Мы працягваем святкаваць актаву Пасхі і разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам OP разважаем над тым, як Хрыстус і пасля свайго Уваскрасення працягвае сведчыць Апосталам. Чаму ж мы, Яго паслядоўнікі, можам навучыцца, чытаючы радкі Евангелля, прысвечаныя Уваскросламу Хрысту?
Другая велікодная нядзеля, год А (27.04.2014)
«Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!” І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца”. Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: “Мы бачылі Пана!” Але ён сказаў ім: “Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу”. І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: “Спакой вам!” Потым сказаў Тамашу: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!” У адказ Тамаш сказаў Яму: “Пан мой і Бог мой!” Езус сказаў яму: “Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!” Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (Ян 20, 19–31).
Сведчанне Уваскрослага
Чытаючы ўрывак з Евангелля, прызначаны для літургіі ў апошні дзень актавы Пасхі — першую нядзелю пасля Вялікадня, — мы знаходзім аж некалькі важных момантаў, на якія абапіраецца вучэнне Каталіцкага Касцёла.
Па-першае, уваскрослы Езус праходзіць праз замкнёныя дзверы (святы Грыгорый, папа, з гэтай нагоды прыводзіць прыгожую паралель з цудоўным прыходам у свет Збаўцы, які пры гэтым не парушыў дзявоцтва Маці). Пра тое, што гэта не прывід і не галюцынацыя, якія б вельмі проста растлумачылі падобную з’яву, сведчыць магчымасць дакрануцца да ранаў Хрыста. Тых самых цялесных ранаў таго самага закатаванага Чалавека, які Божаю моцай ажыў для больш дасканалага жыцця ў іншай рэчаіснасці. Гэтым Ён паказвае нам, якімі стануць целы людзей, уваскрослых у апошні дзень: непадуладнымі абмежаванням матэрыі і залежнасці ад яе, перамененымі, але тым не менш рэальнымі.
Па-другое, практыка сакрамэнтальнай споведзі выплывае са словаў Уваскрослага: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца». Сам Бог у асобе Сына-Пераможцы граху і смерці пажадаў, каб чалавек не абмяжоўваўся ўнутранай скрухай за свае грахі. Дзякуючы паслузе іншых кампетэнтных людзей, надзеленых адпаведнай духоўнай уладай («Прыміце Духа Святога»), мы атрымліваем не толькі больш аб’ектыўную пэўнасць у адносінах да стану сваёй душы, але і рэальную звышнатуральную дапамогу, якая яднае нас з Айцом Нябесным.
Нарэшце, словы Езуса, звернутыя да Тамаша: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!», гавораць пра большую дасканаласць веры тых, хто не шукае для яе абгрунтавання або ўмацавання з дапамогаю нейкіх эфектных цудаў: аздараўленняў, надзвычайных здарэнняў ці спаўнення жаданняў. Вера, якой дастаткова аўтарытэту самога Бога, больш сталая. Яна не пахіснецца ў хвіліны няўдачаў і выпрабаванняў, а толькі ўмацуецца, бо Той, хто яе даў, сам першы прайшоў цярністы шлях, які вядзе да ўваскрасення...
Апошні дзень — ён жа і першы дзень. Канец і пачатак... Апошні дзень зямнога жыцця становіцца пачаткам вечнасці. Якой будзе яна для кожнага з нас? Ці будзем мы ў ёй ва ўсім падобнымі да Увасрослага? Гэта залежыць ад таго, наколькі верна тут і цяпер мы будзем выконваць Яго наказы, наколькі моцнаю будзе нашая вера і наколькі ўсур’ёз мы прымем сведчанне Таго, хто здзейсніў для нас пераход да вечнага жыцця.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP