Восьмая звычайная нядзеля, год А (02.03.2014)
«Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату» (Мц 6, 24–34).
Шукайце найперш Валадарства Божага, а ўсё іншае дадасца вам
Якое незвычайнае абяцанне! Яно скіроўвае нас да Божага Валадарства з вераю, што нам будзе дадзена ўсё, што сапраўды патрэбна ў жыцці. Што такое Божае Валадарства і дзе яго шукаць? Папа Францішак у сваёй першай адгартацыі «Evangelii Gaudium», што азначае «Радасць Евангелля», выкарыстоўвае словы з сённяшняга біблійнага чытання ў кантэксце евангелізацыі. Папа піша: «З чытання Святога Пісання вынікае вельмі ясна, што прапанова Евангелля заключаецца не толькі ў асабістых адносінах з Богам. Таксама і наш адказ любові не трэба разумець як звычайны набор маленькіх асабістых жэстаў у адносінах да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, што магло б стаць пэўнай любоўю “а la carte”, дзеяннямі з мэтаю толькі заспакойвання ўласнага сумлення» («Evangelii Gaudium», 180). Прапанова — гэта Божае Валадарства (Лк 4, 43), гаворка ідзе пра любоў да Бога, Валадара свету. Грамадскае жыццё будзе поўным братэрства, справядлівасці, супакою і годнасці ўсіх людзей у той меры, у якой Ён зможа валадарыць між нас. Таму і гэты заклік, і досвед хрысціянства павінны выклікаць наступствы ў грамадстве. Шукайма Яго Валадарства: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (Мц 6, 33). Мэта Езуса — усталяваць Валадарства Яго Айца, і Ён просіць сваіх вучняў: «Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”» (Мц 10, 7). У адгартацыі Папы мы чытаем: «Валадарства, якое ўжо надыходзіць і ўзрастае між намі, датычыць усяго і нагадвае нам правіла распазнання развіцця, прапанаванае Паўлам VI: “Кожны чалавек і ўвесь чалавек”» («Evangelii Gaudium», 181). Я прапаную вам пачытаць пра тое, як радасна пашыраецца Евангелле ў Злучаных Штатах. Можа, варта паразважаць, ці не з’яўляюцца для нас з вамі словы з сённяшняга евангельскага ўрыўка запрашэннем рабіць гэтаксама?
«Евангелізацыя на вуліцах прыносіць плёны. Прыклад з ЗША паказвае, што евангелізацыя на вуліцах мае сэнс. Шмат выпадкова сустрэтых людзей ахвотна слухае пра Езуса Хрыста і навяртаецца ў каталіцкую веру. Каталіцкае Агенцтва Навінаў паведамляе, што група каталіцкіх евангелізатараў з Мічыгана мае вялікі поспех. “Мы лічым, што евангелізацыя на вуліцах — гэта самы лёгкі спосаб евангелізацыі”, — сказаў Адам Джэнкі, кіраўнік праграмы “Вулічная евангелізацыя св. Паўла”. “Мы заўважылі, што нашыя вулічныя евангелізатары становяцца практыкамі i робяцца лепшымі ў евангелізацыі ў штодзённым жыцці”, — дадаў ён. Джэнкі сказаў таксама, што абвяшчэнне Евангелля на вуліцах дазваляе набыць вялікую лёгкасць у евангелізаванні ў сям’і, сярод сяброў, суседзяў, на працы. На яго думку, такая практыка дапамагае перамагчы пачуццё дзівацтва ці страх быць “раздражняльнікам” падчас размовы з іншымі пра каталіцтва. “Мы хочам, каб гэта быў натуральны працэс. Мы дзелімся тым, што самі знайшлі ў сваіх сэрцах: надзеяй у Езусе Хрысце, у тым, што Ён збавіў нас і вызваліў ад граху і смерці”, — сказаў Джэнкі. У сваю чаргу Сціў Доўсан, заснавальнік гэтай ініцыятывы, пазычыў у Маці Тэрэзы з Калькуты звычай раздаваць медалікі. Доўсан пачаў з афіцыянткі ў рэстаране. Людзі пачалі рэагаваць станоўча, таму ён пайшоў у месца для прагулак у Портлэндзе і раздаваў ружанцы і медалікі прахожым. Джэнкі кажа, што евангелізацыя прыносіць “вялікі поспех”. Людзі вяртаюцца да веры. Сціў Доўсан шмат разоў маліўся з асобамі, якіх сустракаў. “Вулічная Евангелізацыя св. Паўла” мае 100 розных групаў у ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Даніі і Велікабрытаніі. Члены гэтых групаў маюць свае правілы паводзінаў і забяспечаныя матэрыяламі нацыянальнага філіялу іх арганізацыі. Валанцёры “евангелізуюць бесканфліктным чынам. Яны дазваляюць, каб Дух Святы сапраўды пачаў дзейнічаць у сэрцах тых, хто публічна сведчыць пра каталіцкую веру” — сказаў Джэнкі. Евангелізатары імкнуцца таксама размаўляць з католікамі. Яны пытаюць, ці ходзяць тыя на святую Імшу, кажуць пра моц літургіі і сакрамэнтаў. Сустрэўшыся з няверуючым, яны пытаюць, ці думаў той калінебудзь, што можа быць паслядоўнікам Хрыста. “Гэта вельмі, вельмі эфектыўны метад евангелізацыі”, — дадаў Джэнкі. Нават на працягу аднаго дня некалькі асобаў кажуць, што вернуцца да Касцёла ці больш пацікавяцца каталіцтвам» (паводле матэрыялаў pac/catholic news agency).
Айцец Раман Шульц OP, Наталля Дарашкевіч