З чаго пачаць працу над сабой падчас Вялікага посту? Тры крокі для бацькоў

Калі вы хочаце ўдасканаліць сваё духоўнае жыццё падчас посту, лепшае месца для гэтага — менавіта тое, дзе вы знаходзіцеся.


Кінуць шкодную звычку

Якія са звычак найбольш шкодныя для вас як бацькі, маці? Ці прыдзіраецеся вы да дзяцей? Ці ўважлівыя вы? Ці не перабіваеце вы іншых у размове? Можа, у вас заўжды не хапае часу? Выберыце адну са шкодных звычак і паспрабуйце дзень за днём адмаўляцца ад яе. Езус прыйшоў, каб вызваліць зняволеных. Калі вы адчуваеце, што вы зняволены сваёй дрэннай звычкай, скарыстайце час Вялікага посту, каб аслабіць гэтую хватку.


Умацаванне добрай звычкі

Задумайцеся на хвілінку і запішыце тры бацькоўскія навыкі, у якіх вы сапраўды спецыяліст: напрыклад, настаўніцтва, захаванне пачуцця гумару, уменне заставацца спакойным, калі ўсе астатнія выходзяць з сябе, клопат пра штодзённыя дробныя праблемы, уменне бачыць агульную карціну. Выберыце адну з добрых звычак і падумайце, як вы можаце прымяняць яе ў штодзённым жыцці. Калі хтосьці з членаў вашай сям’і захварэў на грыпу, вы ведаеце, што хвароба можа перадавацца ад чалавека да чалавека. Але здаровы лад жыцця таксама заразлівы. Калі вы практыкуеце свае добрыя звычкі, імі скарыстаюцца таксама тыя, хто жыве з вамі.


Прасіце Бога, каб Ён вамі кіраваў

Кожную раніцу, перш чым штосьці зрабіць, папрасіце Бога, каб Ён дапамог вам быць лепшай мамай ці татам. У вас ёсць місія ад Бога — быць такімі бацькамі, якія патрэбны вашаму дзіцяці. Часам, калі я непакоюся з-за складанай сітуацыі ў сваёй сям'і, я думаю пра тое, што нас чакае наперадзе, і ўяўляю там Бога. З думкаю, што Бог прысутнічае там, маё стаўленне да сітуацыі мяняецца. Мой страх памяншаецца; мая любоў расце. Я больш не бачу сітуацыю і сябе як «забытую Богам».

Уявіце, напрыклад, лайнер у моры. Нават невялікія змены ў яго курсе з часам істотна зменяць пункт прызначэння. Вялікі пост — гэта магчымасць унесці невялікія змены ў вашае паўсядзённае жыццё, але гэта істотна зменіць адносіны ў вашай сям'і ў доўгатэрміновай перспектыве. Практыкуйце ў посце і пачынайце менавіта там, дзе вы знаходзіцеся. Гэта месца, дзе вас чакае Бог.


Паводле кнігі Тома МакГрата «Выхаванне дзяцей з вераю:
магчымасці выхоўваць духоўнасць дома»

Пераклад Эльвіры Палінеўскай

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней