Даваць дзецям добры прыклад — абавязак бацькоў. У гэтым бывае вельмі шмат занядбанняў. Сумна, што дзеці часта вырастаюць у маральнай цемры, але дрэнны прыклад бацькоў таксама памнажае шмат зла. Калі некаторыя дзеці хочуць збавіцца, то мусяць ісці да гэтай мэты шляхам, які цалкам адрозніваецца ад шляху іх бацькоў.
Скажаце мне, што не даеце дзецям дрэннага прыкладу. Расплюшчыце на хвіліну вочы і прыглядзіцеся да сваіх учынкаў. Скажы мне, бацька, ці не прапускаеш ты велікоднай споведзі, ці ўвогуле прыступаеш да трыбуналу пакаяння? Ты вельмі добра ведаеш, што гэтае занядбанне — смяротны грэх, і калі ты з ім памрэш, то пойдзеш на асуджэнне. Калі дзеці будуць наследаваць табе, то таксама не прыступяць да святых сакрамэнтаў у велікодны час і, ідучы па тваіх слядах, пойдуць на асуджэнне. Ці не працуеш ты цяжка ў нядзелю, ці не парушаеш посту? Дзеці гэта бачаць і, калі захочуць наследаваць табе, то да чаго яны прыйдуць? Часта ты ішоў адпачываць, не зрабіўшы на сабе нават знаку святога крыжа, быццам ты неразумная жывёліна. Калі дзеці будуць раўняцца на твой прыклад, мы ўвогуле не ўбачым у іх жыцці рэлігійных практыкаў. А як часта яны чуюць з тваіх вуснаў брудныя і непрыстойныя словы, якія атручваюць іх бедныя душы? Ці не з’яўляецца тваё сужэнскае жыццё часта згаршэннем для іх?
Скажаш мне, што дакараеш дзяцей за дрэнныя словы і наказваеш маўчаць? Павучэнні нічога не дадуць, дзеці не паслухаюць, бо ты сам дрэнна робіш. Можа, яны не адважацца гэтага сказаць, але, несумненна, падумаюць у душы: «Доктар, вылечы спачатку самога сябе»; бацька, выпраўся спачатку сам, а потым падумаеш пра нашае выпраўленне.
Адна маці старалася добра выхоўваць сваё дзіця. Аднак бацька, які быў няверуючым, псаваў усё, што зрабіла маці. Аднойчы дзіця не хацела гаварыць пацеры, і, калі ўбачыла бацьку, што праходзіў побач, кінулася яму на шыю і сказала: «Ці праўда, тата, што, калі я вырасту і буду такім, як ты, то ўвогуле не буду маліцца?» З гэтага вы бачыце, што вашыя пабуджэнні нічым не дапамогуць, калі вы не дасце дзецям добрага прыкладу.
Павучаеце іх, каб не кляліся, бо гэта засмучае Пана Бога? А ці не робіце гэтак самі? Крытыкуеце дзіця, калі яно дрэнна выказваецца пра бліжняга? А самі вы ці звяртаеце ўвагу на свае словы? Напрыклад, бацька кажа дзіцяці: «Сыне, будзь добрым, ветлівым да ўсіх і цярплівым». Прызнаю, што добра кажа. Але што падумае сын, калі пачуе, як бацька кожную хвіліну ўспыхвае гневам, сварыцца на жонку, бурчыць на дамачадцаў і суседзяў? Альбо, напрыклад, што дапаможа, калі вы перасцерагаеце дзіця перад шынкамі і п’янствам, а самі напіваецеся, вяртаецеся дадому нецвярозыя і злуецеся, як львы, на тых, хто адгаворвае вас ад зла? Нават калі вы будзеце старацца часта ўводзіць дзіцяці ў вушы, што помсціць нельга, яно таксама не паслухае, бо вы самі чыніце інакш. Прымаўка кажа, што словы ўзрушваюць, а прыклад прыцягвае. Дзеці будуць мудрымі і разважлівымі, калі бацька і маці пойдуць па шляху разважлівасці. Фальш і крывадушнасць — дакараць іншых за тое, што мы дапускаем самі. Няхай маці павучае дачку, каб яна нікім не пагарджала, не ганялася за зямнымі ўцехамі, але гэта нічога не дасць, калі яна сама будзе з выхваляннем распавядаць пра выхадкі сваёй маладосці. Ці не варта было б замест гэтага горка аплакваць гэтыя шаленствы мінулага і шчыра каяцца ў іх?
Добрыя бацькі добра выхоўваюць сваіх дзяцей і ўжо ў зямным жыцці атрымаюць за гэта ўзнагароду ад Бога.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: Sw. Jan Maria Vianney, Kazania, t. I, Sandomierz 2010, s. 197–198.