Нядзеля ў актаве Нараджэння Пана: Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа (29.12.2013)
«Калі мудрацы адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: “Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго”. Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет. Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: “З Егіпта Я паклікаў Сына Майго”.
Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце і сказаў: “Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця”. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля. Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам» (Мц 2, 13–15. 19–23).
Няма больш спрыяльнага часу, каб паразважаць пра сям'ю, чым святы Божага Нараджэння. Мы святкуем, бо Сын Божы становіцца чалавекам і ўзрастае, каб адпавядаць свайму пакліканню ў чалавечай сям'і. Гэтая падзея ўзбагачае наш штодзённы погляд на сям'ю, якую сёння часцей ацэньваюць выключна ў сацыялагічных катэгорыях.
Вялікі дар сям'і
Гледзячы на гісторыю Юзафа і Марыі, мы нанова адкрываем, што сямейнае жыццё — гэта не толькі вынік псіхалагічных і сексуальных механізмаў, якія прымушаюць чалавека паводзіць сябе пэўным чынам, яго можна разглядаць як пакліканне, заданне, даверанае нам Богам дзеля агульнага дабра. Каб адпавядаць гэтаму, чалавек павінен паверыць, што яго жыццё і ўсё, з чаго яно складаецца — гэта дар, гісторыя, якую Бог піша разам з ім, як гэта бачна ў выпадку з Юзафам і Марыяй. Сакрамэнт сужэнства, што перажывае сёння вялікі крызіс, з’яўляецца ў гэтай перспектыве адказам веруючага чалавека на запрашэнне развівацца з дапамогаю адносінаў любові з іншым чалавекам. У гісторыі Юзафа і Марыі сам Бог сваім аўтарытэтам праз аб’яўленне Юзафу Анёла ў сне абараняе і падтрымлівае адносіны іх любові, у крытычныя моманты аднаўляючы ў Юзафе давер Марыі і давер Богу. Бог падтрымлівае іх у выкананні задачаў, якія даверыў ім і дапамагае пераадолець усе небяспекі.
Гісторыя Святой Сям’і таксама нагадвае нам, што адкрытасць сужэнцаў на дар новага жыцця — гэта не толькі іх справа, спаўненне іх асабістых, тых ці іншых жаданняў, але і іх удзел у плане Божым па змяненні свету з дапамогаю тых талентаў, якімі адоранае іх патомства (як, напрыклад, пакліканне св. Яна Хрысціцеля або Езуса, Сына Божага). Быць адкрытым на патомства — гэта значыць у выніку сказаць «так» ці «не» Богу, Яго плану адносна людзей і ўсяго свету.
Святая Сям'я ў духу святаў Божага Нараджэння дапамагае нам шукаць адказу на пытанне, як дапамагчы сем'ям, якія сёння пастаўленыя перад столькімі выпрабаваннямі, што пагражаюць іх плённаму існаванню. Праз іх Бог прамаўляе сёння да нас, як прамаўляў у жыцці Юзафа і Марыі праз Анёлаў.
Айцец Браніслаў Дашкевіч OP