У хрысціянскіх і нават свецкіх масмедыя апошнім часам вельмі шмат увагі прысвячаецца тэме кананізацыі двух Папаў Рымскіх — Яна XXIII і Яна Паўла ІІ. Гэты радасны дзень ужо неўзабаве настане... Аднак што азначае гэтая кананізацыя для кожнага з нас асабіста? Чаму для нас гэта з’яўляецца вялікаю радасцю? А можа, гэта ніяк не датычыцца жыцця кожнага з нас у прыватнасці? Такіх пытанняў нельга баяцца — іх трэба асэнсаваць, каб прыняць кананізацыю не проста як факт, а як падзею, што ўплывае на нашае жыццё.
Чытачам часопіса «Ave Maria» ў гэтым асэнсаванні дапаможа артыкул а. Рамана Шульца ОР «Для чаго патрэбная кананізацыя?» «Святых вельмі шмат, а Касцёл беатыфікуе і кананізуе новых», — айцец дамінінканін адштурхоўваецца ад гэтага факта і далей вучыць нас карыстацца духоўнаю скарбніцаю, якую святыя пакінулі Касцёлу.
Гэтая тэма лагічна працягваецца і развіваецца ў матэрыяле кс. Андрэя Рылкі «Што значыць „быць святым“?». Аўтар артыкула глыбока разважае над двума аспектамі святасці — рэлігійным (інтэнсіўны і асабісты кантакт з Богам) і маральным (свабода ад зла і граху). Аказваецца, мы часам нават не задумваемся, што успрымаем святасць аднабока і вузка.
«Святасць з усмешкаю» — так называецца матэрыял, падрыхтаваны Інай Ламакай, у якім распавядаецца пра гумарыстычныя моманты з жыцця Яна Паўла ІІ. Гэтыя дасціпныя гісторыі вучаць нас з усмешкаю ўспрымаць не толькі радасць, але таксама выпрабаванні, цярпенне і смутак.
У новым нумары часопіса чытайце таксама працяг перакладу «Дзённіка» святой сястры Фаўстыны Кавальскай (перакладчык — Крыстына Лялько), новыя матэрыялы ў рубрыцы «Моладзевы квартал», а таксама шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы.
Рэд.