Святая Джанна Берэтта Молла

На медалі, выбітым з нагоды беатыфікацыі Джанны, зроблены надпіс: «Цудоўная жанчына, якая любіла жыццё, маці, урач, прыклад прафесіянала, ахвяравала сваім жыццём, каб не парушыць таямніцу годнасці чалавечага жыцця».

Джанна Берэтта Молла прыйшла ў свет напрыканцы 1922 года недалёка ад Мілана, у шматдзетнай сям’і Альберта Берэтта і Марыі з роду Мікелі. Маці навучыла яе іграць на фартэпіяна і маляваць. Джанна цікавілася модаю, ездзіла на матацыкле, любіла лыжы і альпінізм. Некалькі разоў узыходзіла на Манблан... Яна была незвычайнаю жанчынаю!


Адданая Божай волі

У 16 гадоў Джанна пачала думаць пра місійную працу. У сваім нататніку яна запісала: «Езу, абяцаю Табе падпарадкавацца ўсяму, чаму Ты дазволіш адбыцца ў маім жыцці. Учыні, каб я добра распазнала Тваю волю». Яна дбала пра сваё развіццё, у тым ліку задумвала шматлікія духоўныя практыкаванні. Напрыклад, абяцала сабе, што пойдзе ў кіно толькі ў тым выпадку, калі ўпэўніцца, што ў фільме няма амаральных сцэнаў, што ён не ўводзіць у спакусу. Абяцала таксама, што будзе штодзённа маліцца «Вітай, Марыя» ў інтэнцыі добрай смерці.

Джанна ўдзельнічала ў працы «Каталіцкай Акцыі», выхоўваючы ў групе дзяўчат, якія знаходзіліся пад яе кіраўніцтвам, руплівасць у малітве і апостальстве. Пасля смерці бацькоў яна занялася вывучэннем медыцыны і атрымала дыплом хірурга і педыятра. З-за стану здароўя Джанна адмовілася ад апостальскай місіі ў Бразіліі, дзе служыў яе брат, і распачала працу па спецыяльнасці. Яна прысвячала сябе хворым, не пакідаючы надта шмат часу на асабістае жыццё. Жанчына на свой святы лад вызнавала прынцып «Capre diem!» («Жыві сённяшнім!», «Лаві момант!»). Яна старалася радасна праводзіць час, паўтараючы, што «мінулае трэба даверыць Божай міласэрнасці, а будучыню — Божаму Провіду».


Шчаслівая жонка і маці

У 1955 г. Джанна ўзяла шлюб з П’етра Молла, інжынерам-механікам, дырэктарам вялікай фабрыкі. Яна прагнула мець вялікую сям’ю, такую, у якой вырасла сама. У яе сэрца глыбока запалі парады спаведніка, які гаварыў, што свету вельмі патрэбныя добрыя маці. У сваім дзённіку жанчына запісала: «Я малюся, каб Пан Бог у хуткім часе падарыў мне шмат выхаваных і святых дзяцей». На працягу некалькіх гадоў яна нарадзіла іх трое. Кожныя роды былі для яе вельмі цяжкімі і моцна знясільвалі. Аднак яна была шчаслівая і ўдзячная Богу. Дбала пра духоўнае жыццё сваёй сям’і. Раніцаю хадзіла на святую Імшу, а вечарам на каленях малілася з мужам і дзецьмі. Як урач Джанна вучыла сваіх дзяцей, што пацыент — гэта не толькі цела, якое трэба вылечыць, але найперш адбітак церпячага Езуса Хрыста.


Перш за ўсё — жыццё дзіцяці

Праз шэсць гадоў шлюбу, знаходзячыся ў благаслаўлёным стане, Джанна даведалася, што яна вельмі хворая. Ёй паведамілі, што аперацыя можа выратаваць яе жыццё, але адначасова прынясе пагрозу для жыцця дзіцяці. Рашэнне маці-ўрача было смелым і абдуманым: «Прашу выратаваць дзіця любым коштам». Ніхто не ведаў, як гэта скончыцца. Раніцаю 21 красавіка 1962 года прыйшла ў свет Джанна Эмануэлла. На жаль, у хуткім часе адбыліся ўскладненні, перад якімі дактары былі бяссільныя. Маці памерла праз восем дзён пасля нараджэння жаданай дачушкі.

Джанна Берэтта Молла — апошняя па часе святая, вынесеная да алтара папам Янам Паўлам ІІ. Яе беатыфікацыя адбылася 24 красавіка 1994 г., а 16 мая 2004 г. яна была далучаная да ліку святых. Джанна павінна стаць асабліваю апякункаю для людзей нашага часу, калі, з аднаго боку, так шмат матуляў з вялікаю любоўю прысвячаюць сябе сям’і, а з другога — калі мы становімся сведкамі масавага забойства ненароджаных дзяцей.

Каміль Фалькоўскі
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: www.rodzina.opoka.org.pl

Малітвы праз заступніцтва св. Джанны Берэтта Молла можна знайсці тут >>>

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней