Свята Ахвяравання Пана (2.02. 2014)
«А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят. І вось, быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
“Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народу Твайго Ізраэля”.
А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: “Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў”. Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема. Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім» (Лк 2, 22–40).
Знак супраціву
У сённяшнім евангельскім чытанні мы бачым, як Сімяон, на якім спачываў Дух Святы, бярэ ў свае рукі Дзіцятка і абвяшчае прароцтва аб тым, што Езус з’яўляецца Збаўцам, які будзе святлом для язычнікаў і хвалою, гэта значыць — суцяшэннем для ізраэльцянаў. Аднак адразу ж пасля словаў радасці Сімяон кажа пра крыж. Крыжом стане супраціў людзей у адносінах да Езуса і пакута, якая праб’е сэрца Марыі.
Бэнэдыкт XVI у кнізе «Езус з Назарэту. Дзяцінства» (Wydawnictwo Znak, Kraków 2012, с. 115–117) каментуе гэтыя словы наступным чынам: «Супраціўленне чалавека Богу адбываецца на працягу ўсёй гісторыі. Езус аказваецца сапраўдным Божым знакам менавіта таму, што бярэ на сябе гэты супраціў у адносінах да Бога і скіроўвае яго на сябе ажно да супраціву Крыжа. Тут не гаворыцца пра мінулае. Нам усім вядома, у якой ступені Хрыстус і сёння з’яўляецца знакам супраціву, крэсам для тых, хто ідзе супраць самога Бога. Ізноў ды ізноў Бог успрымаецца як мяжа нашай вольнасці, мяжа, якую трэба прыбраць, каб чалавек здолеў цалкам быць сабою. Бог са сваёю праўдаю супрацьстаўляецца разнастайнай чалавечай хлусні, яго эгаізму і ганарлівасці. Бог — гэта любоў, аднак і Любоў могуць ненавідзець там, дзе людзі імкнуцца выйсці з сябе саміх, каб узнесціся па-над сабою. Любоў — гэта не рамантычнае пачуццё асалоды. Збаўленне — гэта не паглыбленне ў самазадаволенасць, а вызваленне з замкнутасці на ўласным “я”… Супраціўленне Сыну трапляе і ў Яго Маці і раніць яе душу. У Марыі мы можам вучыцца сапраўднаму супольнаму з Хрыстом цярпенню, цалкам вольнаму ад сентыментальнасці, якое заключаецца ў прыманні цярпення іншага чалавека як свайго ўласнага. Няўражлівасць, абыякаваць да цярпення іншага чалавека айцы Касцёла лічылі тыпова язычніцкімі паводзінамі. Хрысціянская вера супрацьстаўляе гэтаму Бога, які церпіць разам з людзьмі і такім чынам заклікае нас да супольнага цярпення. Маці з мячом у сэрцы — правобраз гэтай найглыбейшай праявы хрысціянскай веры».
Сёння варта асабіста паразважаць над думкамі папы Бэнэдыкта, асабліва ў гэтым кірунку: «у якой ступені Хрыстус і сёння з’яўляецца знакам супраціву» і наколькі ў нас атрымліваецца браць на сябе супраціў у адносінах да Бога? Варта таксама паразважаць над працытаванай папам думкай айцоў Касцёла: «абыякаваць да цярпення іншага чалавека — тыпова язычніцкія паводзіны». Падзякуем жа Богу за прывілей супрацоўніцтва з Ім і за ласку спачування бліжнім. Аднак памятайма, што мы пакліканыя да няспыннага навяртання, таму таксама папросім Духа Святога, каб Ён пажадаў паказаць кожнаму з нас, колькі ў нас яшчэ супраціву ў адносінах да Бога і колькі язычніцтва, якое выяўляецца ў абыякавасці да цярпенняў бліжніх. «Навярні нас, Пане, і мы навернемся да Цябе»(пар. Пл 5, 21).
Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP