных, часта памылковых, поглядах і планах на жыццё, якія ставяцца ў абсалют.

Многія баяцца прыняць уласных дзяцей, бачачы ў іх перашкоду для шчасця. Святы Юзаф прымае няроднае Дзіця, якое нясе шчасце ўсім людзям. Шмат мужоў перакладае адказнасць за сям’ю на плечы жонак, якія ў сваёй эмансіпаванасці з задавальненнем прымаюць на сябе абавязкі мужчын і, у выніку, цягнучы двайную ношу, не толькі ўскладняюць уласнае жыццё, але і спрыяюць таму, што ўсё больш хлопцаў вырастае інфантыльнымі, няздольнымі да самастойнасці — і ўсё паўтараецца.

Гэта таксама вынік розных навамодных тэорый, паводле якіх «Божы парадак састарэў, трэба жыць у нагу з часам, бо сучасныя  людзі больш дасканалыя за папярэднія пакаленні, і таму не патрабуюць далей Божага кіраўніцтва».

Але ніхто не мае права скасоўваць Божае права, не рызыкуючы страціць вечнае шчасце. Сам Бог, хоць і парушыў устаноўленыя Ім правы прыроды, прыходзячы на зямлю, зрабіў гэта дзеля таго, каб пацвердзіць неабходнасць іх выканання, незалежна ад часу, у якім жывеш, для атрымання па-надчасовага жыцця. Таму Ён пажадаў нарадзіцца і вырасці ў чалавечай сям’і, пад апекаю святога Юзафа, якога ўчыніў апекуном усёй вялікай Божай сям’і — Касцёла, а таксама прыкладам веры, узорам выканання штодзённай працы, абаронцам духоўнай чысціні і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP
(22.12.2013)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней