Прасіць са слязьмі

Пятая нядзеля Вялікага посту, год А (06.04.2014)

«Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы. Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: “Пане, той, каго Ты любіш, хворы”.

Пачуўшы гэта, Езус сказаў: “Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да сла-вы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе”. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: “Пойдзем зноў у Юдэю”. Вучні ж сказалі Яму: “Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?” Езус адказаў: “Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету. А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла”. Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: “Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго”. Вучні Яго сказалі: “Пане, калі заснуў, то выздаравее”. Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон. Тады Езус проста сказаў ім: “Лазар памёр. І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго”. Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: “Пойдзем і мы, каб памерці разам з ім!”

Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: “Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе”. Езус сказаў ёй: “Уваскрэсне брат твой”. Марта сказала Яму: “Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень”. Езус сказаў ёй: “Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?” Яна адказала Яму: “Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет”.

Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: “Настаўнік тут, Ён кліча цябе”. Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: “Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!” Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся ды сказаў: “Дзе вы паклалі яго?” І адказалі: “Пане, ідзі і паглядзі”. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: “Глядзі, як Ён любіў яго!” А некаторыя з іх сказалі: “Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?”

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: “Адсуньце камень!” Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: “Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!” Езус сказаў ёй: “Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?” Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне”. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: “Лазар, выйдзі вонкі!” І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: “Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць”. Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго» (Ян 11, 1–45).

 

Прасіць са слязьмі

Езус заплакаў. Гэта вельмі ўзрушае — плачучы Бог. Я памятаю адзін абраз, на якім быў намаляваны Езус на крыжы, а па Яго шчаках цяклі слёзы. І гэтыя слёзы кажуць не менш, чым Кроў, якая сочыцца з-пад цярновай кароны. Слёзы Пана Езуса, які плача над Ерузалемам, што «не распазнаў часу, калі будзе наведаны», і слёзы, якія Ён ліе пры труне Лазара, і іншыя слёзы, пра якія напісана ў Евангеллі, былі своеасаблівай малітвай да Бога Айца. Малітва, якая крыецца ў слязах — гэта вельмі моцная малітва, яна выцякае з глыбіні сэрца, яна не патрабуе словаў. 

У сённяшнім евангельскім чытанні дзівіць тое, што мы з’яўляемся сведкамі таго, як Бог Айцец выслухаў малітву свайго Сына, бо Ён «заўжды яе слухаў». Упэўненасць у тым, што Айцец заўжды выслухае Сына — вельмі важная навука для нас. Бацькі, якія сапраўды любяць дзяцей, уважліва выслухоўваюць іх. Выслухоўваюць і ўслухоўваюцца ў глыбіню іх сэрцаў, адначасова імкнучыся распазнаць, ці датычыць усліканне дзіцяці аб’ектыўнай патрэбы, ці гэта толькі капрыз або просьба, выкананне якой не прынясе дзіцяці дабра. Так і Бог сапраўды выслухоўвае тых з нас, хто звяртаецца да Яго. Аднак здараецца, што Яго дабрыня, якая з’яўляецца яшчэ і мудраю, выслухаўшы нашую просьбу і нават убачыўшы нашыя шчырыя слёзы, не спраўджвае нашых чаканняў. Часам гэта бываюць вельмі цяжкія моманты нават для нас, вернікаў. Тым больш цяжка перажываць гэтыя хвіліны людзям, чыя вера яшчэ кволая. Здараецца, што чалавек перастае давяраць Богу і адварочваецца ад Яго і ад Касцёла, калі Бог не выконвае яго просьбу, за якой часта стаяць слёзы. Як жа важна, каб у такія імгненні мы памяталі пра малітву Езуса ў Садзе Аліўным. Паводле чалавечага меркавання Бог Айцец, які выслухаў Яго просьбу, не выканаў яе. Яго ўлюбёны Сын маліўся, каб Айцец адхіліў ад Яго келіх пакутаў і смерці на крыжы. Але ў гэтай малітве важныя словы «але няхай станецца не Мая, а Твая воля». Таму, што тычыцца таго, як Бог Айцец выслухоўвае нашыя словы, просьбы, патрэбы, сэрца і слёзы кожнага з нас, мы можам быць цвёрда ўпэўненыя, што Ён слухае іх і любіць нас так, як любіць свайго Адзінароднага Сына Езуса. 

