Другая звычайная нядзеля, год А (19.01.2014)

«Пан сказаў Мне: Ты слуга Мой,
Ізраэль, у табе Я праслаўлюся.
А цяпер кажа Пан,
які стварыў мяне ўжо ад улоння маці слугой сваім,
каб вярнуў для Яго Якуба
і сабраў для Яго Ізраэль.
І я праславіўся ў вачах Пана,
а мой Бог стаў маёй сілай.
Ён сказаў:
Таго мала, каб ты быў слугой Маім,
каб аднавіў патомства Якуба,
каб вярнуў рэшту Ізраэля.
Я зраблю цябе святлом народаў,
каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі» (Іс 49, 3. 5–6).

Таго мала…

Ах, якія ж нязручныя для нас словы кажа сёння Айцец. Чаму нязручныя? Зараз пабачым. Задай сабе пытанне, якім чынам ты служыш Богу Айцу? Ці не абмяжоўваецца тваё служэнне тым, што ты ходзіш на святую Імшу, штомесяц, а можа і два разы на месяц спавядаешся, молішся і чытаеш Святое Пісанне?

Ты дакладна разумееш — гэта не служэнне. Гэта нейкі мінімум, пры наяўнасці якога можна сказаць, што мы з’яўляемся веруючымі людзьмі. Гэта сітуацыя дзіцяці, якому мама прыгатавала сняданак і паставіла на стол, каб яму толькі з’есці. Гэта сітуацыя дзіцяці, якому мама мые адзенне, прасуе і яшчэ выбірае з шафы, паказваючы, што апрануць. Святая Імша, споведзь, чытанне Святога Пісання, малітва — гэта ўсё падрыхтаванае для нас і дадзенае нам нашым Нябесным Айцом. У гэта мы не ўкладаем сваіх высілкаў. Хіба толькі такія, якія і дзіця ўкладае, калі есць суп або нацягвае на сябе шкарпэткі.

Можа так здарылася, што ты — чалавек, які служыць у Касцёле. Ты прыходзіш штосуботы прыбіраць у касцёле, каб там было чыста, прыемна пахла, каб усім было ўтульна там. Можа, ты — чалавек, які спявае ў хоры або ў касцёльным музычным гурце. Можа, ты граеш на інструменце ў касцёле. Можа, прыносіш кветкі і дапамагаеш упрыгожваць святыню. Усё гэта ты робіш з любові да Яго, да Нябеснага Айца. Ты робіш вельмі добрыя справы, і гэта цудоўна! Аднак паслухай сёння Ягоны голас: «Таго мала, каб ты быў слугой Маім».

Ты спытаешся: Чаго ж Ён хоча ад мяне, калі гэтага ўсяго мала? Яшчэ паслухай Яго голас: «Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі». Мы з табою не можам спыніцца на тым, каб прыходзіць на Імшу, на споведзь, маліцца, прыбіраць касцёл, спяваць… Гэта ўсё важна, але адбываецца ў межах Касцёла, у яго мурах. А Бог хоча, каб мы разам выйшлі і пачалі абвяшчаць Евангелле тым, хто не ведае яго, тым, хто забыўся пра яго. Месцаў для абвяшчэння існуе мноства: дом, праца, школа, універсітэт, студэнцкі інтэрнат. І найперш за ўсё рабіць гэта трэба ўласным жыццём, каб ніхто, ўбачыўшы цябе, не засумняваўся, што ты — хрысціянін. Нас вылучае любоў. І ў другую чаргу — словам. Бог ахрысціў нас Духам Святым, напоўніў сваёю любоўю, сваёю моцаю.

Айцец Тамаш Міка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней