Каб усё лепш пазнаваць Яго…

Другая нядзеля пасля Нараджэння Пана (05.01.2013)

«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку.

Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.

У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.

А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся.

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: “Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне”. Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў» (Ян 1, 1–18).

Каб усё лепш пазнаваць Яго…

Словы сённяшняга евангельскага чытання «Слова… пасялілася між намі… свет не пазнаў Яго… свае Яго не прынялі» добра суадносяцца з тэкстам прароцтва святога Ісаі, які выкарыстоўваецца падчас Літургіі Божага Нараджэння: «вол ведае свайго ўладальнікі і асёл — жолаб гаспадара свайго; але Ізраэль не ведае, Мой народ не разумее» (Іс 1, 3). Нядаўна я размаўляў ж пажылой жанчынай, маёй добрай знаёмай. Яна шмат гадоў і часта ходзіць у касцёл. І яна прызналася, што лічыць сябе яшчэ недастаткова ўкаранёнаю ў касцёле, і распавяла, што да гэтай пары не ўсведамляла, што Пан Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме як Чалавек і Бог, раней, ад веку існаваў як Бог. У гэтым годзе яна раптам зразумела гэта падчас казання на Божае Нараджэнне. Гэтая жанчына перажыла шок, у добрым сэнсе, для яе гэта сталася радасным адкрыццём, якое паглыбіла яе веру і заахвоціла ўважлівей чытаць youcat — катэхізіс для моладзі, які яна ўжо некалькі месяцаў вывучае.

Гэтае чытанне катэхізісу звязана з заахвочваннем папы Бэнэдыкта «выплыць на глыбіню» ў мінулым Годзе веры. Аб тым, што «Слова сталася целам», то бок, Езус Хрыстус у сваёй боскай прыродзе існаваў раней, чым прыняў чалавечую прыроду ва ўлонні Марыі, мы спяваем і ў калядках. Напрыклад: «На зямлю сам Бог ступіў». Варта ацаніць катэхезу, якая адбываецца ў нашых касцёлах праз спеў. Часта здараецца, што падчас святой Імшы або аплатковых сустрэчаў мы спяваем адзін-два куплеты калядкі, а не цалкам. Шкада, бо існуе шмат прыгожых калядак, тэксты якіх нясуць глыбокае пасланне аб прыйсці Бога на свет.

Яшчэ я хацеў бы напісаць пра яшчэ адно незвычайнае радаснае адкрыццё, якое адбылося падчас Адвэнту ў пэўнай каталіцкай парафіі. Ва ўрачыстасць Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі некалькі людзей з казання святара зразумелі, што гэтая ўрачыстасць тычыцца зачацця Марыі ва ўлонні Яе маці Ганны. Да гэтага часу яны думалі, што Беззаганнае зачацце Найсвяцейшай Дзевы Марыі — значыць зачацце Пана Езуса ва ўлонні Марыі, то бок Звеставанне. Але ж гэта дзве зусім розныя ўрачыстасці. Таму не дзіва, што вол і асёл ведаюць свайго гаспадара, а чалавек часта нічога «не разумее». У пэўнай ступені гэта тычыцца ўсіх нас. Усе мы маем недахопы ў духоўнай фармацыі. Але ж не губляйма надзеі, а падумаем, што зрабіць, каб яе палепшыць. Папа Бэнэдыкт XVI падчас свайго пантыфікату напісаў кнігу «Езус з Назарэту», дзе падкрэслівае неабходнасць прабываць з Езусам, каб Той меў магчымасць адарыць нас ласкаю пазнаваць Яго. Таму давайце прымем рашэнне, якое дапаможа Пану Езусу яшчэ лепш дзейнічаць у нас. Прапаную вам два варыянты.

Па-першае, не будзем занядбоўваць разумовай фармацыі. Чытайма, найлепш сістэматычна, Святое Пісанне, добрыя кнігі і каталіцкую прэсу. Па-другое, давайце знойдзем час для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, каб трываць у прысутнасці Збаўцы. Падчас адарацыі добра зусім выключыць думкі, і замест іх з жывою вераю дазволіць Яму дзейнічаць у нашых сэрцах. Бэнэдыкт XVI сказаў: «Бог маўчыць, але дзейнічае». Тым, хто пастаянна практыкуе такую адарацыю, яна праз нейкі час прыносіць вялікі духоўны плён.

Калі дзеля добрага чытання нам трэба прасіць аб святле Духа Святога і задумвацца над чытаным тэкстам, то адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (напрыклад, адна гадзіна на тыдзень) патрабуе ад нас трываць у маўчанні, з «выключаным розумам» перад Панам, каб Ён сам мог дзейнічаць у нас, карыстаючыся нашаю пасіўнасцю.

Абедзьве прапановы можна палічыць «стратаю часу» для Пана. Аднак давайце назаўжды запомнім словы Папы Бэнэдыкта XVI: «Хто моліцца, той не траціць часу» (энцыкліка Deus Caritas est, 36). Гэтае рашэнне стане падмуркам нашага духоўнага развіцця. Няхай жа Дух Святы дасць нам пачуць і ажыццявіць натхненні, якія падчас радасных святаў Божага Нараджэння сыходзяць ад Яго. Сёння мы ізноў разважаем пра заахвочванне да чытання і адарацыі.

Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней