Пад крыжам з Марыяй

Езусу ў Яго муцы спадарожнічала Маці, якая цярпела разам з Ім. Марыя стойка крочыла за Ім на Галготу, поўная высакароднасці і гераізму. Яна з мацярынскаю любоўю ішла за Езусам да канца, яднаючы сваю ахвяру з ахвяраю Сына.

Святы Максімільян Кольбэ заклікае нас, каб мы «раскайваліся ў сваіх грахах, раскайваліся, што так абражалі Бога». Cв. Максімільян заахвочвае: «Мы, рыцары Беззаганнай, павінны (па мажлівасці) пражыць гэты святы пост у аскезе, таму што аскеза — гэта вялікая сіла, якая разам з малітваю здабывае ласкі Божыя, ачышчае душы, запальвае іх любоўю да Бога і бліжніх і праз Беззаганную вядзе душы да Бога».

Сапраўды, як вучыць нас Другі Ватыканскі Сабор, «Марыя непарыўна звязана са збаўчаю справаю свайго Сына».

У вялікапосны перыяд рымская літургія амаль не гаворыць пра Маці Божую, але Яе прысутнасць у муцы Хрыста пастаянна адчуваецца. Нават у сціплым маўчанні Марыі праяўляецца Яе ўзорны для Касцёла характар. Яна  скіроўваецца да Пасхі праз пакорнае шуканне волі Божай, у вялікай пілігрымцы веры.

Прысутнасць Маці Божай вернікі ўшаноўваюць у пазалітургічных набажэнствах, якія нам прапануе Касцёл на Вялікі пост: у Ружанцы, асабліва другой яго частцы — балеснай; у Крыжовым шляху і Песнях жальбы. Беручы ўдзел у гэтых набажэнствах, стараймася, каб у нас абуджаліся такія ж пачуцці, якія давялося перажыць Ёй, калі Яна ішла са сваім Сынам на Галготу, калі стаяла пад крыжам, перажывала муку і смерць Езуса. Давайце аказваць Ёй шчырае спачуванне, бачачы, як меч пакуты і болю, прадказаны Сімяонам (Лк 2, 35) пранізвае Яе мацярынскае Сэрца.

Будзем прасіць Маці Божую, каб і мы маглі любоўю адказаць Езусу на любоў: «Учыні, каб сэрца маё палымнела, каб радасцю ўсяго жыцця стаў для мяне Хрыстус Бог». Умоваю ж сапраўднай любові з’яўляецца споведзь і святая Камунія.

Св. Максімільян нагадвае нам: «Пан Езус праз сваю смерць і ўваскрасенне адрадзіў свет з граху. І мы павінны адрадзіць з граху не толькі ўласную душу, але многія іншыя душы». Мы мусім узненавідзець грэх як абразу Пана Бога і прычыну мукі Пана Езуса, і гэтае перакананне стараймася таксама прышчапіць іншым. Часта здараецца, што хтосьці не адважваецца выканаць касцёльнага наказу — штогадовай споведзі і прыняцця святой Камуніі ў перыяд Вялікага посту. Такому чалавеку а. Кольбэ раіць звярнуцца да Маці Божай, якая дадасць яму адвагі, давядзе да канфесіянала і стала Пана. Св. Максімільян запэўнівае: «Нават калі хтосьці мае няшчасце духоўна памерці, нават калі шатан гаворыць яму, што той ніколі не паўстане з мёртвых, — дастаткова, каб гэты чалавек шчыра звярнуўся да Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў — Беззаганнай, і атрымае ласку ўваскрашэння», бо «хто як мага болей да Яе наблізіцца, той шчодра зачарпне з ласкаў ахвярнай любові Бога, Які менавіта з любові да нас пайшоў аж на крыж».


Паводле а. Ежы Даманьскага OFM Conv

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней