З надыходам Вялікага посту многія з нас зноў і зноў сутыкаюцца са складанымі пытаннямі, якія датычацца сапраўднага пакаяння, шчырага перажывання мукі Пана і падрыхтоўкі да найважнейшай урачыстасці літургічнага года — Вялікадня. Матэрыялы новага нумару часопіса «Ave Maria» дапамогуць знайсці рашэнне для многіх духоўных праблемаў, з якімі нам даводзіцца сутыкацца ў перыяд Вялікага посту.
«Навяртайцеся і верце...» — гэтымі словамі з Евангелля кс. Дзмітрый Пухальскі назваў свой артыкул, прысвечаны сакрамэнту пакаяння. Здавалася б, кожны з нас ужо мноства разоў прыходзіў да канфесіянала спавядаць свае правіны перад Богам, але ці ўсе памятаюць, што споведзь — гэта толькі адна з умоваў сакрамэнту пакаяння? Пра тое, якое вялікае значэнне маюць таксама іншыя ўмовы гэтага сакрамэнту, чытайце ў артыкуле кс. Дзмітрыя.
У сваю чаргу а. Аркадзь Куляха OCD адказвае на пытанне: «Ці можна прасіць спаведніка змяніць прызначаную пакуту?» (калі, напрыклад, не ведаеш прызначанай малітвы альбо калі за пакуту даецца ўдзел у набажэнстве, на якое не можаш прыйсці). Разам з а. Аркадзем чытачы змогуць глыбей паразважаць таксама пра тое, якім чынам можна кампенсаваць Богу і бліжняму за ўчыненую крыўду і чаго чакае ад нас Бог пасля шчырай споведзі.
Сапраўдным настаўнікам малітвы, пакаяння і пакоры для кожнага з нас можа быць благаслаўлёны Ян Павел ІІ, у сувязі з кананізацыяй якога ў апошніх нумарах часопіса друкуецца цыкл матэрыялаў, прысвечаных яго служэнню і вучэнню. Артыкул «Вялікі пост у служэнні Яна Паўла ІІ» — цудоўнае дапаўненне да гэтага цыклу. Ён уяўляе з сябе пераклад урыўка з кнігі-бестселера «Месца для кожнага» арцыбіскупа Мечыслава Макшыцкага і Брыгіды Грысяк. Прапанаваны ўрывак перанясе чытачоў у папскія апартаменты або ў рымскі Калізей, дзе Ян Павел ІІ праводзіў набажэнствы Крыжовага шляху, дасць магчымасць пачуць мудры голас Вялікага Папы, яго навучанне, перасцярогі і падбадзёрвальныя словы падтрымкі.
А для таго, каб чытачы не адчайваліся ў выпадку пэўных духоўных паразаў і зразумелі, што барацьба са спакусамі і грахом — гэта натуральны, патрэбны працэс, які датычыцца ўсіх хрысціянаў, у часопісе прапануецца падборка адказаў маладых вернікаў на пытанне: «Што для цябе самае складанае ў Вялікім посце?»
Жадаем вам, шаноўныя чытачы, прыемнага чытання гэтых і іншых матэрыялаў, а таксама глыбокага перажывання перыяду Вялікага посту, які рыхтуе нас да сустрэчы з уваскрослым Хрыстом.