Колер Божых вачэй

Другая нядзеля Вялікага посту, год А (16.03.2014)

«І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце”. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: “Устаньце і не бойцеся”. Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: “Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне”» (Мц 17, 1–9).

Колер Божых вачэй

Ты ведаеш сваіх маці, тату, жонку, мужа, дзяцей, дзяўчыну, хлопца. Ведаеш, якія кветкі яны любяць, які колер, якія кнігі чытаюць, чым любяць займацца, пра што марыць. Памер абутку, колер вачэй, пра што яна думала ўчора, што ён еў на сняданак. Усё гэта ты ведаеш. А што ты можаш сказаць пра свайго Бога? Ці ведаеш свайго Бога? Ці ведаеш, пра што Ён марыць, пра што думаў учора, ці ведаеш тэмбр Яго голасу, колер вачэй, словы, якія Ён найчасцей любіць паўтараць?

Калі ты не ведаеш мараў, голасу, думак, словаў свайго Бога, ты падобны да Пятра, Яна і Якуба. Ты падобны да Апосталаў. Гэта зусім не прычына для гонару. Тры гады яны хадзілі побач з Езусам. Тры гады, 24 гадзіны на дзень, тысячы цудаў, мільёны словаў — і ўсё дарэмна. Яны чуюць словы: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце» і падаюць ніцма, бо баяцца. Бо той, хто бачыць Бога, памірае. Яны думаюць, што Бога трэба баяцца, на Бога нельга глядзець, перад Ім трэба падаць ніцма. Яны ўпэўненыя, што Бог — гэта пагроза. Тры гады супольнага вандравання з Езусам прайшлі дарэмна. 

Паслухай, што кажа Езус: «Устаньце і не бойцеся». «Не так, Я не такі. Не падай перада Мною ніцма, не бойся Мяне» — кажа Пан. Ён не жадае, каб ты баяўся Яго. Ён марыць пра цябе. Езус марыць пра блізкія адносіны з табою, марыць, каб ты распавядаў Яму пра свае думкі і жаданні, марыць, каб ты праводзіў з Ім час, быў блізка каля Яго. Ён марыць пра цябе і пра мяне. Яго ўлюбёныя словы: «Не бойся», «Спакой вам». Яго голас — «шум вялікіх водаў» (Эзх 43, 2). Пачуўшы яго, ты зразумееш, што гэта Ён гаворыць, і не ўпадзеш ніцма ад страху, а адчуеш, што табе добра і пажадаеш быць з Ім заўсёды, таму што Бог — гэта любоў (гл. 1 Ян 4, 8). 

Айцец Тамаш Міка OP 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней