Іншыя багі. Якія яны? Ці можа так здарыцца, што мы ім пакланяемся сёння? Над гэтым актуальным пытаннем разважаюць айцец марыянін Віталь Даніловіч, дзеці з Жодзіна і Барысава. Першай запаведзі Дэкалогу прысвечаныя і «Загадкі з Бібліі», якія чытачы часопіса з задавальненнем адгадваюць. Апавяданне Ірыны Жарнасек «Гэта наша свята», старонкі сучасных скаўтаў прапануюць чытачам паразважаць над дабром і злом у нашым жыцці, грахом і пакорай, пакаяннем.
Як у сучасным свеце заставацца верным Хрысту, як размаўляць з Богам, каб твая малітва мела вынік, як можна ўпрыгожыць велікодны стол? Пра гэта таксама распавядаецца ў матэрыялах часопіса. Ягоныя чытачы ўбачаць чарговы раз у ім свае здымкі, малюнкі, допісы. А новая прыгода ксяндза Лявона можа прымусіць задумацца тых, хто спадзяецца толькі на сучасныя тэхналогіі ды ўласныя сілы.
Чытайце разам са сваімі дзецьмі «Маленькі рыцар Беззаганнай»! Адкрывайце для сябе і сваіх дзяцей свет дабра і любові!