Пра зборнік «Воля Божая — асвячэнне вашае. Салезіянскія набажэнствы і малітвы» («Pro Christo», 2014)
Малітоўнік «Воля Божая — асвячэнне вашае» выдадзены па ініцыятыве Місіі «Таварыства св. Францішка Сальскага» (Салезіяне ў Беларусі). У яго ўвайшлі набажэнствы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, да Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, малітвы, навэнны і літаніі да св. Юзафа, св. Яна Боска, св. Францішка Сальскага, св. Марыі Даменікі Мадзарэлла, св. Дамініка Савіа і шматлікіх іншых салезіянскіх святых і благаслаўлёных.
«Той, хто моліцца, абавязкова пераможа кожную спакусу, нават наймацнейшую. Той, хто не моліцца, знаходзіцца ў небяспецы падзення», — навучаў св. Ян Боска сваіх выхаванцаў у салезіянскім араторыі. Мы павінны ўспамінаць пра гэтую ісціну кожны раз, калі штодзённая мітусня і бясконцыя тэрміновыя справы пачнуць паглынаць нас настолькі, што ўжо не будзе хапаць духоўных і фізічных сілаў, каб стаць увечары на малітве перад Богам. Заснавальнік «Таварыства святога Францішка Сальскага» не толькі нагадваў пра неабходнасць размовы з Богам, але і сам складаў тэксты малітваў, навэннаў і іншых набажэнстваў. Цяпер і мы, беларусы, можам чэрпаць са скарбніцы малітоўнай спадчыны св. Яна Боска і вучыцца ад яго шчырай малітве. Дастаткова зазірнуць у кнігу «Воля Божая — асвячэнне вашае. Салезіянскія набажэнствы і малітвы», якая выйшла ў верасні гэтага года ў выдавецтве «Pro Christo».
У малітоўнік увайшлі і старадаўнія тэксты каталіцкіх набажэнстваў, якімі Касцёл карыстаецца ўжо шмат стагоддзяў, і новыя, раней невядомыя малітвы, што ўзніклі як адказ на патрэбы сучасных хрысціянаў і выклікі нашага часу. Складальнікам некаторых малітоўных тэкстаў з’яўляецца св. Ян Боска. Многія з набажэнстваў, якія ўвайшлі ў зборнік, актыўна выкарыстоўваюцца ў парафіях ксяндзоў салезіянаў і ўпершыню публікуюцца на беларускай мове.
«Салезіянская сям’я прапануе сваю духоўнасць, свой асаблівы шлях дасягнення святасці ў жыцці. Фундамент гэтай духоўнасці грунтуецца на перажыванні свайго жыцця ў духу святой радасці, якая вынікае з адчування добра выкананых абавязкаў і з чыстага сумлення. Заснавальнік ордэна салезіянаў, св. Ян Боско выходзіў з прапановаю гэтага шляху насустрач маладым людзям, асабліва пакінутым, занядбаным духоўна, людзям, якія страцілі сэнс жыцця», — напісаў ва ўступе да малітоўніка кс. Віктар Гайдукевіч SDB. І сапраўды, набажэнствы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, да Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, малітвы, навэнны і літаніі да св. Юзафа, св. Яна Боска, св. Францішка Сальскага, св. Марыі Даменікі Мадзарэлла, св. Дамініка Савіа і шматлікіх іншых салезіянскіх святых і благаслаўлёных — усё гэта з’яўляецца крыніцаю духоўнай падтрымкі для кожнага хрысціяніна, які шукае выйсця са складанай жыццёвай сітуацыі, жадае выпрасіць у Пана Бога пэўную ласку, шукае шляхоў дасягнення святасці або проста хоча ўзнесці хвалу і падзяку Нябеснаму Айцу за шматлікія дары і ласкі.
Спадзяемся, што гэты малітоўнік для кожнага карыстальніка стане моцнаю духоўнаю зброяй у змаганні са спакусамі, дапаможа выстаяць у цяжкасцях і выпрабаваннях і распазнаць свой шлях святасці ў жыцці.
Ганна Шаўчэнка