«Бо так палюбіў Бог свет…»

Свята Узвышэння святога Крыжа
Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, год А (14.09.2014)

«Езус сказаў Нікадэму: Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы. І як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 13–17).

«Бо так палюбіў Бог свет…»

Свята Узвышэння святога крыжа. Мы глядзім на Хрыстовы крыж, і што бачым? Існуе вялікая спакуса або від духоўнай звычкі перадусім звяртаць увагу на свае грахі, за якія быў вымушаны пакутаваць Хрыстус. Аднак, бачачы толькі іх, мы не заўважым найважнейшага: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Крыж Хрыста — гэта не знак маіх грахоў. Крыж Хрыста — знак любові, Божае прызнанне ў любові да мяне! У гэтым бачна, чым з’яўляецца Збаўленне. Гэта не лекі, не ачышчэнне ад хваробы душы і цела. Збаўленне — гэта будаванне адносінаў любові з Богам. 

Аднак часта вымову выслухаць прасцей, чым прызнанне ў любові. Чуючы ў свой адрас вымову, можна і далей заставацца засяроджаным на сабе, можна злавацца, абражацца або думаць, як выправіцца. Прызнанне ў любові заўжды заклікае выйсці па-за межы сябе самога. Хаця б для таго, каб сказаць: «А я цябе не кахаю».

Сёння паспрабуем у першую чаргу пачуць, як Бог прызнаецца нам у любові. А я ў стане адказаць на яе? Можа мне няёмка, і я баюся сур’ёзна паставіцца да гэтага? У рэшце рэшт, я прыходжу за аздараўленнем, а не за любоўю. Можа, мяне хапае толькі на малітву: Пане, я яшчэ не ўмею прыняць Тваёй любові, пашыр маё сэрца і ачысці яго, каб я прагнуў таго, у чым ёсць Ты. Дай мне веру, каб я ўбачыў, што Ты — ва ўсім, што робіць мяне шчаслівым, Ты — ва ўсім, што я сапраўды люблю.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней