Праўдзівая гісторыя

Першая нядзеля Вялікага посту, год А (09.03.2014)

«Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: “Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам”. А Ён сказаў у адказ: “Напісана: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых»”. Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад і паставіў на крыле святыні, і сказаў Яму: “Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: «Анёлам сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй»”. Езус сказаў яму: “Напісана таксама: «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго»”. Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: “Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне”. Тады сказаў яму Езус: “Адыдзі, сатана, бо напісана: «Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы»”. Тады д’ябал пакінуў Яго, — і вось анёлы падышлі і служылі Яму» (Мц 4, 1–11).

Праўдзівая гісторыя

Пра што гаворыць нам спакушэнне Езуса, што дрэннага ў прапанове д’ябла? Кавалак хлеба — гэта не залішняя рэч пасля саракадзённага посту, а неабходнае дабро. І наогул, тое, што прапануе д’ябал, само па сабе з’яўляецца дабром. Чаму ж яго прапанова — абсалютнае зло? Здаецца, разгадка ў першых словах: «Калі Ты Сын Божы...». Д’ябал кажа не пра сам хлеб, багацце або нейкае іншае дабро, а хоча, каб Езус паставіўся да Бога як да прылады. У яго прапанове Боскае сыноўства павінна быць не прастораю любові, а сродкам. Сродкам, каб атрымаць хлеб, высокае становішча або нешта іншае. Д’ябал пытаецца ў Хрыста, за колькі Ён гатовы прадаць Бога, за колькі гатовы прадаць сябе («Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне»). Злы дух ва ўсім бачыць чысты гандаль, бо ненавідзіць любоў. 

Але тут узнікае пытанне: дзеля чаго гэтая гісторыя са спакушэннем? У рэшце рэшт Езус — Бог, у д’ябла і ягоных спакусаў няма ніводнага шанцу. Часта ўзнікае жаданне паглядзець на гэты выпадак як на інсцэніроўку, якая павінна быць для нас прыкладам, але не адбываецца насамрэч. 

Аднак спакушэнне Хрыста і Яго змаганне — сапраўдныя. Яны — вынік таямніцы ўцелаўлення. Бог стаў чалавекам і цалкам прыняў чалавечую натуру, у тым ліку і волю. Воля ж з’яўляецца асяродкам для любові, яе падмуркам. Сёння мы бачым, як Езус абараняе ад д’ябла чалавечую волю, страчаную некалі з прычыны граху прабацькоў. Праз сваё ўцелаўленне, спакушэнне, смутак і трывогу ў Садзе Аліўным Езус аднаўляе і аздараўляе нашую чалавечую волю. Ён чыніць нас здольнымі любіць, а не будаваць з людзьмі адносіны, як з прыладамі для дасягнення нейкіх мэтаў. 

Айцец Крыштаф Коц’ян OP 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней