Пятая звычайная нядзеля, год А
«Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям. Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 13–16)
Як стаць соллю?
Сёння Пан Езус звяртае да нас заклік, які перавышае чалавечыя сілы: «Вы — соль зямлі. Вы — святло свету». Калі б Езус быў звычайным каралём, пасля такога загаду засталося б толькі ўцячы або заліцца слязьмі. На шчасце, гэта словы Езуса, які з’яўляецца Богам. Яго словы — не толькі загад, яны таксама і ласка, якая робіць магчымым выкананне гэтага загаду. Быць соллю зямлі заклікае нас той самы Езус, які ўваскрасіў Лазара і сам уваскрос праз тры дні пасля смерці. Заклік Езуса можна выканаць не чалавечымі сіламі, а адпаведна з мераю Божай ласкі.
Пан Езус размаўляе з намі. Бог не ставіцца да нас выключна як да прыладаў, з дапамогаю якіх выконвае пэўную справу. Ён хоча, каб мы сталі Яго супрацоўнікамі, якія свядома прымаюць ўдзел у справах Яго любові. Ён хоча быць крыніцаю і смакам учынкаў, якія мы здзяйсняем. Учынкаў, якія выяўляюць нашую крэатыўнасць, нашыя таленты, добрую волю і нашыя рашэнні. Ён дае моц дзейнічаць, але хоча, каб дабро, якое мы чынім, належала нашаму аўтарству.
Езус заклікае нас сёння быць адважнымі, выбіраючы дабро. Гэтая адвага ўзнікае не з пераканання, што ў нас ёсць сілы ўчыніць гэтае дабро, а з веры, што Бог завяршыць справу, якую распачаў ува мне і праз мяне. Гэтая адвага грунтуецца на веры, з’яўляецца пачаткам удзячнасці.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
(09.02.2014)