Ці гэта магчыма? Калісьці адзін з маіх братоў па ордэне ў цудоўным натхненні сказаў: «Бог Айцец яго любіць так сама, як Сына Божага». Тады я здзівіўся, думаючы, што казаць так і нават думаць — гэта блюзнерства. Аднак аказваецца, што мой брат не памыляўся. Трэба заўжды нагадваць самім сабе, што Бог — гэта любоў, і Ён любіць нас адзінаю сваёю любоўю. Гэта любоў Божая не меншае і не большае, яна заўжды з’яўляецца аднолькавым прагненнем сапраўднага дабра для кожнага стварэння. Зразумела, што адносіны ў Святой Тройцы непаўторныя і адзіныя ў сваім шэрагу, і вельмі натуральныя. Але супольнасць Святой Тройцы адкрытая стварэнням, якія прымаюць удзел у Яе любові. Менавіта гэтая Божая любоў да кожнага чалавека з’яўляецца паўнатою, дасканаласцю і бескарыслівым дарам. Таксама трэба згадаць чалавечую натуру Езуса Хрыста, якая нічым не адрозніваецца ад нашай, апроч граху. Як Айцец любіў Езуса, так Ён любіць і нас, людзей. Мы, грэшнікі, настолькі гатовыя прыняць гэтую любоў, наколькі не ставім ёй перашкодаў. У сваёй чалавечай натуры Пан Езус і Марыя праз ласку цалкам прынялі яе. 

Вяртаючыся да сцэны ўваскрашэння Лазара, можна ўбачыць што ў ёй спаўняецца абяцанне, пра якое мы чытаем у кнізе прарока Езэхіэля ў сённяшняй Літургіі Слова: «выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых». Гэта можна зразумець даслоўна, бо Езус уваскрасіў Лазара. Але «вывесці з магілаў» мае яшчэ і іншы сэнс. Самай страшнай і цёмная магілай з’яўляецца магіла цяжкага граху, які вядзе да духоўнай смерці чалавека. Менавіта грэх — тая перашкода, якую можа прыбраць толькі Бога, калі мы згодзімся на гэта і ў слязах папросім Яго (дай нам, Пане, слёзы скрухі!). І толькі Ён пры ўмове нашага супрацоўніцтва, можа стварыць у нас «месца», дзе паселіць сваю любоў, тую любоў, якою ёсць Дух Святы, якой мы можам любіць Бога і бліжніх. 

Таму, калі нехта жыве ў цяжкім граху, няхай просіць Бога вывесці яго з магілы смерці. Пры гэтым варта падумаць пра добрую падрыхтоўку і споведзь да Вялікага Пасхальнага Трыдуума. Няхай Божая ласка запануе і ў сэрцах тых, хто жыве ў стане асвячальнай ласкі (без свядома ўчыненага цяжкога граху), каб таксама і яны (я і ты) мелі адвагу са слязамі прасіць Бога аб ласцы навяртання для сябе. Лазар наўрад ці быў вялікім грэшнікам, але тое, як Пан Бог вывеў яго з магілы, нагадвае пра Ягоныя словы, што не праведнікам патрэбны лекар, а грэшнікам. Бо кожны з нас з’яўляецца грэшнікам, якому трэба са слязамі прасіць у Бога ласкі навяртання, каб Ён вывеў нас з магілы занядбанняў або недахопу любові да бліжніх, ад дрэнных схільнасцяў, заганаў і лёгкіх грахоў. Такую просьбу Бог заўжды выслухае. 

Таму просім: Пане Езус, Ты, які аплакваў смерць Лазара, прашу Цябе, заплач таксама і нада мною і навярні мяне з маіх заганаў і недахопаў. Я веру, што Твой і наш Нябесны Айцец, як і заўжды, выслухае Тваю просьбу і Твае слёзы. 

Айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней