Трэцяя звычайная нядзеля, год А (26.01.2014).
«Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, каб збылося сказанае прарокам Ісаем: “Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло”. З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”. Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім. Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім. Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей» (Мц 4, 12–23).
Святло навяртання
Калі ў цёмным памяшканні раптам запальваецца яркае святло, усе, хто там знаходзіцца, інстынктыўна заплюшчваюць вочы, якія не могуць знесці рэзкай перамены. Калі ж спачатку з’яўляецца невялікі агеньчык, то стомленыя цемрай позіркі скіроўваюцца ў яго бок. Гэта натуральная рэакцыя органаў зроку на знешнія раздражняльнікі рознай інтэнсіўнасці. Аднак падобныя дзеянні чалавек часам робіць цалкам свядома, калі, напрыклад, хтосьці не хоча паказваць або нават сам не хоча бачыць пыл і бруд у пакоі, то будзе пазбягаць яркіх промняў, прапускаць іх праз розныя рассейваючыя фільтры, якія робяць усе недахопы менш заўважнымі. Бо так хочацца зрабіць на іншых як найлепшае ўражанне! Шкада толькі, што ўчыніць так, каб рэчаіснасць адпавядала гэтаму ўражанню, многія або лянуюцца, або не ведаюць, з чаго пачаць наводзіць парадак не толькі ва ўласным памяшканні, але перадусім у сваёй душы.
Усе мы калісьці станем перад святлом Божага аблічча. І калі вочы нашай душы не падрыхтуюцца належным чынам да гэтай сутрэчы, яна будзе нязноснаю.
Таму Бог дае нам магчымасць тут, на зямлі, прызвычаіцца да Яго святла, адкрываючы нам паступова свае праўды. Шмат гадоў Ён рыхтаваў чалавецтва да прыняцця свайго Аб’яўлення, а цяпер з дапамогаю Касцёла вучыць знаходзіць правільныя жыццёвыя арыенціры.
Аднак часта людзі баяцца бачыць праўду пра сябе, наіўна думаючы: «Без яе прасцей жыць». Але ж, як у пакоі не стане чысцей, калі яго трымаць у цемры, так і душа не асвятліцца, калі яе не кране Божае святло, пакуль яшчэ ёсць магчымасць змяніць нешта ў лепшы бок.
«Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» — гэтымі словамі Пан Езус заахвочвае не адварочвацца ад Яго святла, бо яно дапаможа нам не толькі ўбачыць памылкі, але і выправіць іх, асветліць далейшы шлях і засцеражэ ад новай небяспекі, новых падзенняў.
Плёнам навяртання будзе ўпэўненасць, што кожнае намаганне ў кірунку Божага Валадарства не будзе дарэмным, нават калі ўласны вобраз акажацца не такім дасканалым, як здавалася раней. Гэта не прычына для роспачы, а толькі адзнака, што Бог, які бачыць нас лепш, чым мы самі, лічыць нас гатовымі прыняць больш праўды пра сябе саміх і, паказваючы яе, напэўна дасць сілы і ўмеласць, каб, працуючы над сабою, мы станавіліся больш чыстымі ў Яго вачах і больш гатовымі ўбачыць Яго вечнае святло.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP