Супрацоўнікам і выдаўцам часопіса "Дыялог".
Шаноўныя калегі, дарагія сябры!
Сардэчна віншуем вас з Юбілеем. Вось ужо два дзесяцігоддзі вы вядзеце шчыры, глыбокі і цікавы дыялог з гэтым светам, несучы яму Добрую Навіну, хрысціянскую духоўнасць, рупліва засяваючы зерне Хрыстовай праўды, умацоўваючы сваіх чытачоў у веры, падтрымліваючы ў надзеі, дарачы любоў і радасць.
Жадаем вам, каб і надалей ваш дыялог паглыбляўся і пашыраўся, каб ваша праца прыносіла шчодры плён на ніве новай евангелізацыі дзеля дабра Касцёла і дзеля ўмацавання хрысціянскай еднасці ў нашай Бацькаўшчыне.
Няхай Нябесны Айцец атуляе кожнага з вас сваёю міласэрнасцю, дае здароўе і сілы на новыя дзесяцігоддзі шчаслівага і плённага служэння Божаму слову.
З павагаю і малітваю,
супрацоўнікі рэдакцый часопісаў "Наша вера", "Аve Maria" і выдавецтва "Pro Christo".