Песах — Пераход

Вялікдзень, год А (20.04.2014)

Надышло прыгожае і доўгачаканае свята Вялікадня! Разам з айцом дамініканінам Тамашам Мікам OP разважаем пра тую Пасху — пераход, — якою з’яўляецца ўсё нашае жыццё.


Вялікдзень, год А
(20.04.2014)

«У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!” Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых» (Ян 20, 1–9).


Песах — Пераход

Пра што ты марыш? Пра любоў? Пра поўнае, безумоўнае прыманне? Марыш пра тое, каб нарэшце не трэба было хлусіць, падманваць, пляткарыць? Пра тое, каб не змагацца са сваімі слабасцямі і грахамі? Марыш пра супакой? Пра тое, каб не было палітыкі, падзелаў, войнаў? Пра тое, каб твайго сына не забралі ў войска, бо цяпер неспакойныя часы? Пра што ты марыш?

Адкуль у цябе бяруцца мары? Адкуль бяруцца прыгожыя прагненні? Мы былі створаныя ў раі. У сваім сэрцы мы носім успаміны і сум па прыгожым, поўным любові свеце. Мы прагнем вярнуцца дамоў, да Нябеснага Айца. Мы прагнем адчуць сябе любімымі найпрыгажэйшымі дочкамі, найлепшымі дарагімі сынамі.

Тое, дзе мы жывём цяпер — гэта Песах. Ты і я знаходзімся на шляху з раю да неба. Ты і я пераходзім праз жыццё. Нашае жыццё — гэта твая і мая Пасха.

Ніхто іншы не пройдзе шляхам майго жыцця, толькі я. Ніхто іншы не пройдзе праз тваё жыццё, толькі ты. Нікому іншаму Айцец не прапанаваў неба, толькі табе. Падумай, ці хочаш ты, каб нехта іншы жыў за цябе? Каб нехта іншы вырашаў за цябе? Каб нехта іншы думаў за цябе? Калі ты не зрушыш свайго жыцця, калі не пачнеш ісці, не пачнеш спаўняць свае мары, імкнуцца да неба, нічога не здарыцца, а жыццё пройдзе міма цябе. Неба пройдзе міма цябе. Не чакай жа, каб нехта першы працягнуў табе руку, першы патэлефанаваў або прыслаў sms з віншаваннем на свята. Хочаш любові — пачні любіць. Марыш пра прыманне — прымі сябе такім, які ты ёсць. Прагнеш праўды і чыстасці — не прымай удзелу ў падмане. Прагнеш прабачэння — пачні сам прабачаць.

Пасха — гэта твой і мой пераход праз жыццё. Не бойся, ты ідзеш не адзін. Першы пайшоў Хрыстус. Ён вядзе цябе і мяне праз жыццё да неба.

Айцец Тамаш Міка OP


Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней