Адзін з найважнейшых скарбаў, які мы можам пакінуць у спадчыну сваім дзецям, — гэта вера. Яна здольная ўзброіць іх духоўна на ўсіх зямных шляхах, па якіх дзеці, пасталеўшы, у пэўны час пойдуць самастойна. На жаль, мы не можам прадбачыць, што чакае дзяцей на гэтых шляхах, і не зможам заўсёды быць побач з імі. Таму вельмі важна даць ім такое духоўнае апірышча, якое дапамагло б не згубіцца ў лабірынтах гэтага свету, асвятляла б іх шлях падчас выпрабаванняў і заўсёды паказвала доўгачаканае «святло ў канцы тунэля».
Навучыць дзяцей веры — значыць навучыць іх кантактаваць з Богам. З дзяцінства прызвычаіўшыся да шчырай малітвы і спазнаўшы яе вынікі на ўласным вопыце, верагодней за ўсё, дзіця не пакіне яе і ў дарослым жыцці, тым больш, калі будзе бачыць станоўчы прыклад бацькоў.
Добрым дапаможнікам у гэтай справе для дзяцей будзе малітоўнік «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» («Pro Christo», 2014). Нездарма за аснову назвы гэтае кнігі ўзятыя словы аднаго з благаслаўленняў Езуса, прамоўленых падчас Казання на гары. Сэрца дзіцяці — чыстае ў сваім духоўным харастве. Аднак нельга пагадзіцца з тымі, хто з жадання растлумачыць гэтую алегорыю параўноўвае дзіцячае сэрца з «чыстым лістом паперы», на якім дарослыя могуць напісаць што заўгодна. У такім сэнсе «чыстае» азначала б «пакуль не запоўненае», іншымі словамі, «пустое». Сэрца дзіцяці — нібы белая кашулька, адзетая на душу, яшчэ не заплямленая, такая, якой яе задумаў Створца, Пан Бог. Нашая ж задача — не напісаць на ёй свой «тэкст», а захаваць такой жа чыстаю і прыгожаю. У сэрца дзіцяці, як і кожнага дарослага чалавека, упісаны Божы закон. І хоць дзіця яшчэ не ўсведамляе яго розумам, але яно ўжо адчувае сэрцам. Таму сэрца дзіцяці ў сваёй прыроджанай боскай чысціні дапытлівае і цікаўнае да ўсяго, што бачыць у свеце. Яно ставіць найважнейшыя пытанні пра дабро і зло, пра любоў і нянавісць, пра справядлівасць і міласэрнасць. Якія адказы атрымае дзіця ў гэтым інтэнсіўным духоўным пошуку? Змест малітоўніка «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» пабудаваны такім чынам, каб прапанаваныя ў ім малітвы, сабраныя ў тэматычныя раздзелы, скіроўвалі дзіця да Бога Айца — Першакрыніцы ўсяго, да Езуса Хрыста — нашага Збаўцы з грахоўнай няволі, і Духа Святога — Асвячальніка нашых жыццёвых шляхоў і Суцяшальніка ў непазбежных малых і вялікіх выпрабаваннях.
Пачынаючы з вывучэння кароткага катэхізіса і асноўных малітваў, з дапамогаю гэтае кнігі дзіця навучыцца размаўляць з Богам пра сваіх блізкіх, узносіць малітвы за бацькоў, братоў і сясцёр (раздзел «Тых, каго я люблю ўсёй душой, падтрымаю малітвай сваёй»), знаходзіць прыклады святасці сярод сваіх равеснікаў і таксама імкнуцца да яе (у раздзел «Заступнікі нябеснаю дарогай вядуць нас па зямлі да Пана Бога» ўключаныя малітвы праз заступніцтва святых і благаслаўлёных, якія адышлі да Бога ў вельмі раннім узросце, але за сваё кароткае жыццё змаглі наблізіцца да Яго; акрамя таго, перад тэкстам малітвы да заступніка ў малітоўніку пададзены кароткія звесткі пра яго жыццё). Дзіця зможа вучыцца ўважліва паводзіць сябе на святой Імшы і разумець сэнс асноўных момантаў Эўхарыстыі (раздзел «Прагнуць нашыя шчырыя сэрцы ў Эўхарыстыі з Богам сустрэцца»). У кнізе дзіця знойдзе асноўныя малітвы, звязаныя з прыняццем святых сакрамэнтаў, і парады, якія дапамогуць найлепш падрыхтавацца да іх, напрыклад, схему рахунку сумлення і парадак святой споведзі (раздзел «З бачнага знаку святога льюцца нябачныя міласці Бога»). Праз малітвы на розныя ўрачыстасці і святы літургічнага года, а таксама праз удзел у розных набажэнствах маленькія вернікі навучацца звязваць рытм свайго духоўнага жыцця з асноўнымі евангельскімі падзеямі (раздзелы «Сустракаем дружна святы, запрашаем Бога ў хату!», «З кветак-малітваў плятуцца вянкі, з доўгіх літаній плывуць ручайкі»).
У кнізе дзіцячых апавяданняў «Ад вуха да вуха, або Пра ўсмешку і радасць») кс. Ян Твардоўскі казаў: «Добра моліцца той, хто пасля прамоўленых пацераў становіцца лепшым». Хочацца верыць, што малітоўнік «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» дапаможа дзеткам не проста стаць лепшымі, але і захаваць чысціню сваіх добрых сэрцаў.
Ганна Шаўчэнка